Пасля двух дэмаршаў (апошні: тусоўка з байкерамі дома замест тусоўкі прэзідэнтаў на скачках у Маскве) Лукашэнка нарэшце выпраўляецца 30 ліпеня на саміт, дзе сустрэнецца з Мядзведзевым. З аднаго боку, гэта прымірэнчы жэст, з іншага — усё прадумана, каб захаваць твар.

Ну, найперш — сустрэча ў межах АДКБ гэтым разам нефармальная і адбываецца не ў пыхлівай белакаменнай, а ў чорта на рагах, у гарах Кіргізіі. Тут важна, што на нейтральнай тэрыторыі. Потым: у Бакіева акурат юбілей. Сюжэт можна трактаваць і так, што Лукашэнка найперш вырашыў павіншаваць з 60-годдзем кіргізскага калегу (які за часамі СССР таксама вышэй дырэктара не ўзняўся).

Дарэчы, віншаванне Бакіеву са свежай перамогай на выбарах, скрытыкаваных місіяй назіральнікаў АБСЕ, з Мінска пайшло па гарачых слядах.

А вось пра замірэнне Лукашэнкі з Масквой казаць пакуль не выпадае. Што пацвердзіў 29 ліпеня хуткацечны фехтавальны бой між памочнікамі беларускага ды расійскага прэзідэнтаў.

Спачатку прадстаўнік Крамля Прыходзька заявіў: «Раз Лукашэнка туды едзе, значыць, павінен падпісаць дакументы». Гаворка, натуральна, найперш пра падвешаную ім падчас малочнай вайны дамову аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання.

Прагучала з падтэкстам кшталту: падпіша як галубок, куды ж ён дзенецца з падводнай лодкі (у гэтым выпадку: ад стала, за якім гаспадар сустрэчы будзе частаваць бешбармакам ды мясцовым каньяком 30-гадовай вытрымкі).

Карацей, заява выглядала як выклік. Тым болей што перад гэтым амбасадарка Кіргізіі выразна засведчыла: паколькі прызначанае на 31 ліпеня — 1 жніўня мерапрыемства ёсць нефармальным, то ніякіх папер падпісваць не плануецца.

І Лукашэнкаў памочнік Валянцін Рыбакоў імгненна даў Прыходзьку адлуп.

Па-першае, ён з’едліва пахваліў Маскву за тое, што тая нарэшце перастала скарыстоўваць паслугі «ананімных» крыніц у адміністрацыі прэзідэнта Расіі. Тут трэба патлумачыць: у Мінску ўпэўнены, што менавіта старажыл Крамля Прыходзька пад маскай ананіма пастаянна злівае ў прэсу розныя непрыемныя для беларускага начальства заявы. Апошняя плюха ад крамлёўскага містэра Х была акурат падчас малочнай вайны. Памятаеце, з напускной лянотай: мусіць, некаму надакучыла быць прэзідэнтам Беларусі… Такога Лукашэнка не забывае.

Па-другое, вуснамі Рыбакова заяўлена: Беларусь як суверэнная незалежная дзяржава сама будзе вызначаць, якія менавіта дакументы АДКБ і ў якія тэрміны падпісваць.

І сапраўды, з гэтай дамовай аб КСАР Масква трапіла як шчупак у нерат. У Лукашэнкі і так ніякай зацікаўленасці падпісваць гэтую паперу не было.

Напрыклад, пад адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны (якая дэ-факта, лічы, і так існуе) можна хоць выбіць на дурніцу розных мілітарных цацак. А тут — адны страты, у тым ліку і іміджавыя. Бо тая ж Масква вуснамі амбасадара Сурыкава ўжо намякала, што беларускім ваякам тады цяжка будзе адкруціцца ад, так бы мовіць, «інтэрнацыянальнага абавязку».

Ды і ўвогуле дэмакраты на постсавецкім абсягу маюць моцныя падазрэнні, што КСАР найперш заточаць пад здушэнне розных там каляровых рэвалюцый. Ці выпадкова ідэю педаляваў у свой час (а менавіта — пасля андыжанскай бойні) узбекскі кіраўнік Карымаў? Але страх, мусіць, прайшоў, Ташкент зноў пачаў гуляць з Амерыкай, і ў мінулым месяцы менавіта Карымаў на пару з Лукашэнкам прадынамілі Маскву з пагадненнем аб КСАР.

Дадамо, што расійскае кіраўніцтва зусім не падумаўшы выпусціла на сцэну доктара Анішчанку акурат перад тым злашчасным чэрвеньскім самітам АДКБ. Горшай прэлюдыі не прыдумаць. Лукашэнку толькі далі карты ў рукі. У выніку — двайны пройгрыш расійцаў. Мала таго што насуперак ультыматуму зноў пусцілі да сябе малако ды кефір. Дык цяпер беларускага кіраўніка трэба яшчэ і ўломваць наконт паўнафарматнага ўдзелу ў АДКБ.

Гэтае ж «антыНАТА» без Беларусі — адзінага апірышча на заходнім кірунку — зусім несур’ёзна выглядае. Хіба што на бешбармак збірацца :)

Увогуле ж Лукашэнка можа велікадушна згадзіцца на падпісанне ў перспектыве дамовы аб КСАР. Калі Масква аператыўна праплаціць, напрыклад апошняй траншой абяцанага крэдыту. Бо грошы прыдуць чыста канкрэтна. А вось пагадненне — толькі папера, якую можна ціха сабатаваць і пастфактум.

ЗЫ. Тым часам кіргізская апазіцыя распачала вулічныя пратэсты супраць сфальшаваных, на яе думку, выбараў. Апазіцыйныя лідэры заклікалі прэзідэнтаў байкатаваць саміт на Ісык-Кулі. Але заклік, канечне, у пустату. Некаторыя высокія госці і самі кавалі электаральныя перамогі не ў белых пальчатках.

Наўрад ці рэалістычны і намер тамтэйшай апазіцыі зладзіць марш на Ісык-Куль. Прэзідэнт Бакіеў, узнесены «рэвалюцыяй цюльпанаў», кіруе жалезнай рукой (скінуты Акаеў падаецца цяпер лібералам) і сапсаваць бешбармак не дазволіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?