Брэжнеўка на першым паверсе

Аднапакаёўку з неблагім рамонтам прадаюць недалёка ад метро «Партызанская» (на вуліцы Народнай). Брэжнеўка на першым паверсе, з маленькай кухняй, паркетнай падлогай і сумежным санвузлом. Можна заязджаць і адразу жыць. Праўда, аздабленне асноўнага пакоя на аматара — у ружова-фіялетавых адценнях. 

За кватэру (плошча — 31,9 квадратнага метра) просяць 39 900 даляраў. Побач з панэлькай два паркі — 50-годдзя Вялікага кастрычніка і імя Чынгіза Айтматава.

Стандартная хрушчоўка

Яшчэ адзін варыянт недалёка ад метро «Партызанская» (вуліца Райніса). Плошча — 31,5 «квадрата». Цана — 39,5 тысячы даляраў. Стандартны для «хрушчоўкі»: старая секцыя, нацяжная столь, фарбаваныя сцены ў ванным пакоі.

«Ціхі, спакойны раён, акружаны зелянінай», — гаворыцца ў апісанні. У квартале — чатыры дзіцячыя садкі, школа і гімназіі.

Мініяцюрны варыянт

За 38 тысяч даляраў можна набыць аднапакаёўку ў раёне метро «Аўтазаводская» (вуліца Кабушкіна). Цагляны дом 1970 года пабудовы (пяць год таму быў капітальны рамонт), трэці паверх, светлыя пакой і кухня. Аддаюць з мэбляй і побытавай тэхнікай.

Але кватэра мініяцюрная — 22,1 «квадрата».

З відам на лес

За гэты бюджэт можна набыць маласямейку на ўскрайку горада ў Заводскім раёне (вуліца Герасіменка). Кватэра на дзявятым паверсе, стары рамонт — з лінолеумам, антрэсолямі і ўбудаванымі шафамі. За 33 «квадраты» просяць 38 900 даляраў.

З бонусаў — від на лес з акна.

Сонечная кватэра

Вось такі варыянт выстаўлены на продаж каля Лошыцкага парку (вуліца Сонечная). Цагляны дом 1970-х гадоў, зашклёны балкон. Добры рамонт, хоць, канечне, каляровае рашэнне — справа густу. Мэблю і бытавую тэхніку пакідаюць будучым жыхарам.

Кватэра каштуе 39 900 даляраў.

Аднушка з еўрарамонтам нулявых

Аднапакаёўку ў хрушчоўцы за МКАДам аддаюць за 39 тысяч даляраў. Вуліца Шабаны, да найбліжэйшага метро 15 хвілін на аўтобусе. Інтэр’ер нагадвае так званы еўрарамонт нулявых — аркі ў праходах, мэблевыя гарнітуры з ДСП. Але агулам кватэра гатовая да пражывання.

Плошча — 32 квадратныя метры. У доме быў капрамонт.

Цёмныя інтэр'еры

Яшчэ адна хрушчоўка. Гэтая кватэра з цёмнымі інтэр’ерамі знаходзіцца недалёка ад метро «Пушкінская» (вуліца Берута). У аднушцы пакідаюць шафу, жк-тэлевізар, стол-кнігу і часопісны столік. З тэхнікі застаецца пральная машына, мікрахвалёўка і лядоўня. За аднапакаёўку (32,2 «квадрата») просяць 39 тысяч даляраў.

Новабудоўля ў Грушаўцы

За такую цану можна знайсці не толькі другаснае жыллё, але і новабудоўлю. Напрыклад, каля метро «Грушаўка» — у жыллёвым комплексе «Мінскі квартал». Свабодная планіроўка, сумесны санвузел, зашклёная лоджыя. За 26 «квадратаў» трэба выкласці 40 тысяч даляраў. Праўда, кватэра яшчэ не гатовая. Плануецца, што будаўніцтва скончаць у наступным годзе.

Студыя на любы густ

Сотні новых кватэр прадаюцца ў жыллёвым комплексе «Мінск Свет». Забудоўшчык прапануе папулярны фармат — кватэры-студыі кампактнай плошчы. Некаторыя ўжо здалі, некаторыя плануюць здаць толькі ў 2023-м.

Там можна знайсці варыянты ад 33 тысяч даляраў. За такую цану прадаюць, напрыклад, аднапакаёўку плошчай 27,6 «квадрата».

***

Усяго ў сталіцы прадаецца больш за 16 тысяч кватэр (па звестках Realt.by). Танней за 40 тысяч даляраў прапануюць 3,5 тысячы варыянтаў. З іх каля сотні — долі ў кватэрах, тры тысячы — прапановы ад «Мінск Свет».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?