Па словах Багданоўскага, ён працаваў таксістам на Tesla і 11 кастрычніка прыехаў на замову да незнаёмага яму кліента. У дарозе яны слухалі песні Міхалка, гурта «Кіно», а таксама «Муры». Ад гэтага ў мужчын «пачала закіпаць кроў ад беззаконня, што адбываецца ў краіне», таму таксіст прапанаваў новаму знаёму паехаць пад Акрэсціна і ўключыць «Муры», каб падтрымаць арыштантаў. Той пагадзіўся.

Каля Акрэсціна мужчыны адчынілі ў машыне ўсе вокны, люк, і, уключыўшы на ўсю гучнасць «Муры», праехалі ўздоўж сцен ЦІП і ІЧУ, потым развярнуліся і спыніліся недалёка ад брамы ў ізалятар. Праз некалькі хвілін выбег начальнік ІЧУ Ігар Кенюх і пачаў здымаць усё на тэлефон. Па словах Багданоўскага, міліцыянер спрабаваў адчыніць дзверы, але мужчыны з’ехалі.

Багданоўскага затрымалі неўзабаве каля крамы: да яго пад’ехалі два аўтамабілі ДАІ, адкуль выбеглі шэсць міліцыянераў. У Маскоўскім РУУСе на яго склалі два пратаколы: за пікетаванне і за парушэнне ПДР. Туды ж даставілі і пасажыра, пасля іх перавезлі на Акрэсціна.

Пасля 15 сутак Багданоўскага адвезлі ў Маскоўскі РУУС, дзе склалі пратакол за дробнае хуліганства, нібыта мужчына падчас прафілактычнай гутаркі пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, крычаць і ўскокваць з крэсла. На наступны дзень яму прысудзілі яшчэ 15 сутак. 

Усе 30 сутак Руслан прасядзеў у адным карцары, дзе ў розныя дні было ад чатырох да васьмі чалавек. Спаць прыходзілася блізка адзін да аднаго, каб не змерзнуць.

Ні матрацаў, ні душа, ні шпацыру — толькі святло 24/7 і бетонная падлога. Цёплыя рэчы ў арыштантаў таксама забіралі, супрацоўнікі пагражалі Багданоўскаму.

Падчас арышту мужчына хварэў, але неабходная медыцынская дапамога арыштаваным не аказвалася. З таблетак, якія лекарка выдавала, быў толькі цытрамон. 

Цяпер Багданоўскі за мяжой і аб сваім учынку не шкадуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0