Getty Images

У Славакіі з чацвярга уведзены жорсткі двухтыднёвы лакдаўн для ўсяго насельніцтва, уключаючы тых, хто перахварэў на COVID-19 і прышчэпленых ад каранавіруса. У краіне зачыняюцца ўсе прадпрыемствы грамадскага харчавання, а таксама крамы, акрамя тых, што гандлююць прадуктамі першай неабходнасці, паведамляе Deutsche Welle.

Школы пакуль працягнуць працаваць, але пры ўмове рэгулярнага тэставання педагогаў і навучэнцаў на кавід. Частка вучняў будзе пераведзеная на дыстанцыйнае навучанне.

Людзям дазволена пакідаць сваё жыллё толькі для паходу ў найбліжэйшую краму, школу, на працу або ў пункты вакцынацыі, тэставання, а таксама для атрымання медыцынскай дапамогі. Выгульваць сабак можна на адлегласці не больш за 500 метраў ад месца пражывання.

Урад абвясціў, што праз 10 дзён некаторыя меры могуць змякчыць для вакцынаваных.

Адначасова з лакдаўнам урад Славакіі ўвёў рэжым надзвычайнага становішча тэрмінам на 90 дзён, што дазволіць абмежаваць свабоду перамяшчэння.

У краіне ўводзіцца каменданцкая гадзіна: людзям забаронена выходзіць з дому з 01.00 да 05.00.

Акрамя таго, закон дазваляе прымушаць да працы медработнікаў без аглядкі на дзеючыя ў краіне нормы працоўнага заканадаўства.

Медыкі могуць быць пакараныя, калі адмовяцца працаваць звышурочна ў клініках, перапоўненых кавіднымі пацыентамі, або перайсці з адной бальніцы ў іншую.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?