Фота ілюстрацыйнае

Эканамісты звяртаюць увагу на пастанову «Аб неналічэнні амартызацыі па асноўных сродках і матэрыяльных актывах у 2018 і наступных гадах».

Там гаворыцца, што «з мэтай стварэння ўмоў для эфектыўнай працы» пастаноўлена, што «арганізацыі […] маюць права прыняць рашэнне аб неналічэнні амартызацыі па асноўных сродках і нематэрыяльных актывах, якія выкарыстоўваюцца ў прадпрымальніцкай дзейнасці, за выключэннем асноўных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца пры аказанні жыллёва-камунальных і транспартных паслуг насельніцтву, якія субсідуюцца за кошт бюджэтных сродкаў». 

Як разумець гэтую абракадабру? 

Амартызацыя — інструмент вяртання ўкладзеных сродкаў. Гэта выдаткі, якія спісваюцца з прыбыткаў. Неналічэнне амартызацыі вядзе да заніжэння сабекошту і фіктыўных прыбыткаў. 

Проста патлумачыць сэнс амартызацыі на дзяржаўным прадпрыемстве можна так: завод N купіў новы станок, за якім рабочы робіць нейкі прадукт. Пры разліку кошту прадукту, туды трэба закладваць не толькі заробак рабочага, кошт сыравіны і камуналку, але і цану новага станка. Так можна зразумець, ці прыбытковае ўвогуле тое, чым ты займаешся. 

Калі ёсць дазвол не налічваць амартызацыю, то гэта азначае зніжэнне сабекошту і з'яўленне фіктыўных прыбыткаў. 

Ва ўсім свеце гэта працуе троху іначай. Ёсць паняцці паскоранай амартызацыі, амартызацыі на прыбытак і гэтак далей. Іншымі словамі, вытворца паказвае выдаткі на мадэрнізацыю, каб плаціць менш падаткаў і хутчэй выйсці на паспяховую работу. 

«Завышэнне прыбыткаў на пачатку дзейнасці пасля «мадэрнізацыі» дзеля добрых паказчыкаў у справаздачах у Саўмін, — кажа кіраўнік адной з дзяржаўных арганізацый, якога мы спыталі пра сэнс новай пастановы. — А што будзе далей, нікога не хвалюе. Таму ў дзяржсектары патрэбная перманентная мадэрнізацыя і пастаянныя інвестпраекты — тады на паперы ўсё будзе лепш, чым у рэальнасці. Гэта спосаб скажэння статыстыкі і лазейка для крадзяжоў праз дывідэнды. Ну і прадпрыемствы пасля мадэрніцазыі не выглядаюць як поўнае г**но — можна пахваліцца на БелТА». 

З ім салідарная эканаміст Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар BEROC. 

«Дазвол не налічваць амартызацыю — гэта выключна бухгалтарская аперацыя. То-бок, выдаткі на інвестыцыю ўжо панесеныя (або выплочваюцца працэнты па крэдыце), але іх дазваляюць не адлюстроўваць і не пераносіць у сабекошт. У выніку, на паперы паказваецца больш прыбытку (або менш страт), але колькасць грошай на рахунку ад гэтага не мяняецца», — сказала нам яна. 

Па інфармацыі аналітыка Сяргея Чалага, новы цыкл «мадэрнізацыі» ужо пачаўся за кошт грашовай эмісіі. Але, што праўда, пакуль што гэтага не бачна у лічбах. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?