Забарона на выдачу валютных крэдытаў насельніцтву будзе дзейнічаць пастаянна, заявіў на прэс-канферэнцыі 29 ліпеня старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч

Нагадаем, у адпаведнасці з пастановай Нацбанка № 105 ад 14 ліпеня 2009 года з 29 ліпеня ўведзена забарона на крэдытаванне банкамі насельніцтва ў замежнай валюце, якая прадоўжыцца да 1 студзеня 2011 года. Забарона датычыць таксама прадастаўлення новых частак (траншаў) крэдыту па адкрытых раней крэдытных лініях, у тым ліку узнаўляльных. Абмежаванні па авердрафтным крэдытаванні па раней заключаных крэдытных дагаворах уступаюць у сілу праз месяц пасля апублікавання пастановы Нацбанка (29 жніўня).

«Гэта пакуль прамежкавы этап, а далей паглядзім, — сказаў Пракаповіч. — Але я ўпэўнены, што такое рашэнне (маецца на ўвазе забарона. — БелаПАН.) будзе прынята раз і назаўсёды. Няма неабходнасці падвяргаць рызыцы насельніцтва».

Пры гэтым кіраўнік Нацбанка заўважыў: «Калі ў насельніцтва будзе моцнае жаданне і праз паўтара года яны скажуць нам, што яны вельмі хочуць атрымліваць крэдыты ў замежнай валюце, мы тады вывучым пытанне». Хаця, як лічыць Пракаповіч, да пачатку 2011 года «ўсе прывыкнуць і будуць ведаць, што ў Беларусі ёсць стабільны беларускі рубель і арыентавацца на замежныя валюты не варта».

Такая мера, заявіў кіраўнік Нацбанка, дазволіць мінімізаваць рызыкі насельніцтва і прадпрыемстваў ад замежнай валюты. У тым ліку рызыкі, звязаныя з атрыманнем валютных крэдытаў.

Пракаповіч патлумачыў, што забарона на крэдытаванне ў валюце фізічных асоб звязана з палітыкай Нацбанка па дэдаларызацыі эканомікі. «Наша задача, — і яе мы будзем няўхільна выконваць, — каб паступова, але хутка, на працягу максімум двух-трох гадоў, забяспечыць такую працу, каб унутры краіны патрэба ў насельніцтва была для правядзення плацяжоў і разлікаў толькі ў нацыянальнай валюце — беларускіх рублях. А патрэба ў валюце ўзнікала ў людзей толькі пры выездзе за мяжу», — заявіў кіраўнік Нацбанка.

Меры па дэдаларызацыі, лічыць ён, прывядуць да таго часу, «калі беларускі рубель будзе свабодна канверсоўнай валютай».

«І тады адпадзе неабходнасць насельніцтва клапаціцца пра курсы замежных валют», — дадаў Пракаповіч. «Вы павінны жыць з нашым беларускім рублём, жыць стабільна, жыць так, каб міжнародныя фінансавыя крызісы ў меншай ступені ўплывалі на нас. Цалкам выключыць уплыў мы не можам, але мінімізаваць мы ў стане з дапамогай дэдаларызацыі эканомікі», — упэўнены галоўны банкір краіны.

Ён паведаміў, што ў 2009 годзе Нацбанк ужо выканаў усе запланаваныя меры па дэдаларызацыі эканомікі ў частцы разлікаў з насельніцтвам. Раней, нагадаў Пракаповіч, былі абмежаваны разлікі за валюту на заправачных станцыях, акрамя міжнародных трас, і ўведзены шэраг іншых мер, якія, паводле яго слоў, не выклікалі пытанняў у насельніцтва. У далейшым, заявіў чыноўнік, Нацбанк «будзе глядзець», як паменшыць прымяненне замежных валют у плацяжах і разліках з насельніцтвам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?