Getty Images

«Мы хочам быць упэўненыя, што маладыя людзі ніколі не пачнуць курыць», — сказала намесніца міністра аховы здароўя Айша Верал.

Гэты крок з'яўляецца часткай маштабнай барацьбы з курэннем, абвешчанай Міністэрствам аховы здароўя Новай Зеландыі.

Дактары і іншыя эксперты ў галіне аховы здароўя ў краіне вітаюць рэформы, якія паменшаць доступ да тытуню і абмяжуюць узровень нікаціну ў цыгарэтах.

«Гэта дапаможа людзям кінуць курыць або перайсці на менш шкодныя прадукты, а таксама паменшыць верагоднасць таго, што маладыя людзі стануць залежныя ад нікаціну», — сказала прафесар Джанет Гук з Універсітэта Атага.

Новая Зеландыя поўная рашучасці дасягнуць нацыянальнай мэты па зніжэнні ўзроўню курэння да 5% да 2025 года, з канчатковай мэтай — цалкам выкараніць гэтую шкодную звычку.

Цяпер прыкладна 13% дарослых у краіне курыць, а дзесяць гадоў таму такіх было 18%.

Але гэты ўзровень нашмат вышэйшы, каля 31%, сярод карэннага насельніцтва маоры, што таксама пакутуе на больш высокі ўзровень захворванняў і смяротнасці.

Міністэрства аховы здароўя Новай Зеландыі сцвярджае, што курэнне выклікае кожны чацвёрты выпадак раку і застаецца асноўнай прычынай смерці, якую можна прадухіліць, для пяці мільёнаў насельніцтва.

Тытунёвая індустрыя з'яўляецца мішэнню для заканадаўцаў ужо больш за дзесяць гадоў.

У рамках жорсткіх мер, абвешчаных у чацвер, урад таксама ўвёў сур'ёзныя меры кантролю над тытунём, уключаючы істотныя абмежаванні таго, дзе можна прадаваць цыгарэты, каб выключыць іх з асартыменту супермаркетаў і кіёскаў.

Чыноўнікі кажуць, што колькасць крам, якія маюць права прадаваць цыгарэты, рэзка скароціцца з цяперашніх 8 тысяч да 500.

У апошнія гады вэйпінг, то-бок курэнне электронных цыгарэт, якія выдзяляюць пару, што таксама змяшчае нікацін, стаў значна папулярнейшы сярод малодшага пакалення, чым звычайныя цыгарэты.

Аднак чыноўнікі папярэджваюць, што вэйпінг таксама небяспечны. У вадкасцях для электронных цыгарэт навукоўцы выявілі небяспечныя рэчывы, якія выклікаюць рак.

Аднак у 2017 годзе краіна прыняла вэйпінг як сродак, які дапаможа людзям кінуць курыць.