Аліна Нагорная і Ігар Случак.

Аліна Нагорная і Ігар Случак.

«Калі мы пераехалі ў вёску, жахнуліся, як усё занядбана! Дарога разбітая, прыпынкі страшныя, усё паламанае… Мы зразумелі, што ў нас толькі два шляхі: або чакаць, калі тут стане камфортна жыць і ніколі не дачакацца, або ўзяць справу ў свае рукі. Мы падышлі да справы юрыдычна — вывучылі профільнае заканадаўства і распрацавалі звароты. Мы дасылалі іх у розныя інстанцыі: ад выканкама, санстанцыі, ЖКГ і энергазбыту да Камітэта дзяржаўнага кантролю і міністэрстваў. І гэта спрацавала!

Дарогу на нашай вуліцы адрамантавалі, з калодзежа стала не страшна браць ваду, з’явіўся пешаходны пераход, новыя дарожныя знакі і ўказальнікі, прыпынкі палепшыліся, святло перастала знікаць. Вёска змянілася, стала ўтульнейшай і прыгажэйшай», — кажа Ігар Случак.

Кніга мусіць стать практычным дапаможнікам: у ёй змешчаная неабходная інфармацыя пра звароты, іх прыклады і карысныя парады актывістаў.

Кніга складаецца з некалькіх раздзелаў. У першым аўтары тлумачаць, навошта пісаць звароты і куды іх дасылаць, як і калі павінен прыйсці адказ. У другім ёсць непасрэдна прыклады зваротаў. Таксама ў кнізе ёсць адрасы выканкамаў і міністэрстваў, якія могуць спатрэбіцца.

«Уключылі тэлевізар і лямпачка прытухла? Часам міргае або знікае святло? Плавіцца праводка? Дашліце зварот, каб праблемы з электраэнергіяй вырашыліся! Бо такія праблемы не толькі непрыемныя, але і вельмі небяспечныя», — каментуе Аліна.

Усе звароты з кнігі Аліна і Ігар дасылалі самі, у выніку, хоць не з першай спробы, але яны спрацавалі.

«Калі мы пераехалі ў Перасеку, першай справай пайшлі да суседзяў запытваць пра ваду. Даведаліся, што ў калодзежах вёскі цудоўная вада. На наша пытанне, ці правяралі ваду, суседзі адказалі адмоўна. Яна ж празрыстая і смачная — зразумела ж, што добрая. Але мы ўсё адно вырашылі яе праверыць на ўсялякі выпадак, бо калі з вадой нешта не так, то можна вельмі хутка сапсаваць сабе здароўе. Напісалі зварот у раённую санстанцыю з просьбай прыехаць і зрабіць праверку. Яны прыехалі, узялі пробу вады на даследаванне і даслалі нам адказ. І так мы даведаліся, што нітратаў у нашай вадзе амаль у чатыры разы больш за норму. Гэта ж увогуле нельга піць!

Карацей, мы раім вам праверыць ваду. Калі вада знаходзіцца ў грамадскім калодзежы або падаецца цэнтралізавана праз водаправод, вам яе павінны праверыць бясплатна. Трэба проста даслаць зварот», — расказвае Ігар Случак.

«А калі пасля праверкі вады ў ёй знайшлі шкодныя рэчывы, варта даслаць зварот, каб вам падвозілі пітную ваду. Ён таксама ёсць у кнізе. Па законе вёска абавязкова павінна быць забяспечаная пітной вадой», — дадае Аліна Нагорная.

Як атрымаць кнігу?

Калі вы жывяце на вёсцы, то аўтары дашлюць вам яе абсалютна бясплатна.

«Мы рабілі кнігу, якая дапаможа людзям змяніць сваю краіну да лепшага. Бо Беларусь складаецца з вёсак, вялікіх і маленькіх гарадоў і ад кожнага з нас залежыць, якая яна будзе заўтра. Мы любім Беларусь і ўпэўненыя, што яна можа стаць лепшай. Таму мы проста падаруем кнігу кожнаму, хто будзе ёй карыстацца. Проста напішыце мне ў Інстаграм ці ў Фэйсбук, каб замовіць», — тлумачыць Аліна.

Таксама хутка з'явіцца і электронны варыянт выдання, маецца і тэлеграм-бот па тэме.

Аліна і Ігар упэўненыя: звароты важна пісаць, яны рэальна дапамагаюць змяніць сітуацыю ў перспектыве:

«Вы плаціце падаткі, калі працуеце, калі ідзяце ў краму, калі запраўляеце машыну і гэтак далей. Сваімі падаткамі вы ўжо аплацілі час чыноўнікаў і супрацоўнікаў розных службаў і маеце поўнае права патрабаваць ад іх выканання працоўных абавязкаў».

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0