У другі тур, які адбудзецца 19 снежня, выйшлі ўльтралевы студэнцкі актывіст Габрыель Борыч і ультраправы кансерватар і бацька дзевяці дзяцей Хасэ Антоніа Каст.

Борыч і Каст, фота Ex-ante.

Борыч і Каст, фота Ex-ante.

Першы тур выбараў у Чылі прайшоў 21 лістапада. Ультраправы Хасэ Антоніа Каст заняў першае месца, набраўшы каля 27,9% галасоў. На другім месцы быў 35-гадовы Габрыэль Борыч, малады ультралевы палітык і былы студэнцкі лідар, які атрымаў прыкладна 25,8% галасоў.

Кандыдаты ад правацэнтрысцкіх і левацэнтрысцкіх партый, якія па чарзе кіравалі краінай 30 гадоў з моманту адыходу ад улады Піначэта, занялі нявыйгрышныя чацвёртае і пятае месцы адпаведна. За традыцыйныя партыі прагаласавала толькі чвэрць чылійцаў.

У чым жа прычыны?

Яшчэ ў 2019 годзе краіна сутыкнулася з масавымі пратэстамі, выкліканымі эканамічнай няроўнасцю і разрывам ва ўзроўні даходаў багатых і бедных чылійцаў.

Дзякуючы неаліберальнай эканамічнай мадэлі, Чылі дзесяцігоддзямі перажывала эканамічны рост, але так і не змагла пераадолець няроўнасць.

Акты вандалізму, уключаючы падпалы станцый метро і ўрадавых будынкаў, выклікалі жорсткую рэакцыю сілавікоў, якія стралялі гумавымі кулямі ў дэманстрантаў. У адказ на пратэсты левых і беспарадкі ў краіне пачалося стварэнне новай канстытуцыі. На гэта пагадзіўся правы прэзідэнт Себасцьян Піньера.

Гэта прывяло да глыбокага палітычнага крызісу, палярызацыі палітычнага жыцця і жорсткага супрацьстаяння левых і правых сіл. Гэта можа разладзіць сітуацыю ў Чылі і пагоршыць сітуацыю ва ўсім рэгіёне.

Хто такі Хасэ Антоніа Каст?

55-гадовы ўльтракансерватыўны бацька дзевяці дзяцей, выступае супраць іміграцыі, аднаполых шлюбаў і паліткарэктнасці, за традыцыйныя сямейныя каштоўнасці і жорсткую барацьбу са злачыннасцю, і нават публічна выказаў сваё захапленне дыктатурай Піначэта.

На думку Каста, пратэсты 2019 года былі праблемай правапарадку. Каст выступае супраць новай канстытуцыі і абвінавачвае традыцыйных правых у тым, што яны так лёгка пагадзіліся з патрабаваннямі левых сіл. Каст кажа, што ў другім туры ў чылійцаў ёсць выбар паміж «свабодай і камунізмам». Ён прапануе знізіць падаткі, паменшыць ролю дзяржавы, вырыць памежную траншэю, каб не ўпускаць мігрантаў з Венесуэлы і іншых краін. Таксама ў праграме палітыка прапануецца цалкам забараніць аборты (хаця яны ўжо амаль цалкам забароненыя ў Чылі, за рэдкім выключэннем).

Што вядома пра Габрыеля Борыча?

Борыч з'яўляецца лідарам ультралевага крыла. 35-гадовы палітык, які не любіць гальштукаў, можа стаць самым маладым прэзідэнтам Чылі. Ён выступае за прыняцце новай канстытуцыі і кажа, што прыйшла пара пахаваць неаліберальную мадэль кіравання краінай і пачаць змагацца з няроўнасцю.

Борыч прапануе павялічыць падаткі для багатых, скараціць працоўны дзень, павялічыць мінімальны заробак, дараваць студэнцкія даўгі за аплату навучання, павысіць ролю дзяржавы ў эканоміцы, перагледзець пенсійную і сацыяльную сістэмы Чылі і звярнуць увагу на пытанні экалогіі. Таксама Борыч выступае за легалізацыю абортаў і аднаполых шлюбаў. У альянс Борыча ўваходзіць Камуністычная партыя Чылі.

Амаль усю кампанію лідзіраваў Борыч. Аднак Каст стаў імкліва скарачаць сваё адставанне на фоне стомленасці чылійцаў ад палітычнага насілля і пратэстаў левых.

Найбольшая інтрыга другога тура — за каго будуць галасаваць умераныя кансерватары. Ім прыйдзецца выбіраць паміж ультраправым папулістам з сумнеўнай прыхільнасцю да дэмакратыі, або падтрымліваць ультралевага Борыча, які, магчыма, і не пагражае дэмакратыі, але яго радыкальныя і спрэчныя прапановы палохаюць многіх выбаршчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0