Фота: bizmrg.com. 

У рэдакцыю «НН» звярнулася настаўніца з Віцебска Наталля, якая расказала, што адміністрацыя школы, у якой яна працуе, прымушае педагогаў афармляць падпіску на дзяржаўныя газеты.

«Праблеме не першы год, але вырашыць яе ніяк не можам. Вы скажаце: «Не хочаце — не плаціце». Але ўсім нязгодным адміністрацыя школы нагадвае, што мы бюджэтнікі, дзяржава плаціць нам зарплату. Маўляў, сядзіце і маўчыце. Не падабаецца — да пабачэння. А каму хочацца губляць працу?» — кажа Наталля.

Па словах жанчыны, грошы збіраюць не толькі з настаўнікаў, але таксама са школьнай адміністрацыі і бацькоў вучняў.

«Атрымліваецца каля 90 газет на школу. Збіраем на гэта прыкладна 1400 рублёў. Плюс прымушаюць афармляць падпіску на сваё імя. Мы з калегамі падлічылі. За квартал на гэта ўсё кожны выкідвае у сярэднім 40-60 рублёў. Добра яшчэ, калі б гэтыя газеты хтосьці чытаў. Але ж іх ці адносяць у бібліятэку, ці вокны імі ўцяпляюць», — кажа жанчына.

Такая аб'ява з'явілася ў адной з мінскіх школ. Фота вучняў.

Падобную гісторыю нам расказаў і настаўнік з Гомеля. Але ў яго на падпіскі пайшло ажно 75 рублёў за квартал:

«Калі мы сталі абурацца, паабяцалі нейкую частку грошай вярнуць прэміяй за снежаньскую зарплату, але нагадалі, што па законе за падпіску на перыядычныя выданні, якія выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай працы, нам і так кампенсуецца частка выдаткаў. Маўляў, не жальцеся».

Гаворка ідзе пра пастанову Міністэрства адукацыі Беларусі ад 19 кастрычніка 2011 года № 273 «Аб вызначэнні парадку, умоў і кампенсацыі выдаткаў на набыццё вучэбнай і метадычнай літаратуры». Па гэтай пастанове настаўнікам сапраўды кампенсуюць выдаткі — 24,5% ад базавай велічыні. Улічваючы, што базавая велічыня складае 29 рублеў, то гаворка ідзе аб кампенсацыі ў 7 рублёў 1 капейку.

Па расказах педагогаў, выпісваць іх абавязваюць у асноўным рэспубліканскія выданні, а калі настаўнікі з рэгіёнаў, то яшчэ і мясцовыя. У топе добраахвотна-прымусовай падпіскі «Настаўніцкая Газета», «СБ. Беларусь сёння», «Мінскі Кур’ер», «Беларуская думка», «Звязда», «Рэспубліка», «Юный спасатель».

«Пры гэтым за свае ж грошы мы купляем метадычныя матэрыялы да ўрокаў. Да прыкладу, камплект плакатаў для майго прадмета каштуе 80 рублёў. Што рабіць, купляю», — расказвае настаўніца англійскай мовы Карына.

Як расказваюць педагогі, усім незадаволеным і нязгодным намякаюць, што ніхто нікога не трымае і працаваць не прымушае. Маўляў, сыдуць яны — наступным днём іх месцы зоймуць іншыя, лаяльныя да загадаў адміністрацыі.

Юрыст: «Адмова ад падпіскі не з’яўляецца падставай для прымянення да вас мер дысцыплінарнага спагнання»

Мы спыталі ў юрыста, што з нагоды абавязалаўкі па падпісцы на газеты і часопісы кажуць законы.

«Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае патрабаванняў аб неабходнасці падпіскі для педагогаў на якія-небудзь выданні, нават калі гаворка ідзе пра профільныя выданні. Прымус да падпіскі з’яўляецца незаконным, — каментуе юрыстка Алена Сакалова. — Адмова ад падпіскі не з’яўляецца падставай для прымянення да вас мер дысцыплінарнага спагнання».

Вось якую параду юрыстка дае на выпадак, калі вышэйзгаданы аргумент адміністрацыі школы падаецца непераканаўчым:

«Калі вас прымушаюць падпісвацца на друкаваныя выданні, вы маеце поўнае права праігнараваць гэты прымус. Не дапамагае — папрасіце даць хаця б адзін афіцыйны дакумент, які абавязвае вас падпісацца на друкаванае выданне. Такіх дакументаў няма. Не дапамагае нават гэта? У такім выпадку раю нагадаць адміністрацыі вашай школы пра існаванне дадатку 1.1 інструкцыйна-метадычнага ліста «Аб правядзенні інфармацыйных і класных гадзін» ад 30 студзеня 2018 года, у якім Міністэрства адукацыі «звяртае ўвагу на недапушчальнасць прыцягнення да набыцця дапаможнікаў і падпіскі на перыядычныя выданні за асабістыя грашовыя сродкі педагагічных работнікаў».

Хочацца сказаць вось яшчэ што. Пра праблему з абавязковымі падпіскамі ў школах я чую кожны год. І кожны год чую адны і тыя ж аргументы ад педагогаў: «Ведаем, што незаконна, але падпісваемся, таму што баімся страціць працу». Але вось у чым я ўпэўненая: без праўлення ініцыятывы і настойлівасці адстаяць свае правы наўрад ці атрымаецца.

Калі баіцеся, што пасля адмовы падпісацца на газеты на вас пачне ціснуць школьная адміністрацыя, раю адмовіцца ў пісьмовай форме, каб потым было што прад’явіць вышэйстаячым органам або суду. Упэўненая, што прымусовую здачу грошай неадпаведнай Працоўнаму кодэксу прызнае нават беларускі суд. Некалькі такіх спраў — і сітуацыя зменіцца».

Чытайце таксама:

Перад настаўнікам паўстае маральны выбар: альбо ён прытрымліваецца гістарычнай праўды, альбо плюе на любую праўду — Ганна Севярынец пра новыя падручнікі

«Калі нічога не зменіцца, хутка сыдуць самыя годныя педагогі». Настаўнікі ўвайшлі ў топ-10 запатрабаваных спецыяльнасцяў Мінска

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?