Забарона на выдачу валютных крэдытаў не пацягне пагаршэння ўмоў крэдытавання для насельніцтва,

заявіў у інтэрв’ю БелаПАН начальнік аддзела камерцыйных і фінансавых інструментаў Нацыянальнага банка Аляксей Назараў.

«Гэта памылковая думка, што з‑за гэтага стаўкі па крэдытах у беларускіх рублях павысяцца», — адзначыў ён. Назараў растлумачыў, што непасрэдна стаўкі па крэдытах у беларускіх рублях не звязаны са стаўкамі па валютных крэдытах. Яны залежаць ад кошту прыцягнутых банкамі рэсурсаў, у тым ліку дэпазітаў у нацыянальнай валюце. Акрамя таго, адзначыў спецыяліст, «паводле рэкамендацыі Нацбанка ўжо з Новага года пераважная большасць банкаў прыпынілі крэдытаванне ў замежнай валюце. А тыя, што працягвалі іх выдаваць, узмацнілі патрабаванні да атрымальнікаў крэдытаў па сумах крэдытаў». У выніку да гэтага часу застаўся вельмі невялікі сегмент валютнага крэдытавання насельніцтва, канстатаваў Назараў.

Адносна працэнтных ставак па новых выдадзеных крэдытах прадстаўнік Нацбанка сказаў, што ў чэрвені сярэднія поўныя стаўкі па валютных крэдытах насельніцтву склалі прыблізна 18% гадавых, па крэдытах у беларускіх рублях — 22%. «Розніца не вельмі вялікая. А з улікам рызыкаў узаемных ваганняў курсаў еўра і долара на валютным рынку, крэдыты ў беларускіх рублях больш выгадныя», — сказаў ён.

Як раней паведамляў БелаПАН, у адпаведнасці з пастановай Нацбанка № 105 у Беларусі 29 ліпеня ўводзіцца забарона на крэдытаванне банкамі насельніцтва ў замежнай валюце, якая будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2011 года. Забарона тычыцца і выдзялення новых частак (траншаў) крэдыту па адкрытых раней крэдытных лініях, у тым ліку аднаўляльных. Абмежаванні па овердрафтным крэдытаванні па раней заключаных крэдытных дагаворах набываюць моц праз месяц пасля апублікавання пастановы Нацбанка (28 жніўня).

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0