Муж і жонка пенсійнага ўзросту пахавалі сына, прадалі дом за горадам і ўпершыню прыехалі ў аэрапорт, каб паляцець у Анталію — там Аляксандр Рачкоўскі хацеў купіць што-небудзь з нерухомасці, каб здаваць і атрымліваць пасіўны прыбытак. У аэрапорце ён пераступіў зялёную лінію пры працэдуры мытнага афармлення і фармальна ўчыніў правапарушэнне.

Чытайце таксама:
«Я добраахвотна прад'явіў усе грошы». За ўваход на 30 см у зялёны калідор аэрапорта ў пенсіянера канфіскавалі $61 тысячу

10 лістапада суддзя суда Партызанскага раёна Мінска пастанавіў прыцягнуць Рачкоўскага да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч. 2 арт. 15.5 КаАП, аштрафаваць на 10 базавых, але галоўнае — канфіскаваць 60 800 даляраў і 400 рублёў.

Сутнасць скаргі

На сённяшнім пасяджэнні абаронца Рачкоўскага заявіў, што раённым судом не былі ўлічаныя абставіны: у Рачкоўскага былі дакументы аб паходжанні грошай і ён меў намер, вусна заявіўшы пра гэта, іх дэклараваць. А правапарушэнне было здзейсненае па неасцярожнасці.

Таксама не ўлічаныя даныя пра асобу Рачкоўскага, яго сям'ю і стан здароўя, гаворыцца ў скарзе.

Абаронца патлумачыў:

— Суд прыйшоў да меркавання, што Рачкоўскі не прызнаў сваёй віны, але гэта абвяргаецца аўдыяпратаколам судовага паседжання. Ён сваю віну прызнаў. На наш погляд, гэта падстава для адмены пастановы. Па-другое. На наш погляд, накладзенае спагнанне не адпавядае цяжару злачынства. Суд заўважыў некаторыя змякчальныя абставіны, але не ўсе: Рачкоўскі — інвалід 2-й групы, два месяцы таму ў яго памёр сын, плюс абставіны справы. Фармальна ён здзейсніў правапарушэнне, але па неасцярожнасці! А калі зразумеў, то добраахвотна прызнаўся і садзейнічаў мытным органам. Мы прасілі і просім вызваліць Рачкоўскага ад адказнасці ў сувязі з малазначнасцю здзейсненага. Або выключыць з пастановы дадатковае спагнанне ў выглядзе канфіскацыі.

Пазіцыя мытні

Прадстаўнік мытных органаў, наадварот, падтрымала рашэнне раённага суда:

— Матэрыялы вывучаныя, прыкметы для вядзення адміністрацыйнага працэсу устаноўленыя і разгледжаныя. Пераступіўшы лінію, чалавек заявіў аб адсутнасці намераў дэклараваць каштоўнасці. Пры аглядзе былі знойдзеныя грошы. Лічым, што падстаў для адмены пастановы няма.

Рашэнне суда

Выслухаўшы абодва бакі, суддзя Яўген Хаткевіч пастанавіў адмяніць рашэнне раённага суда і вызваліць Рачкоўскага ад адказнасці за малазначнасцю парушэння. Грошы — вярнуць.

Аляксандр Рачкоўскі пад маскай ледзь хаваў здзіўленне. Пасля працэсу падзякаваў усім:

— Дзякуй усім за падтрымку і добрыя водгукі пасля артыкула. І за нядобрыя словы — таксама дзякуй, кожны павінен мець права на меркаванне. Не абвінавачвайце работнікаў мытні — яны працуюць па правілах, іх жорстка кантралююць. Дзяўчына, якая мяне спыніла, у канцы працэсу сама вельмі моцна перажывала, я гэта бачыў і не вінавачу.

У мытні ёсць шэсць месяцаў на абскарджанне рашэння.

— Абскардзіць? Як кіраўніцтва вырашыць, — адказала на пытанне Onlíner на выхадзе прадстаўніца мытні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0