«Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да журналісткі Ірыны Слаўнікавай з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюджвання непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні», — гаворыцца ў заяве.
30 кастрычніка Ірыну Слаўнікаву затрымалі ў мінскім аэрапорце, калі яна з мужам Аляксандрам Лойкам вярталіся з адпачынку. 1 лістапада суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч асудзіў іх на 15 сутак арышту нібыта за захоўванне ў Фэйсбуку матэрыялаў, якія былі прызнаныя экстрэмісцкімі. На волю яны не выйшлі, а зноў атрымалі па 15 сутак.
26 лістапада стала вядома, што Ірына Слаўнікава стала падазраванай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Яе мужа Аляксандра Лойку асудзілі на чарговыя 15 сутак.