Шыкоўны помнік драўлянага дойлідства патынкавалі, у вокны ўставілі шклопакеты, на даху з’явіліся купалы-цыбуліны, уваход нарасцілі з выкарыстаннем сілікатных блокаў.

Царква да рамонту. Фота А. Дыбоўскага.

Царква пасля еўрарамонту. Фота globus.tut.by.

Крыжаўзвіжанская царква ў вёсцы Гошчава занесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Гэтая ладная, прысадзістая, але дзівосна гарманічная цэркаўка была збудаваная ў 1838 годзе. Бачыла войны, бачыла саветы. Выстаяла. Сёлета царкву вырашылі адрамантаваць. Добрая задума — немалады ж будынак. Але што за рамонт робяць з далікатным старым дрэвам?

Помнік драўлянага дойлідства патынкавалі. У вокны ўставілі шклопакеты. На даху з’явіліся купалы-цыбуліны ў маскоўскім стылі. Больш за тое, адзін купал паўстаў там, дзе яго не было. Тамбур нарасцілі з выкарыстаннем сілікатных блокаў. А ад порціка з падвойнымі фігурнымі калонамі, што так густоўна вылучаў галоўны ўваход, не засталося і следу. Што і гаварыць пра такую драбніцу як паўцыркульныя вокны з разнымі ліштвамі, дзякуючы якім царква нібы жывая пазірала на кожнага, хто падыходзіў да яе з фасаду. Далоў і іх.

У ходзе рамонту «непапраўна змяняецца яе знешні выгляд, канструкцыі, мастацка-архітэктурнае аздабленне, што з’яўляецца парушэннем арт. 27; 28; 29; 32; 33; 36; 37; 45 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» ад 9 студзеня 2006 г.» — піша ў звароце да Міністэрства культуры старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён адзначае, што «практыка несанкцыянаваных працаў на гісторыка-культурных каштоўнасцях, змянення іх канструкцый і выгляду, у некаторых выпадках знішчэнне помнікаў, на жаль, яшчэ сустракаецца ў Беларусі».

Спадар Астаповіч лічыць, што «перашкодзіць гэтаму павінна жорсткая пазіцыя Міністэрства культуры».

З адпаведным зваротам А. Астаповіч звярнуўся таксама ў пракуратуру Івацэвіцкага раёну.

Таварыства аховы помнікаў хадайнічае пра завядзенне крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 344 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных аб’ектаў, якім можа быць прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці) ў адносінах да ўласніка гісторыка-культурнай каштоўнасці, заказчыка і падрадчыка нерэгламентаваных рамонтных прац на дадзеным аб’екце, і паводле арт. 428 (Службовая халатнасць) у дачыненні да ўпаўнаважаных супрацоўнікаў выканаўчай улады ў галіне кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

* * *

Ва Ўпраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры заявілі, што праект рэканструкцыі царквы ў Гошчаве не ўзгадняўся з Мінкультуры.

У Стайкаўскім сельсавеце, да якога належыць вёска Гошчава, ад каментароў адмовіліся, параіўшы звяртацца наўпрост да святара айца Аляксандра. Але адшукаць яго не ўдалося. «Цяжка нешта на гэтую тэму каментаваць», — кажа галоўны архітэктар Івацэвіцкага раёна Святлана Грушык. Па яе словах а. Аляксандр робіць рамонт самастойна. Знайшоў сабе спонсара, прыватную асобу, які яму і дапамагае». На пытанне, ці ўзгадняліся гэтыя працы з ёй, як з галоўным архітэктарам раёну, быў адмоўны адказ.

Сямён Печанко