Справу зноў разглядаў суддзя Максім Трусевіч, які раней ужо двойчы адпраўляў мужа і жонку на «суткі». На гэты раз у Першамайскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі), паведамляюць праваабаронцы.

Згодна з пратаколам, Лойку 28 лістапада прывезлі ў РУУС для «прафілактычнай гутаркі», але ён нібыта «адмовіўся прайсці ў 112 кабінет, упіраўся і чапляўся за адзенне міліцыянта». Аляксандр гэта адмаўляе і сцвярджае, што на Акрэсціна яго сустрэў міліцыянт, прывез у РУУС, дзе яны падышлі да 112 кабінета. Там мужчыне далі падпісаць пратакол, з якім Лойка не пагадзіўся. Пры гэтым Аляксандр адзначыў, што на Акрэсціна яго ніхто не папярэдзіў, што яго вязуць ў РУУС на «прафілактычную гутарку». 

Сведка-міліцыянт на судзе пераблытаў сваё імя па бацьку. Суддзя Трусевіч прапанаваў сваякам, якія абурыліся паказаннямі сведкі, напісаць заяву ў РУУС, калі ім падаецца, што сведка хлусіць. 

Вынік — 15 сутак.

30 кастрычніка журналістку Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі па прылёце ў Мінск з Егіпта. Ірыну пасля 30 «сутак» так і не выпусцілі на волю — яна стала падазраванай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны удзел у іх»).