Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

Эдуард Бабарыка быў затрыманы разам з бацькам, калі накіроўваўся ў ЦВК для падачы сабраных подпісаў. Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР «праводзіліся вучэнні». У гэты ж дзень Эдуард Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА, следства вяло КДБ.

21 чэрвеня 2020 года Эдуарду Бабарыку было прад'яўленае абвінавачванне ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК — ад 3 да 7 гадоў зняволення згодна папярэдняй рэдакцыі кодэкса, якая дзейнічала на той момант).

12 кастрычніка 2021 года тром фігурантам справы змянілі меру ўтрымання — яны выйшлі на свабоду. Гаворка ідзе пра калег і сяброў Віктара Бабарыкі: Святлану Купрэеву, Дзмітрыя Караку, Дзмітрыя Жардзецкага. Яны адмаўляюцца каментаваць абставіны справы і свайго вызвалення.

Па гэтай жа справе праходзіў і сам Віктар Бабарыка, які па першай справе ўжо адбывае тэрмін у калоніі. Пад вартай застаецца яго сын Эдуард, адваката якога нядаўна пазбавілі ліцэнзіі. Вядома, што актыўных следчых дзеянняў усе гэтыя месяцы не праводзілася, большасць часу вязні былі проста ізаляваныя ад родных і грамадства.

Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць у цяжкім злачынстве. У такім выпадку, па законе, утрымліваць пад вартай могуць да 18 месяцаў (арт. 127 КПК), гэты тэрмін хутка скончыцца. Пасля справу павінны ці перадаць пракурору для накіравання ў суд, ці змяніць меру ўтрымання Эдуарду на тую, якая не будзе звязаная з абмежаваннем свабоды. 

На працэсе па першай справе Віктар Бабарыка казаў, што яго сына пераследуюць праз тое, што бацька вырашыў балатавацца ў прэзідэнты. Пытанне, ці павінны дзеці адказваць за дзеянні бацькоў, уздымалася на сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ. Па словах відавочцаў, Сяргей Ціханоўскі заявіў Лукашэнку, што яго дзеці будуць расплачвацца за ўчынкі бацькі.

Лукашэнка ў адказ запярэчыў, што сын за бацьку не адказвае. Усе прысутныя паглядзелі ў бок Эдуарда Бабарыкі, пачуўся смех. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0