«Па логіцы камісіі, сем’і, якія жывуць на дзіцячыя 495 рублёў, павінны цалкам плаціць камуналку»

«У нашай сям’і тры чалавекі — мы з жонкай і дзіця, якому яшчэ няма і трох гадоў, — расказвае Ігар з Мінска. — Я больш за паўгода не магу знайсці працу, жонка выхоўвае маленькае дзіця. Нядаўна мы атрымалі жыроўку за кастрычнік. І па ёй нам давядзецца заплаціць 120 рублёў, у той час, як у верасні жыроўка пацягнула ўсяго на 60 рублёў».

Палова з гэтай сумы — каля 69 рублёў — гэта рахунак за ацяпленне і электрычнасць па павышаным тарыфе. І гэта пры тым, што па павышаным тарыфе плаціцца не за усю плошчу, а прапарцыянальна метрам, што займае Ігар. Агульная плошча кватэры сям’і — крыху больш за 61 «квадрат».

Ігар адзначае: для іх сям’і «дармаедскі тарыф» за камуналку быў нечаканасцю.

«Жонка ў дэкрэце, да гэтага працавала. Я быў уключаны ў базу «дармаедаў», — удакладняе cуразмоўца. — Мы звярнуліся да камісіі, каб мяне выключылі з базы на падставе таго, што мы выхоўваем дзіця, якому яшчэ не споўнілася сем гадоў. Але па тэлефоне, а потым яшчэ і пры асабістай размове нам катэгарычна адмовілі».

Прысутнічаць на пасяджэнні камісіі, напісаць заяву або здзейсніць якія-небудзь іншыя дзеянні для афармлення звароту сям’і не прапанавалі.

«Наш зварот пакуль ніяк не зафіксаваны, механізм далейшай камунікацыі застаўся незразумелы, — працягвае мужчына. — Пасля па тэлефоне размаўлялі з чыноўніцай з Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне узроўнем вышэй. Але яна спаслалася на нарады, на якіх ім нібыта тлумачылі, як вырашаць спрэчкі ў падобных выпадках.

З яе слоў, афіцыйна дзіця выхоўвае маці, бо дэкрэтны адпачынак аформлены на яе. Бацька ж, які ў гэты час не працуе, у эканоміцы не заняты. То-бок па логіцы членаў камісіі атрымліваецца, што сем’і, у якіх адзінай крыніцай даходу з’яўляецца дапамога на дзіця ў 495 рублёў, павінны цалкам плаціць камуналку. І нікога не хвалюе, як гэтая сям’я трымаецца».

Ігар лічыць, што ў іх выпадку чыноўнікі трактуюць законы некарэктна і прымаюць рашэнні выключна на карысць бюджэту краіны.

«Адчуваецца поўнае грэбаванне і нежаданне чыноўнікаў разбірацца ў сітуацыі, — кажа ён. — Складваецца ўражанне, што ёсць ўстаноўка сабраць як мага больш грошай любой цаной. Акрамя гэтага, у нас непразрыстае фармаванне тарыфаў на камунальныя паслугі, няма магчымасці рэгуляваць батарэі і мноства пытанняў па працы ЖКГ».

«Тарыф на газ стаў у два разы вышэйшы. Так даведаўся, што я ў базе «дармаедаў»

У Аляксандра з Гродна іншая сітуацыя. Мужчына — уласнік прыватнага дома. Ён афіцыйна не працуе, а на жыццё зарабляе фрылансам.

«На мінулым тыдні аплачваў камунальныя паслугі і звярнуў увагу на дзіўны тарыф за газазабеспячэнне — прыкладна 30 капеек за куб, але ж у ацяпляльны перыяд звычайны тарыф на газ — 14 капеек. Патэлефанаваў у «Гроднагаз». Там мне сказалі, што такі тарыф у мяне, таму што я не заняты ў эканоміцы. Больш мне і дадаць няма чаго», — кажа ён.

І калі ў сітуацыі з Аляксандрам гісторыя досыць тыповая. То вось у Любові, што выйшла замуж і з’ехала за мяжу, не. Яна, як і многія беларусы, думала, што для таго, каб не патрапіць у базу дармаедаў, патрэбна проста больш за 180 дзён правесці за мяжой. Аказалася, гэта не так.

«Нядаўна даведалася, што мяне ўключылі ў спіс «дармаедаў». Аказваецца, пражыванне за мяжой не з’яўляецца падставай для выключэння з гэтага спісу.

Я прыязджала ў Беларусь ў красавіку. Прачытала ў навінах, што з траўня «дармаедам» павялічаць тарыфы на газ і ацяпленне. Звярнулася ў разліковы цэнтр, каб даведацца, ці знаходжуся ў гэтых спісах. Аказалася, што так», — расказвае яна.

Ілюстрацыйнае фота

Жанчына патэлефанавала ў адміністрацыю свайго раёна. Там патлумачылі, што ёй трэба падаць дакументы аб працы ці вучобе за мяжой. Калі не, яе будуць лічыць дармаедкай і далей. Адпаведна, тарыфы ЖКГ для яе будуць завышаныя.

«Не было іншага выйсця, акрамя як знайсці кватарантаў і афіцыйна здаваць сваю кватэру ў арэнду, — расказвае яна.

— Цяпер я плачу падатак дзяржаве за здачу кватэры і мяне выкраслілі са спісу дармаедаў, але калі я прыязджаю на радзіму, мне няма дзе жыць. Трэба альбо прасіцца да сваякоў, альбо здымаць жыллё.

Таму што праганяць кватарантаў, а потым зноў іх шукаць занадта клапотна. Не магу зразумець, чаму, жывучы за мяжой, я нешта павінна нашай дзяржаве».

«Трапіў у дармаеды, хоць і працую»

Наш наступны суразмоўца акурат зняў кватэру ў чалавека, які здаў яе, каб быць выключаным са спісаў «дармаедаў». Але і гэта не дапамагло.

«Здымаю аднапакаеўку ў чалавека, які не з’яўляецца ў гэты момант занятым у эканоміцы, сам я працую, — кажа Мікалай з Мінска. — Дамова з гаспадыняй у нас афіцыйная. То-бок па ідэі, гэтая умова павінна вызваліць яе ад выплаты камуналкі па-поўнай.

Але ўсё роўна за кастрычнік налічылі па поўным тарыфе. Думаю, гэта была нейкая памылка ці гаспадыню маей кватэры проста забыліся выключыць з базы «дармаедаў». Пойдзем у адміністрацыю раёна разбірацца.

За аднапакаевую кватэру ў 31 квадратны метр, як нам расказаў Мікалай, за кастрычнік яму выставілі 60 рублёў 78 капеек. Прычым больш за палову сумы — гэта аплата ацяплення.

«А я трапіў у «дармаеды», хоць і працую, — кажа Мікіта з Мінска. — Праўда, працую ў замежнай кампаніі.

Раней за аднапакаёўку плаціў 50 рублёў, за верасень выставілі ўжо 90. А за кастрычнік просяць 102! І ўсё гэта нягледзячы на тое, што патрэбныя дакументы ў інстанцыі я падаваў своечасова.

Цяпер збіраю доказную базу, што я не дармаед. Нават цікава, ці вернуць мне тое, што я ўжо пераплаціў».

«Аплочваю яшчэ і ляпы каммунальнікаў»

Аксана з Мінска — хатняя гаспадыня. Яшчэ нядаўна яна была індывідуальнай прадпрымальніцай. Калі жанчына зразумела, што выдаткі пачынаюць перавышаць прыбытак, вырашыла закрыць ІП. Праз некаторы час жанчыну ўнеслі ў «базу дармаедаў».

«У мяне трохпакаёвая кватэра амаль на 96 квадратаў, — распавядае Аксана. — У верасні наша сям’я складалася з чатырох чалавек. Жыроўка за верасень была 262 рублі. Нядаўна дачка з’ехала за мяжу ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі, таму ў кастрычніку істотна знізіўся расход вады.

Нас цяпер трое. Увесь кастрычнік мы хварэлі на COVID-19. Ванну практычна не прымалі — ляжалі з тэмпературай. Расход вады быў мінімальны, таму камуналка за кастрычнік прыйшла меншая — ужо 153 рублі. Але гэта ўсё роўна вялікая сума».

Днямі жанчына ўважліва прааналізавала сваю жыроўку. І цяпер сцвярджае: з яе бяруць нават не па-поўнай. А яшчэ больш!

«Калі паглядзець на жыроўку ўважліва, то бачна, што я два разы аплочваю адны і тыя ж паслугі: па звычайным тарыфе, а потым яшчэ і па «дармаедскім». То-бок, аплочваю яшчэ і ляпы камунальнікаў», — адзначае яна.

***

З’яўленню «дармаедскіх камуналак» папярэднічаў нашумелы Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». У 2017 годзе, калі ён набыў моц, беларусаў, якія не працуюць больш за паўгода, абавязалі плаціць у казну 20 базавых.

Пасля акцый пратэсту з гэтай нагоды для тых, у каго ва ўласнасці ёсць жыллё, падатак замянілі на аплату камуналкі па поўных тарыфах. У сакавіку 2019 года беларусаў са спісу «дармаедаў» абавязалі па-поўнай плаціць за гарачую ваду, а з мая 2021 па так званых «эканамічна абгрунтаваных» тарыфах яны плацяць яшчэ за ацяпленне і газ.

Чытайце таксама:

Дармаед я ці не? Разбіраемся, каго прымусяць плаціць за ацяпленне ў пяць разоў больш

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?