Фота: уласны архіў

Фота: уласны архіў

Дзмітрый грае ў гурце «Яварына»: самі сябе яны называюць «тэатрам старадаўняй культуры», у адпаведных касцюмах выконваюць сярэднявечную музыку, ладзяць танцавальныя імпрэзы. Разам з іншымі сябрамі-музыкамі Шыманскі выходзіў на маршы ў 2020 годзе, яны гралі на валынках, гітарах, дудах падчас маршу ў жніўні 2020. Праз год гэта і стала падставай для затрымання і крыміналкі.

«Я ж даўно жыву ў Беларусі, і ў 2006 годзе пасля выбараў быў на Плошчы, тады мяне цудам не затрымалі, і ў 2010 годзе бегаў ад «касманаўтаў», — згадвае Дзмітрый. — І ў 2020 годзе стала зразумела, што будзе нешта. Пад’ём быў у людзей, у мяне на раёне нават алкаголікі з бутэлькай таннага віна на лавачцы, і тыя абмяркоўвалі палітыку. 

І ў тым, што выбары нахабна скралі, сумневаў не было. Бо з кім не размаўляеш — ніводзін чалавек не галасаваў за Лукашэнку, нават бабулі з дзядулямі. А пасля аказваецца, што за яго 80%…

Ды і пакуль я быў за кратамі, бачыў, што за палітыку затрымліваюць людзей з усіх сфер грамадства: ад будаўнікоў да бізнэсменаў. Як той казаў, калі не займацца палітыкай, палітыка зоймецца табой. І тут людзі сапраўды вымушаныя былі палітыкай заняцца.

Я быў і 9 каля Стэлы, і бачыў на свае вочы «вайну» на Пушкінскай 10 жніўня. Што будзе такая масакра, канечне, не ўляўляў. Каб стралялі? Забівалі? Такога ніхто не чакаў».

Шыманскі кажа, што пасля выйшаў і на Марш 16 жніўня, і на некаторыя іншыя акцыі.

«Столькі людзей у адным месцы рэдка калі ўбачыш, гэта сапраўды ўражвала. І зразумела, што калі людзі выйшлі — назад ім мазгі не адфарматуеш. Нават калі зараз іх загоняць у падполле, гэта ж не значыць, што яны раптам палюбяць Лукашэнку. Наадварот, гэта дадасць ім злосці. А загнаны ў кут звер — небяспечны.

Пакуль, можа, не хапіла крытычнай масы, ці што… У нас добрыя людзі, цярплівыя, але цярпенне калісьці заканчваецца», — мяркуе Шыманскі. 

«Сказалі: Класна, што ты паспеў, а то яшчэ пяць хвілін — і мы б з’ехалі»

У 2020 годзе музыку не затрымлівалі, ціха было амаль год — да 2 жніўня 2021-га. 

Тады музыкі з сябрамі сабраліся на святкаванне Дня нараджэння вакалісткі гурта IRDORATH Надзеі Калач. Адбывалася ўсё на лецішчы пад Мінскам. 

Раптам туды заляцелі сілавікі са зброяй. Затрымалі 16 чалавек, дзесяць з іх атрымалі суткі і штрафы па адміністрацыйных справах, на шасцярых завялі крыміналку за ўдзел у пратэстах. 

«Я тады проста моцна спазніўся, прыехаў каля 11 вечара, было ўжо цёмна. Там ужо амаль нікога не было, застаўся гаспадар лецішча і чалавек пяць сілавікоў. Я прыехаў на матацыкле, убачыў машыну сябра і яшчэ нейкія аўто. Ну, думаю, госці.

І нейкі чалавек быў каля машын. Я кажу: «Прывітанне, што тут, як?» Падумаў, што гэта нейкі госць, якога я не ведаю. І праз пару секунд выходзяць людзі з каліткі, нясуць сістэмны блок камп’ютара, чахлы ад валынак.

Яны мяне пазналі, акружылі, накінулі кайданкі і пасадзілі ў машыну. Сказалі: «Класна, што ты паспеў, а то яшчэ пяць хвілін — і мы б з’ехалі». 

Я так мяркую, што яны адмыслова падгадалі такі момант, каб затрымаць адразу ўсіх: можа, хтосьці ім «стукануў», можа, нас праслухоўвалі, — разважае Шыманскі. — Пасля затрымання ўвесь час нейкі сілавік мне пастаянна паўтараў: усё, прыехаў ты на тры гады. Я, само сабою, адказваў, што не разумею, у чым справа. Ён паабяцаў, што мяне на наступны дзень перазатрымаюць па крыміналцы. 

Але ж мне спачатку далі 15 сутак — нібыта за непадпарадкаванне. Я спачатку быў такім падвешаным стане, бо не разумеў, што будзе далей. Следчы прыйшоў на пятыя суткі». 

Дзмітрыю прад’явілі абвінавачванне па артыкуле 342 КК: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх.

«За кратамі людзі ў першы час пачынаюць разважаць, наколькі законна іх вінавацяць, як гэта будзе даказвацца… Нейкі разлік на справядлівасць і закон, — згадвае музыка. — Гэта ў першы тыдзень бывае амаль ва ўсіх, я сам праз такое прайшоў.

Але сукамернікі табе тлумачаць: няма ніякіх законаў, ёсць толькі жаданне сілавікоў. І калі гэта разумееш, то паціху неяк пачынаеш асімілявацца, разумець турэмнае жыццё, неяк выжываць».

За час свайго зняволення Шымаснкі паспеў пабываць не толькі на Валадарцы, але і на Акрэсціна, і ў Жодзіна, і ў ІЧУ Мінскага раёна. 

«У параўнанні, на Валадарцы найменш праблем з адміністрацыяй. Не перагружаюць камеры, бо на Акрэсціна ў 6-мясцовай камеры бывала і 8 чалавек, і 12», — гаворыць ён.

«У справе ж пісалася, што я ўплываў сваёй музыкай на псіхіку людзей, што гэтым вызначаў іх актыўнасць»

Дзмітрый узгадвае, што, падчас яго знаходжання на Валадрацы, якраз адбылася перастрэлка паміж кадэбэшнікамі і айцішнікам Андрэем Зельцэрам: «І да мяне прыходзіў следчы, цікавіўся настойліва маім меркаваннем: а як вы ставіцеся да гэтай сітуацыі? Я адказваў, што гвалт — гэта кепска ў прынцыпе, ніхто не павінен гінуць праз палітыку».

28 і 29 кастрычніка прайшлі судовыя пасяджэнні па справе Дзмітрыя Шыманскага.

«Я настройваўся на горшае, каб пасля не было балюча. Інфармацыю ж нейкую маеш, нават за кратамі, таму разумеў, што могуць даць ці «хімію» з накіраваннем, ці нават калонію. Таму ўжо рыхтаваў спіс рэчаў для калоніі. 

Ну, і ў мяне спачатку былі дзве часткі артыкула 342: гэта і ўдзел у масавых мерапрыемствах, і навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу. У справе ж пісалася, што я ўплываў сваёй музыкай на псіхіку людзей, што гэтым вызначаў іх актыўнасць… Трызненне. Такі абсурд, што пасля пракурорка на судзе нават сама сказала, што частка 2 крымінальнага артыкула не даказаная.

Судзілі мяне менавіта за 16 жніўня — і за тое, што мы гралі песню Цоя «Перамен». Нібыта гэтым мы правакалі людзей на пратэсты. Таму спачатку я рыхтаваўся да чаго заўгодна», — кажа Дзмітрый. 

Шыманскі падкрэслівае, што ўся іх справа — гэта зусім не справа гурта Irdorath, як гэта нярэдка фігуруе ў медыя. Бо на маршы 16 жніўня з гурта было ўсяго толькі два чалавекі, іншыя ўдзельнікі Irdorath ніякага дачынення да справы не маюць і на маршы яны не гралі.

«Калі мне прысудзілі тры гады «хіміі» з накіраваннем, з аднаго боку, я быў рады, што адразу пасля прыгавору адпусцілі. Але ж «хімія» — гэта зусім не крута. Па сутнасці, гэта сучасны варыянт катаржных работ.

У нейкім сэнсе гэта горш за калонію: бо чалавек абавязаны працаваць там, дзе яму скажуць, на нейкай кепскай працы, а пасля частку яго заробку будзе забіраць дзяржава на аплату сваёй міліцыі…

Так, у калоніі няма камунікацыі, няма мабільных, але ў нейкім сэнсе — этычным, псіхалагічным — на «хіміі» нават горш, чым у калоніі, асабліва калі ты ўжо прызвычаіўся да жыцця ў СІЗА», — кажа Дзмітрый. 

Таму неўзабаве пасля выхаду Шыманскі пачаў задумвацца, што рабіць далей.

«Я артыст, музыкант, займаюся гэтым шмат гадоў. У турме ці на «хіміі» я рабіць гэтага не магу. І які сэнс у тым, што я сяду? Сабе я ніяк гэтым не дапамагу, іншым — таксама. Ці будзе ў гэтым нейкая карысць для краіны ці для грамадства? Таксама не. 

Тыя, хто хоча займацца палітыкай, тыя, як Мандэла, можа, і хочуць сядзець у турме, ім трэба сядзець, нарошчваць палітычны капітал. А калі я сяду — што гэта дае? Я не ведаю, калі шчыра, — тлумачыць Дзмітрый. — І калі ты сядзіш, то рэчы, якія падаваліся важнымі, нейкія справы, маёмасць, праца, ўжо перастаюць быць такімі. Яны нічога не значаць, бо гэта можна ўсё пачаць спачатку. Разумееш, што галоўнае — гэта ты і твая свабода».

Таму Шыманскі вырашыў пакінуць Беларусь. Кажа, дапамаглі выехаць. Праўда, дэталі агучыць не можа.

«Я тэлепартаваўся з Беларусі, скажам так», — пасміхаецца ён. 

«100%, што я вярнуся ў Беларусь. Вера ў перамены нікуды не знікла»

Сёння Шыманскі ў Варшаве. Адразу па прыездзе ён паспеў нават сыграць канцэрт — у першы ж дзень паўдзельнічаў у фолк-вечарыне. 

«Гралі сярэднявечную музыку. Апошні раз да таго я граў недзе ў ліпені — гэтага моцна не хапала, канечне. Апошнія 20 гадоў у мяне звязаныя з музыкай, і адстунасць хоць нейкага музычнага інструмента вельмі напружвала за кратамі.

Але пакуль я сядзеў, то змог зрабіць духавы інструмент: былі такія вузкія цыліндрычныя баначкі з-пад вітамінаў. Я назбіраў іх штук шэсць, злучыў паміж сабой, выразаў дзіркі і атрымаўся імправізаваны кавал (флейта пастуха, інструмент, які распаўсюджаны ў Азіі і Паўднёва-Усходняй Еўропе,  НН). 

Гэта парушэнне, але ў нейкія моманты я ціхенька граў на ім. Аднойчы ўзяў нават на шпацыр, заўважылі, ледзь не далі парушэнне ўсёй камеры — але абышлося. На Валадарцы рэжым адносна лаяльны, трэба пастарацца каб цябе адправілі «на кічу», то-бок у карцар. І сам карцар там невялікі, і праз гэта туды стаіць чарга. Калі адправяць, то яшчэ прыйдзецца чакаць тыдзень-два».

Цяпер Дзмітрый паціху наладжвае жыццё ў Польшчы:

«Тут хапае сяброў. Раней мы і выступалі тут, таму ёсць знаёмыя арганізатары мерапрыемстваў, нейкія сувязі, кантакты. Цяпер плануем з калегам па музыцы працягваць граць сярэднявечную музыку нашага гурта «Яварына», ладзіць майстар-класы па сярэднявечных танцах». 

Шыманскі не лічыць, што з’ехаў назаўжды.

«100%, што я вярнуся ў Беларусь. Вера ў перамены нікуды не знікла — яны будуць, проста, можа, не так хутка. Але нікуды ад гэтага не падзецца», — кажа ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0