Схема палёту місіі Dart. Крыніца: nasa.gov.
Нашу планету пастаянна бамбардыруюць астэроіды, але ж звычайна яны вельмі маленькія. Такія аб’екты згараюць у атмасферы або разломваюцца на часткі да таго моманту, як дасягнуць зямной паверхні. Аднак здараецца, што вялікія астэроіды ўсё ж наносяць шкоду Зямлі і яе жыхарам, піша Guardian.
Напрыклад, навукоўцы лічаць, што менавіта сутыкненне планеты з астэроідам магло выклікаць выміранне дыназаўраў 66 мільёнаў гадоў таму. Меркавана, праз такое сутыкненне ў атмасферу трапіла вельмі шмат пылу і рэшткаў астэроіда. У выніку сонечныя прамяні перасталі трапляць на зямную паверхню, што прывяло да парушэння ланцугоў харчавання і, адпаведна, да таго, што дыназаўрам проста не было чаго есці.
Калі-небудзь аналагічны астэроід можа выклікаць канец света і для чалавецтва. Таму так важна знайсці спосаб перадухіліць яго сутыкненне з планетай. Адзін з варыянтаў гэта зрабіць — змяніць траекторыю астэроіда шляхам кантраляванага сутыкнення яго з касмічным апаратам.
Цяперашняя місія Dart, якую НАСА і будзе выпрабоўваць у сераду, пакажа, ці з’яўляецца такое сутыкненне рэалістычным варыянтам перадухіліць Армагеддон. Навукоўцы жадаюць пабачыць, ці можа касмічны апарат аўтаномна накіравацца да вызначанага астэроіда і наўмысна ўрэзацца ў яго. Таксама ў НАСА жадаюць пабачыць, наколькі зменіцца арбіта астэроіда пасля сутыкнення.
Мэта апарата місіі Dart — сістэма астэроідаў Дзідзім, якая цяпер не нясе шкоды для Зямлі. Калі місія будзе паспяховай, гэта дакажа, што ўжо сёння чалавецтва мае тэхнічныя здольнасці абараніць сябе ад сутыкнення з астэроідам.