Апэляцыі апазыцыі да краінаў Захаду і да Пуціна перад самітам G8 выклікалі неадназначныя пачуцьці. Піша Віталь Тарас.

Падчас фіналу Чэмпіянату сьвету па футболе, на вачох у мільярдаў тэлегледачоў, капітан зборнай Францыі Зыдан ударыў галавой у грудзі італьянскага футбаліста Матэрацы. Гэта сталася галоўнай падзеяй ня толькі ЧС-2006, але сусьветнай палітыкі.

Некалькі дзён запар самыя буйныя інфармацыйныя кампаніі плянэты бясконцую колькасьць разоў паўтаралі кадры відэазапісу, на якіх высьвятляюць паміж сабой адносіны дзьве футбольныя зоркі.

Скажыце «чы-ы-ыз»!

Інтэрвію Зыдана, у якім ён тлумачыў, чым яго гэтак зьняважыў італьянец, падавалася ў тэленавінах Сі-Эн-Эн і Бі-Бі-Сі адразу за паведамленьнем пра ваенную апэрацыю Ізраілю ў Лібане (фактычна, пачатак новай вайны на Блізкім Усходзе) і наступствы крывавых тэрактаў у Бамбэі.

Ня можа быць ніякіх прэтэнзіяў да тэлеканалаў. Актуальнасьць навінаў вызначаецца тым, што цікавіць найбольшую колькасьць гледачоў у пэўны момант. Мільярды футбольных заўзятараў больш цікавіць, што скажа Зыдан, чым тое, што скажуць ці зробяць Эхуд Ольмэрт, Ахмадзініжад ці нават Буш.

З гэтага гледзішча цалкам зразумела, што тэма саміту «вялікай восемкі» ў Пецярбурзе калі й прысутнічала ў выпусках навінаў, дык далёка не на першых месцах. За выключэньнем, зразумела, расейскіх каналаў, дзе інфармацыя даўно саступіла месца прапагандзе.

Сустрэчы лідэраў сямі найбольш індустрыяльна разьвітых краін сьвету, да якіх далучылася Расея, нічога, насамрэч, не вырашаюць і нікога ні да чаго не абавязваюць. Нефармальная сустрэча ёсьць нефармальнай сустрэчай, і ня больш за тое, нават калі сустракаюцца кіраўнікі супэрдзяржаваў. Гісторыя падчас такіх самітаў, як правіла, ня робіцца. Часьцей за ўсё, кіраўнікі дзяржаваў на іх проста фатаграфуюцца «для гісторыі».

Зразумела, для мэнтальнасьці былых савецкіх грамадзянаў, выхаваных на шанаваньні высокага начальства, прыезд у былую сталіцу Расейскай імпэрыі кіраўнікоў дзяржаваў Захаду – моцнае ўзрушэньне.

А для заходняга ж абываталя сам па сабе саміт G8 – малацікавая падзея. Вастрыні ранейшым самітам дадавалі «антысаміты» антыглябалістаў. Сутычкі анархістаў і «зялёных» зь сіламі правапарадку на подступах да месцаў, дзе праводзяцца сустрэчы ў вярхах, выклікаюць куды большую ўвагу прэсы, чым самі перамовы.

Расейскім спэцслужбам, аднак, удалося навесьці ў Санкт-Пецярбургу ўзорны парадак.

У выніку горад на Няве цалкам нагадваў бы Маскву падчас Алімпіяды-80, калі ўсе «падазроныя элемэнты» – прастытуткі, алькаголікі і дысыдэнты –

былі выселеныя ажно за 100-ты кілямэтар. І толькі 38 чалавек, якія спрабавалі перакрыць рух у цэнтры Санкт-Пецярбургу, у тым ліку беларусы, уратавалі гонар антглябалісцкага руху.

З улікам таго, што на дварэ 2006 год, грамадзкім актывістам і праваабаронцам з Расеі, а таксама Беларусі ўдалося усё ж такі напярэдадні саміту сабрацца разам, каб паспрабаваць зьвярнуць увагу Захаду на аўтарытарны характар рэжымаў абедзьвюх краін. Зь некаторымі актывістамі нават сустрэўся прэзыдэнт Буш. Ён запэўніў удзельнікаў сустрэчы, што не зьбіраецца чытаць натацыяў наконт дэмакратыі «свайму сябру» Пуціну. А калі й закране вострыя тэмы, дык толькі ў прыватнай размове.

Такім чынам, калі Буш і зьбіраўся пры сустрэчы з Пуціным закрануць тэму Беларусі, то мы, хутчэй за ўсё, аб гэтым ніколі дакладна не даведаемся. А калі даведаемся – дык з другасных крыніц.

Але наколькі вялікае значэньне варта надаваць словам кіраўнікоў Захаду адносна Беларусі? Ці варта было ўвогуле ўскладаць вялікія спадзяваньні на саміт «восемкі» – на тое, што Захад націсьне на Пуціна, каб той перастаў падтрымліваць рэжым Лукашэнкі?

Будзем лічыць да васьмі...

З аднаго боку, саміт ствараў добрую падставу для беларускіх палітыкаў і праваабаронцаў, каб чарговы раз нагадаць сьвету пра існаваньне Беларусі, прыцягнуць увагу да парушэньня правоў чалавека і сытуацыі ў краіне пасьля сакавіцкіх выбараў. І гэтая нагода была ў пэўнай ступені выкарыстаная.

Але ж пастаянныя апэляцыі беларускай дэмакратычнай апазыцыі да краінаў Захаду і да Пуціна цягам апошніх тыдняў – апэляцыі, у якіх часам адчуваліся амаль гістэрычныя ноткі, выклікалі, мякка кажучы, неадназначныя пачуцьці.

Па-першае, апэляваць да ўдзельнікаў нефармальнай (нагадаем) сустрэчы – значыць ня проста ўскладаць спадзяваньні на тое, што нехта звонку, вялікія дзядзькі, вырашаць праблемы маленькай Беларусі. Форма «саміту», да якога зьвярталіся беларускія дэмакраты, азначае, што пытаньні міжнароднай палітыкі (а таксама двух- ці шматбаковых стасункаў паміж рознымі краінамі) па-ранейшаму можна вырашаць кулюарна, у свайго роду клюбе абраных. Гэтак вырашыліся лёсы народаў Эўропы ў Ялце і Патсдаме.

Лідэры G7, трэба аддаць ім належнае, заўсёды падкрэсьліваюць нефармальны характар сваіх самітаў, неабавязковы характар прынятых на іх нават не рашэньняў, але падыходаў, каб ня быць западозранымі ў непавазе да астатніх краінаў. Ёсьць жа, урэшце, Рада Эўропы, Эўразьвяз, Сусьветная гандлёвая арганізацыя...

А вось дэмакратычныя сілы ў Беларусі надавалі саміту ў Санкт-Пецярбурзе непрапарцыйна вялікае значэньне.

Па-другое, той факт, што саміт «вялікай восемкі» адбываўся ў Расеі, зрабіў загадзя бессэнсоўнымі заклікі да гасьцей саміту крытыкаваць яго гаспадара. Сам па сабе гэты факт азначаў, што Захад гатовы заплюшчыць вочы на Чачэнію, на Хадаркоўскага, на вяртаньне расейскіх СМІ пад поўны кантроль дзяржавы, на ўзаемаадносіны Расеі і Беларусі, урэшце і на прысуд экс-кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Казуліну.

Апэляцыя да сяброў «восемкі», у тым ліку да Пуціна, азначала, фактычна, што беларуская апазыцыя прызнае легітымнасьць старшынства ў ім Расеі (чаго не прызнаюць многія на Захадзе), а значыць – яе маральнае права дыктаваць свае ўмовы правядзеньня саміту. Што Крэмль з бляскам і прадэманстраваў.

Ёсьць у гэтай падзеі, безумоўна, і другі бок. Гэта тыя сем краінаў, якія пайшлі на паклон да Пуціна.

Але, крытыкуючы іх кіраўнікоў, трэба ўвесь час памятаць, што ў сваіх перадвыбарных праграмах гэтыя дэмакратычна абраныя лідэры нікому не абяцалі, што яны пачнуць дапамагаць Беларусі стаць вольнай. Яны ўвогуле нідзе і ніколі не казалі, што дэмакратызацыя Беларусі ёсьць прыярытэтам у іхнай палітыцы. Мільёнам амэрыканцаў, немцаў, французаў, італьянцаў няма справы да правоў чалавека ў Беларусі. Гэта факт. Тым больш, што да іх няма справы пераважнай большасьці саміх беларусаў.

Падчас сакавіцкіх падзеяў у Менску Плошча не сыходзіла з экранаў замежных тэлекампаніяў. Але не таму, што замежныя журналісты раптам прасякнуліся спачуваньнем да беларусаў. А таму што беларусы (няхай маленькая іх купка) паспрабавалі рабіць гісторыю самі для сябе, а не чакаць, што скажуць пра іх Буш з Пуціным. Бясстрашша купкі людзей зьдзівіла сьвет. Больш за тое, пацьвердзілася правіла: этычны ўчынак – гэта, перш за ўсё, прыгожы ўчынак. Прыгажосьць Плошчы не магла не зачараваць сьвет нармальных людзей.

Але ён, чужы сьвет, не абавязаны ўвесь час памятаць пра чужы ўчынак. Пра яго абавязаная памятаць апазыцыя – для таго, каб самой рабіць учынкі.

Казус Зімоўскага

Ліст эўрапарлямэнтара Вірсмы Мілінкевічу, дзе выказваецца зьдзіўленьне наконт частых паездак лідэраў апазыцыі ў эўрапейскія сталіцы, можа выклікаць крыўду. Лідэры апазыцыі самі, без падказак эўрапарлямэнтароў здольныя вырашыць, якую стратэгію ім абіраць і куды езьдзіць. Але што запярэчыць на словы, што не ў эўрапейскіх палацах заваёўваюць сымпатыі беларускіх выбарцаў?

Выпадак з выдачай візы кіраўніку Белдзяржтэлерадыё ў партугальскім кансуляце ў Маскве, насуперак забароне Эўразьвязу на ўезд, выклікае сумненьні ў здольнасьці гэтай структуры кантраляваць выкананьне ўласных рашэньняў. Але ці так ужо трэба было апазыцыі выказваць падзяку з нагоды прыняцьця абмежаванага сьпісу чыноўнікаў? Калі недзе

ў прыстойным доме лічаць непрыстойным прымаць у сябе махляроў і нягоднікаў, дык гэта нармальныя паводзіны. Санкцыі – з маральнага гледзішча – найперш патрэбны былі заходнім краінам, каб не выглядаць крывадушнымі.

А не апазыцыі. Калі яна, зразумела, не разьлічвала расправіцца з айчыннымі чыноўнікамі рукамі чыноўнікаў заходніх.

З другога боку, калі сьпіс «неўязных» быў прыняты ў якасьці, так бы мовіць, падарунку апазыцыі, «дзеля адчэпнага», каб хоць неяк, фармальна адрэагаваць на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, тады гэтаму дакумэнту грош цана і трэба на яго проста забыцца. Калі ж ён разглядаецца ў якасьці інструмэнту палітыкі Захаду з мэтай рэальна паўплываць на сытуацыю ў Беларусі, то Эўразьвяз павінен несьці адказнасьць за свае дзеяньні. І апазыцыя можа і павінна адкрыта крытыкаваць краіны Эўразьвязу за нядбайнасьць ужо яго чыноўнікаў.

Так што калі прадстаўнік Фінляндыі, якая старшынюе цяпер у Эўразьвязе, гаворыць аб неэфэктыўнасьці палітыкі санкцыяў што да Беларусі, дык апазыцыя мае поўнае права задаць пытаньне ў адказ: а як вы маглі дапусьціць «казус Зімоўскага»?

Прыкладаў неадэкватнай, неэфэктыўнай і нават, калі называць рэчы сваімі імёнамі, проста баязьлівай палітыкі заходніх урадаў у дачыненьнях з афіцыйным Менскам назапасілася за апошнія гады шмат. І аб гэтым трэба ўжо казаць уголас.

Але спачатку апазыцыя павінна навучыцца паважаць саму сябе.

Любыя замежныя кантакты надзвычай важныя. Заручыцца падтрымкай кіраўнікоў Захаду, найперш – «вялікай сямёркі», зусім ня лішне. Але разьлічваць на тое, што спачатку Захад ці нехта яшчэ забясьпечыць апазыцыю рэсурсамі на разьвіцьцё дэмакратыі, а потым ужо трэба пачынаць за яе змагацца, – значыць, ня толькі не паважаць саміх сябе, але ня верыць у посьпех сваёй справы.

А калі сам сабе ня верыш, як разьлічваць на тое, што табе павераць і пойдуць за табой астатнія?

І яшчэ ёсьць пытаньне: цікава, як бы склаўся лёс амэрыканскай дэмакратыі, калі б айцы–за- снавальнікі ЗША чакалі б дапамогі ў справе незалежнасьці ад караля і парлямэнту Англіі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0