Муж Паліны Андрэй Шарэнда з'ехаў ад пераследу за мяжу, дзеці жывуць у Беларусі з бабуляй, фактычна высяляюць і іх, кажа Андрэй.

«Мы апошнія 6 год жылі ў камерцыйнай арэнднай кватэры, якую здаваў гарвыканкам, распавёў «Свабодзе» Андрэй Панасюк. — Груба кажучы, заключаецца дамова на доўгі тэрмін, на пяць год, на арэнду кватэры і ты там жывеш, прычым плаціш не па льготным у тарыфе, як дзяржава кажа, а па коштах нават вышэйшых, чым на рынку, прынамсі мы так апошнім часам плацілі.

І вось, як я даведаўся, з 1 снежня экстраным рашэннем кіраўніка гарвыканкама нас пазбавілі права на арэнду і прыйшоў загад пакінуць памяшканне на працягу некалькіх тыдняў. Дакладнага тэрміну не ведаю, без прадастаўлення іншага жылога памяшкання. Я, жонка і дзеці былі там прапісаныя і зарэгістраваныя больш за шэсць год.

У іншым месцы цяпер, натуральна, ні я, ні Паліна не можам зарэгістравацца. Такім спосабам яны пазбавілі мяне, дзяцей і жонкі рэгістрацыі ў Беларусі, прапіскі і часткі грамадзянства, можна і так сказаць. Там пакуль знаходзяцца нашы рэчы, не ведаю, колькі часу нам дададуць, каб выселіцца».

У рашэнні гарвыканкама ад 1 снежня, якое даслалі Андрэю Панасюку, паведамляецца пра скасаванне рашэння гарвыканкама ад 2 лістапада 2021 года наконт прадстаўлення арэнднага жытла.