Максім Кац. Фота: Вікіпедыя

«Рыторыка Лукашэнкі апошнім часам пакідае прыгнятальнае адчуванне. Хлусня экспромтам, калі зусім няма сувязі з тым, што было сказана да і пасля, чысты палёт фантазіі чалавека, які мае сілавы рэсурс, і ён можа нанесці рэальны ўрон. Гэта палохае.

Адна справа, бачыць перад сабой рацыянальную крыніцу гвалту, іншая — вось такога персанажа без тармазоў, — адзначае Максім Кац. — З іншага боку, гэта добрая навіна. Усе дзеянні Лукашэнкі апошнія паўтара года кажуць пра тое, што крызіс для яго не скончыўся.

Усе папярэднія заканчваліся, сітуацыя заўсёды стабілізавалася, а цяпер даводзіцца бясконца ўтрымліваць баланс, які дазволіць атрымаць нейкую суму грошай у суседа на падтрымку ўласнага кіравання. Але такая стратэгія па вызначэнні канчатковая. Так жыць нельга. Гэта не кіраванне, гэта выжыванне.

Вось гэтае выжыванне некалі самага ўстойлівага аўтакрата на еўрапейскай тэрыторыі былога СССР — і ёсць дасягненне летніх пратэстаў 2020-га.

Звярніце ўвагу: вулічнай актыўнасці няма ўжо год. Усе НДА, праваабарончыя арганізацыі, незалежныя медыя разгромленыя. А Лукашэнка паводзіць сябе так, нібы сотні тысяч беларусаў па-ранейшаму стаяць у яго пад вокнамі, нібы па-ранейшаму ён бегае з аўтаматам». 

Кац адзначае, усім зразумела, што так не павінна быць, калі ўлада ўтрымліваецца толькі гвалтам, калі міжнароднай палітыкай займаецца «ўрад у выгнанні» на чале з Ціханоўскай, якую прымаюць сусветныя лідары, і лічацца з яе меркаваннем па Беларусі.

«І ўсё гэта без масавых ахвяраў, — працягвае ён. — Пры ўсім вар’яцкім сілавым ціску, без узмацнення жорсткасці, без намёкаў на грамадзянскую вайну. Гэта надзвычайны прыклад грамадзянскага супраціву. Няма сумневаў, ён прывядзе да дэмакратычных зменаў у Беларусі ў найбліжэйшай будучыні». 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?