Як распавядаюць былыя сукамернікі, хлопцы вырашылі падтрымаць арыштантаў, якія знаходзяцца на Акрэсціна па палітычных артыкулах, гучна ўключыўшы ў Tesla песню «Разбуры турмы муры».

Каля 14:30 яны пад’ехалі да ЦІПа, але прастаялі там нядоўга — адразу падбегла адміністрацыя і яны вымушаныя былі з’ехаць. Па словах сукамернікаў, праз дзве гадзіны іх ужо затрымалі.

Суд пакараў хлопцаў 15-сутачнымі арыштамі, але потым на іх зноў склалі пратаколы. Невядома, ці выйшлі Багданоўскі і Канавалаў на волю. 

Руслана разам з сябрам доўгі час трымалі ў розных карцарах у нечалавечых умовах. Дакладна вядома, што з 15 па 25 кастрычніка яны знаходзіліся ў карцары, але сукамернікі кажуць, што па другіх пратаколах іх таксама кінулі туды. У карцары за гэты час адразу знаходзіліся восем чалавек, і толькі ў адзін дзень іх было чацвёра. 

Як распавядае былы арыштант, у карцары памерам 1,8 на 3,5 метра, легчы могуць толькі шэсць чалавек. Пры гэтым звычайна там знаходзіліся адразу восем арыштантаў. Падлога ў карцары бятонная. Святло ўключанае заўсёды. Цёплыя рэчы арыштантам захоўваць забаронена, таму іх забірае адміністрацыя Акрэсціна. Са сродкаў гігіены — толькі туалетная папера і мыла. Час ад часу ў карцары забаранялася сядзець, таму некалькі разоў арыштантам прыходзілася стаяць увесь дзень. «Шмон» там праходзіць тройчы днём і тройчы ноччу.

Адна з жанчын, якая сядзела ў гэты час у сумна вядомай жаночай камеры №15, распавяла, што яны з астатнімі жанчынамі чулі «Муры» ў сваёй камеры на трэцім паверсе ЦІПа. Яны адразу кінулся да акенца з кратамі і пачалі плакаць ад радасці — думалі, што іх вызваляюць.

«Пасля званка мне прысніўся чорны пацук, які ўчапіўся ў руку». Экскурсаводка Аксана Манкевіч пра сваё затрыманне і адсідку ў той самай камеры №15

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?