Як паведамляе Вярхоўны суд, малады чалавек нарадзіўся 26 чэрвеня 1994 года ў Брэсце. Стала жыў і вучыўся на тэрыторыі Беларусі. У 2009 годзе яму выдалі пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Да апошняга часу ніякіх пытанняў да яго не ўзнікала.

І вось спачатку ў 2020, а пасля і ў 2021 годзе супрацоўнікі брэсцкай міліцыі пачалі праверку, у выніку якой прыйшлі да высновы, што малады чалавек не мае права быць грамадзянінам нашай краіны. Па якой прычыне распачалі праверку, не паведамляецца, але ў міліцыі ёсць права рабіць гэта па сваёй ініцыятыве. 

Бацька хлопца — грамадзянін Украіны, маці ў 1989 годзе атрымала ва Украіне пашпарт СССР, з якім і нараджала сына, а ў 1997 годзе ёй выдалі беларускі пашпарт. Пазней, у 2020-м, міліцыя і па яе справе прызнала, што грамадзянства прысвоілі незаконна.

Вось і выходзіць: раз ніхто з бацькоў нованароджанага не меў беларускага грамадзянства, то і ён не мае права на грамадзянства па нараджэнні.

Тое, што прайшло больш за 20 гадоў, не стала аргументам на карысць маладога чалавека. Хлопец даносіў, што атрымаў у Беларусі адукацыю, працаваў тут, стаяў на вайсковым уліку.

Усё гэта, пастанавіў суд, прававога значэння не мае. Так што ўраджэнец Брэста застаўся без беларускага грамадзянства.

У пастанове суда адзначаецца, што заяўнік мае права з моманту нараджэння на грамадзянства Украіны, якое маюць бацькі. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?