Каб навучыць чынавенства весці мікраблогі, брытанскі ўрад выдаў уласную інструкцыю «для чайнікаў» па асваенню сэрвіса Twitter. Такім чынам улады намагаюцца пашырыць сферу свайго ўплыву ў сеціве. Аўтар працы—служачы міністэрства бізнэса і інавацый Нэйл Вільямс. Дакумент памерам усяго ў 20 старонак тлумачыць чыноўнікам як пры дапамозе паведамленняў усяго ў 140 сімвалаў забяспечыць сваіх чытачоў сваечасовымі навінамі. «Мы выкарыстоўваем тэхналогію, якая з’явілася толькі пару год таму. Шмат хто толькі зараз пачынае ўсведамляць, у якім кірунку яе лепш выкарыстоўваць», каментуе ініцыятыву прадстаўнік брытанскага ураду.

У адпаведнасці з выдадзеным кіраўніцтвам чыноўнікі мусяць пісаць як мінімум два і максімум дзесяць паведамленняў за працоўны дзень. Пры гэтым часавы інтэрвал паміж допісамі павінен быць не менш як поўгадзіны‑‑‑каб не засмечваць фрэндстужку сваіх чытачоў, а сама інфармацыя—актуальнай, сучаснай і надзейнай, час ад часу вясёлай. Абавязкова прадугледжана адказы на ўсе каментарыі «сяброў» (ці, тут правільней казаць, «фоллавераў»).

«Сэнс гэтай ініцыятывы ў тым, каб навучыць людзей выкарыстоўваць Twitter і падштурхнуць усіх да выкарыстоўвання аднаго й таго ж сервісу»,‑тлумачыць урадовец. Варта адзначыць, што для брытанскіх палітыкаў Twitter як з’ява не ёсць чымсьці новым. Напрыклад, у міністэрства замежных справаў і рэзідэнцыі прэм’ера ўжо даўно ёсць свае эккаунты. А эккаунты буйнейшых палітычных сілаў і іхніх лідэраў абнаўляюцца ледзь не штогадзінна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?