Фота: spd.de.

Новы канцлер Олаф Шольц стрымаў сваё перадвыбарнае абяцанне і прызначыў у новы ўрад аднолькавую колькасць мужчын і жанчын. Характэрна, што жанчыны будуць кіраваць пытаннямі бяспекі і дыпламатыяй.

У Германіі з'явіцца першая міністарка замежных спраў і першая міністарка ўнутраных спраў. Таксама ў Германіі з'явіцца трэцяя міністарка абароны запар.

«Жанчыны і мужчыны складаюць палову насельніцтва, таму жанчыны таксама павінны атрымаць палову ўлады, — сказаў Шольц. — Я вельмі ганаруся тым, што нам удалося рэалізаваць».

Хоць сама Меркель не называла сябе феміністкай і пазбягала гендарных пытанняў, менавіта яе доўгае і паспяховае знаходжанне на пасадзе канцлера змяніла ўяўленне немцаў пра жанчын у палітыцы.

«Германія змянілася за апошнія некалькі гадоў, і Меркель адыграла ў гэтым вялікую ролю», — сказала Юта Альмендзінгер, прэзідэнт даследчага інстытута Берлінскага цэнтра сацыяльных навук і эксперт па гендарных пытаннях і няроўнасці.

Пасады міністра абароны і замежных спраў занялі Крысцін Ламбрэхт і Аналена Бербак. Акрамя таго, на пасаду міністра ўнутраных спраў прызначылі Нэнсі Фэзер.

Аналена Бербак, новая міністарка замежных спраў, гучна заявіла пра свой намер заняць больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да аўтарытарных Расіі і Кітая. Новая міністарка ўнутраных спраў Нэнсі Фэзер паабяцала «змагацца з самай вялікай пагрозай, з якой у цяперашні час сутыкаецца наша ліберальная дэмакратыя, — ультраправы экстрэмізм». Крысцін Ламбрэхт, якая стане міністаркай абароны, паабяцала палепшыць абсталяванне нямецкіх войскаў.

Таксама жанчыны занялі пасады міністра адукацыі (Бецціна Старк-Ватцынгер), міністра навакольнага асяроддзя (Штэфі Лемке) і міністра па справах сям'і (Эн Шпігель). Міністрам эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця стала Свенья Шульцэ, а міністрам будаўніцтва — Клара Гейвіц.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?