Вольга (імя змененае) жыла з Андрэем 15 гадоў. Гадавалі 14-гадовую дачку. Раней муж працаваў зваршчыкам у калгасе, пасля кіроўцам фуры. Але недзе з паўгода таму ў яго забралі правы — праз п’янку. Андрэй застаўся без працы і пачаў выпіваць яшчэ часцей. Час ад часу падпрацоўваў, «халтурыў». 

Андрэй, муж Вольгі. Фота: уласны архіў

Андрэй, муж Вольгі. Фота: уласны архіў

«Як мне жыць з дзіцём, калі муж пастаянна п’яны і нічога не робіць: ані просьбы, анічога»

«Рукі ў яго залатыя, ён то сябрам машыны рамантаваў, то там нешта рабіў, то тут… Ён добры аўтаслесар, выдатны зваршчык», — кажа Вольга. 

Але стабільнай працы апошнія паўгода Андрэй не меў. І моцна піў. Вольга не вытрымала — і падала на развод. 

«Я ж хацела проста жыць па-чалавечы, — кажа яна. — І падала на развод, каб прымусіць мужа нешта зрабіць, а не толькі піць і скардзіцца на жыццё. Каб ён узяўся за галаву. Ён жа не ўвесь час такі быў, гэта апошнім часам шмат піў. Я думаю, што на фоне алкаголю ў яго і паехаў дах. Страціў працу і неяк пакаціўся: увесь час у яго стрэс і неяк не змог спыніцца з гэтымі п’янкамі…

Каб ён закадзіраваўся, пераглядзеў свой лад жыцця, уладкаваўся на працу, то нават калі б нам і паставілі штамп аб разводзе, я б засталася з ім жыць.

Раней я неаднаразова яму казала, што не буду з ім, што развядуся, што трэба думаць, як дзіця гадаваць… І цяпер падала на развод, каб ён зразумеў, што ўсё сур’ёзна. Што трэба мяняць лад жыцця.

А што мне было рабіць? Як мне жыць з дзіцём, калі муж пастаянна п’яны і нічога не робіць: ані просьбы, анічога. Я прапаноўвала некалькі разоў, каб закадзіраваўся — нічога не адбылося.

Як мне было жыць далей, як жанчыне, як маці? Проста шкадаваць яго і цягнуць гэты крыж? Але я ж таксама чалавек. Я ж не магу прысвяціць сваё жыццё алкаголіку — я хачу, каб побач быў сапраўдны мужчына і бацька».

«Ён пагражаў, што хату падпаліць, званіў і казаў, што вынес усе яе рэчы на сметнік»

Вольгу з дачкою забрала да сябе яе сястра, якая жыве ў адной з вёсачак Лепельскага раёна. У двары сястрынскага дома і стаяла машына Вольгі, якую замініраваў яе былы муж. Але пачыналася ўсё з пагроз.

«Ён і званіў ёй, і пісаў пастаянна. Аднойчы Вольга паехала на рыбалку адна, прыехала — уся калоціцца. Аказваецца, муж пазваніў ёй і сказаў: «Гэта твая апошняя рыбалка», — расказвае сястра Вольгі. — Таксама ён пагражаў, што хату падпаліць, званіў і казаў, што вынес усе яе рэчы на сметнік… Але гэта ўсё былі словы. Ніхто не думаў, што ўсё дойдзе да справы і вось так скончыцца, уявіць такое ніхто не мог». 

Выбуховую прыладу Андрэй прычапіў да машыны ў ноч з 19 на 20 мая, як кажа Вольга. Знайшлі выбухоўку 24 мая — прычым выпадкова.

Вольга павезла сваё аўто на рамонт — трэба было мяняць крыло. У аўтасэрвісе зваршчык заўважыў нейкі прадмет на машыне.

«Спачатку зваршчык кажа: там нейкая дзеравяка захрасла пад паліўнай сістэмай, — згадвае Вольга. — А калі пачалі разглядаць, убачылі, што тое не дзеравяка. Гэта была бляшаная банка. Спачатку я падумала, што гэта проста няўдалы жарт. Але ўбачылі драты, якія ішлі з той бляшанкі — і стала страшна. Выклікалі міліцыю.

Я зразумела, што гэта, хутчэй за ўсё, зрабіў Андрэй. Бо бляшанка з дратамі, прыкручаная да машыны, была з нашай хаты — размаляваная дачкой, якая ў ёй трымала алоўкі, я адразу пазнала гэтую бляшанку. Андрэй быў недасяжны. Я пазваніла ў міліцыю, распавяла пасля следчым, што бляшанка з нашай кватэры».

Як Андрэй змог вырабіць выбухоўку, ніхто не ведае. Жанчыны мяркуюць, гэта ў яго захаваліся вайсковыя навыкі:

«Радзіма навучыла, магчыма, пакуль праходзіў вайсковую службу», — мяркуе Вольга.

«Ён служыў у паветрана-дэсантных войсках. Наша савецкая школа застаецца на ўсё жыццё, добра вучылі, не тое, што цяпер», — кажа яе сястра.

«Сваякі мужа цяпер клянуць мяне, маўляў, пасадзіла мужыка»

Следствам устаноўлена, што бляшанка была «самаробнай выбуховай прыладай тыпу «аб'ектная міна» з магутнасцю выбуху ў тратылавым эквіваленце каля 150 грам тратылу».

Устаноўлена, што прылада на 100 адсоткаў спрацавала б пры правільным падключэнні да электрычнай праводкі аўтамабіля. У выніку выбуху чалавек, які знаходзіцца ў аўтамабілі, атрымаў бы цялесныя пашкоджанні, у тым ліку і несумяшчальныя з жыццём, паведамляе Следчы камітэт.

Не спрацавала выбухоўка цудам — Андрэй памылкова падключыў яе да дроту, які не ўдзельнічаў у электрычным ланцугу самога аўтамабіля.

Цяпер яго чакае суд. Андрэя вінавацяць па некалькіх артыкулах, у тым ліку і ў замаху на жыццё двух асоб. Замах караецца так жа, як і здзейсненае злачынства, таму Андрэю пагражае да 25 гадоў калоніі, ці пажыццёвае, ці нават расстрэл.

«Трэба закрыць яго на максімальны тэрмін. Бо яго так пакрыўдзілі тым разводам, што мужчынскую годнасць закранулі — дык гэта ж не нагода ўзарваць дзіцёнка і жонку, — абураецца сястра Вольгі. — Усе людзі разводзяцца і неяк вырашаюць свае праблемы.

Але ж не такім спосабам. Калі не разумее, то хай адказвае за свае ўчынкі. Бо ёсць у яго такая рыса характару — усе вінаватыя, акрамя яго. Вышэйшая мера гэта ўжо занадта, але тэрмін мусіць быць вялікім».

«Я лічу, што звер мусіць сядзець за кратамі. Добра, што ўсё абышлося. Але мне ў першую чаргу шкада дзіця. Мы ж ездзілі з ёй удваіх на машыне, — кажа Вольга. — І тое, што родны бацька разумеў, што можа пацярпець яго дачка — гэтага я не прабачу ніколі.

Ён пасля тлумачыў: думаў, што я спалохаюся і вярнуся да яго. Але я б не вярнулася ўсё адно. Цяпер я думаю, што пажыццёвае ці расстрэл яму не дадуць. Але, на маю думку, ён мусіць сядзець гадоў 20, гэта дакладна.

Сваякі мужа цяпер клянуць мяне, маўляў, пасадзіла мужыка. Маўляў, трэба было прадпрымаць нейкія іншыя дзеянні, а не падаваць на развод, вось ён і пайшоў на такі крок.

Вінаватая заўсёды нявестка, бачыце, трэба было цярпець, выцягваць яго, а я ўзяла і кінула. У твар яны мне гэтага не кажуць, яны ўвогуле са мною не камунікуюць, але ж праз агульных знаёмых інфармацыя даходзіць».

«У мяне ён прабачэння не просіць, толькі ў дачкі»

Гісторыя вельмі цяжка адбілася і на дачцэ Андрэя. Яна вельмі замкнулася, нават у размовах перастала называць Андрэя татам. Цяпер стараецца ўвогуле не гаварыць пра яго ці называе «ён».

Дачка фігуруе ў справе ў якасці пацярпелай. Вольга кажа, што калі ёсць такая магчымасць, то будзе прасіць, каб дзіця не ўдзельнічала ў судовым пасяджэнні.

Адметна, што цяпер Андрэй з-за кратаў піша лісты і Вользе, і дачцэ. 

«У мяне ён прабачэння не просіць, толькі ў дачкі, — кажа Вольга. — Піша, што думае пра нас, што пераглядзеў сэнс свайго жыцця, што мы ў яго самае каштоўнае, што было. Піша, што ў нашых руках цяпер яго далейшы лёс.

Я не адказваю яму. Дачцэ я сказала: «У цябе адзін бацька, і больш не будзе, таму вырашай сама. Хочаш напісаць — напішы, я нават чытаць не буду, гэта твая справа». Але пакуль яна не пісала таксама.

Адвакатамі займацца ці перадаваць перадачы Андрэю таксама не буду. Я цяпер проста хачу выкрасліць яго з жыцця і не згадваць больш».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0