Гаянэ Ахціян, маці Рамана. Фота з сямейнага архіва

Гаянэ Ахціян, маці Рамана. Фота з сямейнага архіва

«З'ехаў з-за сістэмнага пераследу»

Раман з’ехаў з Беларусі яшчэ ў 2019 годзе.

«З-за сістэмнага пераследу, — тлумачыць ён. — Мне сказалі, да выбараў на волі не прахаджу. Я хваляваўся, што па надуманай падставе мяне пасадзяць».

Хлопца ў мінулым не раз затрымлівалі па адміністрацыйных артыкулах. Апошняй кропляй для яго стаў налёт сілавікоў, калі яны з таварышамі сустракаліся ў прыватным доме недалёка ад Кобрына.

«Нас тады накрыў САХР — са шчытамі, аўтаматамі. 20 чалавек іх было недзе. Як звычайна, усіх паклалі тварам у падлогу, хлопцаў збівалі.

Мы двое сутак правялі ў ізалятары, пакуль яны збіралі ўсе пашпартныя звесткі. Не выпускалі нас, пакуль апошні чалавек не назваў свае даныя. Пасля ўсіх адпусцілі. Напісалі, што былі затрыманыя для высвятлення асобы.

І я тады зразумеў, што патрэбны нейкі перапынак, і выехаў ва Украіну».

«Пазбавілі віду на жыхарства»

Летам 2020-га хлопца пазбавілі віду на жыхарства ва Украіне. Прычына гучала так: яго палічылі «асобай, якая прадстаўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы». 

«Наколькі разумею, ГУБАЗ актыўна дасылаў СБУ інфармацыю на тых анархістаў, якія выехалі з Беларусі. Таму складана зразумець, чыя гэта была ініцыятыва. Тады была яшчэ справа вагнераўцаў, магчыма, яна паўплывала.

Калі мяне пазбавілі віду на жыхарства, беларускія сілавікі пачалі пагражаць мне ў сваіх каналах, што да мяне дабяруцца, дэпартуюць, што я сяду ў суседнюю камеру з астатнімі затрыманымі хлопцамі.

Мяне аб’явілі ў вышук з фармулёўкай «з’яўляецца арганізатарам акцыі» — без усякай канкрэтыкі, без указання артыкула Крымінальнага кодэкса. Мяне было складана знайсці ва Украіне — там дастаткова лёгка жыць падпольна. Я падбіраў момант, каб з’ехаць у Польшчу і каб рызыка быць дэпартаваным з-за мяжы была мінімальнай. І калі пасадзілі самалёт з Пратасевічам, я зразумеў, што гэты момант надышоў. Пасля такога рэзанансу і жорсткай рэакцыі Еўропы мяне не змаглі б дэпартаваць, гэта рэпутацыйныя рызыкі». 

Цяпер Раман жыве ў Польшчы. Працуе інжынерам па тэсціраванні, удзельнічае ў акцыях.

Пасля адной з такіх акцый, у памяць Андрэя Зельцэра, на яго завялі крымінальную справу па артыкуле 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Але Раман мяркуе, гэта не адзінае, у чым яго абвінавачваюць.

«Заведзена вялікая справа супраць анархісцкай арганізацыі, па якой каля 10 чалавек у СІЗА сядзяць. Францкевіч, Гаеўскі-Ханада, Чапюк, Казлянка, Шпетны, Рабкова… Там артыкулаў 16, і я, напэўна, па многіх з іх праходжу. Па самым цяжкім з артыкулаў людзям свеціць да 15 гадоў».

«Сілавікі цікавіліся маімі дзіцячымі здымкамі»

Маці Рамана 56 гадоў. Апошнім часам Гаянэ Ахціян жыла ў Полацку, часова не працавала. У мінулым годзе жанчына адседзела 11 сутак — яе затрымалі на акцыі ў Мінску. Але пасля таго, кажа хлопец, яе не чапалі і пра яго не распытвалі.

З вобшукам да Гаянэ прышлі 26 лістапада. Выламалі дзверы, забеглі з аўтаматамі, перавярнулі ўвесь дом.

Скрыншот з відэа вобшуку

Скрыншот з відэа вобшуку

«Сілавікі цікавіліся, як гэта ні дзіўна, маімі дзіцячымі здымкамі. Чамусьці іх пасля апублікавалі, не ведаю чаму — можа, гэта неяк мяне мусіла зачапіць? Забралі страйкбольны прывод, штосьці яшчэ з рэчаў».

Тое, як праходзіў вобшук, можна пабачыць на відэа, выкладзеным на каналах, блізкіх да сілавікоў. Кадры суправаджае надпіс: «Бацькі ў адказе за сваіх дзяцей».

Гаянэ затрымалі спачатку па адміністрацыйным артыкуле, за непадпарадкаванне міліцыі. Далі 10 сутак. Раман дзеліцца, што адваката ў Полацку было складана знайсці. Ніхто не хацеў брацца за справу, бо яна палітычная, баяліся пазбавіцца ліцэнзіі.

«Мама ад паказанняў адмаўляецца»

Пра крымінальную справу сям’я даведалася ад следчага. Той 2 снежня патэлефанаваў брату Рамана і сказаў, што Гаянэ этапавалі на Акрэсціна. Артыкул 342, частка 1 — арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

«Відаць, прычына — фота з ланцуга салідарнасці, якое сілавікі выкладалі ў сваім відэа, — лічыць Раман. — Мама ад паказанняў адмаўляецца, трымаецца бадзёра. Не ведаю, ці этапавалі яе ўжо на Валадарку».

Хлопец згадвае, што незадоўга да гэтага з вобшукам прыходзілі да маці Яўгена Жураўскага, анархіста, на якога ў кастрычніку таксама завялі справу па артыкуле 130 за акцыю памяці Зельцэра.

«Я тады зразумеў, што наступным па чарзе магу быць я. Ці меркаваў я, што маму затрымаюць па крымінальнай справе? Я здагадваўся, што рана ці позна з пачуцця помсты, бо не могуць да мяне дабрацца, пачнуць ціснуць на сваякоў.

Думаю, такіх людзей шмат, у каго пакутуюць родныя ў Беларусі. Проста ў кагосьці няма кантактаў журналістаў, хтосьці ўспрымае гэта як звычайнасць. Адзінае адрозненне майго выпадку — тое, наколькі цынічна гэта было зроблена. У відэа яўна пішуць, што гэта помста. Паказваюць, што ўжо не будзе нейкай мяжы, якую нельга перайсці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0