Генпракуратура таксама мае права ад імя дзяржавы звяртацца да замежных партнёраў з просьбай выдаць грамадзян, якія, па меркаванні беларускіх сілавікоў, парушылі закон. У 2020-м годзе такіх запытаў было 220, у 2019 — 230, у 2018 — 240 (гаворка пра ўзаемадзеянне з краінамі СНД, часцей за ўсё запыты паступаюць у Расію).

У 2020-м і 2021-м гадах істотна павялічылася колькасць запытаў Генпракуратуры праз інтэрпал. Лічбы ведамства не прадастаўляе, аднак хакеры апублікавалі ў сеціве размовы прадстаўнікоў пракуратуры і беларускага бюро інтэрпал, з якіх вынікае, што накіравана пад тысячу запытаў з аднатыпнай фабулай: абвінавачванні па справах, звязаных з палітычнай пазіцыяй грамадзян.

«Вы хацелі, каб там адны дурні працавалі?» Як беларускія сілавікі спрабуюць падмануць Інтэрпал

Так, на адным з запісаў, як сцвярджаецца, размаўляюць начальнік міжнародна-прававога ўпраўлення Генпракуратуры Алег Хлышчанка і прадстаўнік бюро інтэрпала ў Беларусі Аляксандр Пятран. 

Прадстаўнік пракуратуры цікавіцца, ці накіравалі ў інтэрпал матэрыялы на Дылеўскага (гаворка ідзе пра лідара страйкама МТЗ Сяргея Дылеўскага). На што Пятран адказвае, што інтэрпал адмаўляе: «Яны дакумент даслалі, каб мы заканчвалі ім вось гэта вось херачыць з аднатыпнай фабулай», запыты ідуць «з аднатыпнай фабулай» (па палітычных справах сілавікі часта нічога новага не выдумваюць, а проста капіруюць фармулёўкі з адной справы ў другую). Пятран кажа, што з такімі запытамі будзе «чалавек, напэўна, тысяча», а ў іх і так праблема, што інтэрпал адмаўляе ў вышуку.

«Адно пытанне, калі пашле інтэрпал нас з вамі, а іншая справа калі наша дзяржава нас пашле, — кажа на тое прадстаўнік Генпракуратуры, а наконт рэакцыі інтэрпала ўдакладняе. — Мне іх гнеў да аднаго месца».

У статуце інтэрпала прапісана, што арганізацыі катэгарычна забаронена ажыццяўляць любое ўмяшальніцтва ці дзейнасць палітычнага, вайсковага, рэлігійнага або расавага характару (арт. 3 Статута). То-бок праваахоўнікі не маюць права абвяшчаць у вышук людзей па палітычна матываваных справах. Што робяць беларускія сілавікі? Запаўняюць дакументы, як пры звычайным крымінальным злачынстве, не ўказваючы палітычны складнік справы. 

12 верасня ў Польшчы затрымалі беларуса Макарыя Малахоўскага, які збег з Беларусі, асцерагаючыся крымінальнага пераследу. У Мінску на яго завялі справу за наезд на супрацоўніка ДАІ і абвясцілі ў міжнародны вышук. Калі польскай паліцыі сталі вядомыя падрабязнасці, хлопца адпусцілі ў той жа дзень. Пазней стала вядома, што інтэрпал выключыў яго з базы вышуку. 

Таксама інтэрпал адмовіўся ўключаць у вышук Святлану Ціханоўскую, прычына ўсё тая ж — арганізацыя не падтрымлівае пераслед праз палітычную пазіцыю.

У Інтэрпала новы кіраўнік з ААЭ, у пяці краінах яго абвінавачваюць у катаваннях

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0