Aляксандр Плескацэвіч

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Наталля Буднік. Паводле матэрыялаў справы, «з 1 па 28 жніўня 2021 года Аляксандр Плескацэвіч нанёс у вёсцы Куршыновічы Ляхавіцкага раёна надпісы і малюнкі белага і чырвонага колераў на апоры ліній электраперадач, электрычны шчыток і сцяну будынка Куршыновіцкага фельчарска-акушэрскага пункта. Пасля гэтага абвінавачаны, дзейнічаючы з выключным цынізмам, нанёс бел-чырвона-белыя малюнкі на тры драўляныя крыжы, пастаўленыя ля дарогі на ўездзе ў вёску, чым зняважыў хрысціянскія сімвалы».

Таксама мужчыну абвінавацілі ў тым, што «з 8 па 18 верасня 2021 года ў тым жа населеным пункце з хуліганскіх памкненняў падсудны нанёс надпісы і малюнкі фарбай белага і чырвонага колераў яшчэ на 13 апор ліній электраперадач і электрычны шчыток». Таксама бок абвінавачвання паведаміў суду, што нанесеную сваімі дзеяннямі шкоду РУП «Брэстэнерга» падсудны не кампенсаваў.

Такім чынам, Аляксандра Плескацэвіча вінавацяць у тым, што ён двойчы зрабіў адно і тое ж — расфарбоўваў белай і чырвонай фарбай хаты, слупы і будынкі ў сваёй жа вёсцы.

Пра падсуднага вядома, што ён жыве ў вёсцы Куршыновічы ў хаце памерлай мамы, афіцыйна беспрацоўны, але падпрацоўвае ў прыватніка — нарыхтоўвае дровы.

На некалькіх пасяджэннях суда, падчас якіх разглядалася справа Аляксандра Плескацэвіча, падсудны сваю віну не прызнаваў:

«Мне сказалі, што я пафарбаваў фарбай слупы. Але я нічога не рабіў, нічога не фарбаваў».

«Вы самі слупы з бела-чырвонай фарбай бачылі?» — удакладніў бок абвінавачвання.

«Я не ўглядаўся. Белы колер бачыў, чырвоны не бачыў».

Паводле абвінавачанага, два з чатырох пратаколаў апытання ён нават не чытаў. 

6 снежня суд Ляхавічаў прызнаў Аляксандра Плескацэвіча вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 і ч. 2 артыкула 339 КК РБ («Хуліганства») і асудзіў яго да 2 гадоў «хіміі», пастанавіўшы вярнуць падсуднаму майку, спартыўныя штаны і гумавыя боты. Бляшанку фарбы і пэндзлі знішчыць, а працэсуальныя выдаткі і шкоду «Брэстэнерга» ў памеры 78 рублёў і 78 капеек кампенсаваць.