Паведамленне аб скасаванні дамовы прыйшло ў рэдакцыю газеты 30 лістапада па электроннай пошце за подпісам намесніка дырэктара Брэсцкай друкарні Ірыны Іванісік. Пры гэтым на працягу многіх гадоў рэдакцыя «Ганцавіцкага часу» рэгулярна аплочвала паслугі, каб надрукаваць газету.

Дарэчы, у паведамленні з друкарні чамусьці памылкова пазначана імя па бацьку галоўнага рэдактара газеты: насамрэч, яго клічуць Пётр Паўлавіч Гузаеўскі.

Пасля зададзенага па тэлефоне пытання, што стала прычынай скасавання дамовы, Ірына Іванісік адказала: «У нас загрузка мяняецца». На дадатковае пытанне, чаму аб гэтай загружанасці друкарні не было ўказана ў паведамленні (якое, дарэчы, прыйшло па электроннай пошце), Ірына Уладзіміраўна адказала сваім пытаннем: «А навошта?».

Варта заўважыць, што на друк штотыднёвага нумара «Ганцавіцкага часу» ў брэсцкай друкарні ішоў ў сярэднім 20-30 хвілін. Атрымліваецца, што «загрузка» цяпер павінна быць вельмі сур’ёзнай, калі друк накладу «Ганцавіцкага часу» стаў такім прынцыповым момантам.

Як зазначыў галоўны рэдактар выдання Пётр Гузаеўскі, 20 гадоў «Ганцавіцкі час» сумленна выконвае сваю працу на карысць чытачоў у раёне і далёка за яго межамі.

«Мы спрабавалі дапамагчы шматлікім людзям, і гэта спрацавала: уздымалі актуальныя праблемы, трымалі чытачоў у курсе падзеяў, якія адбываліся ў Ганцавіцкім раёне і не толькі. Мы аб’ектыўна асвятлялі падзеі і пісалі гісторыю раёна. Дзякуй усім, хто падтрымліваў і давяраў нам», — распавёў Пётр Гузаеўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0