Фільм-расследаванне «Забіць прэзідэнта» з падрабязнасцямі справы АНТ выпусцілі яшчэ ў красавіку, але яна пакуль стаіць на месцы, хоць следчыя дзеянні па ёй і скончылі. Спыталі ў сваякоў затрыманых, ці ёсць нейкія навіны пра дату суда і як сябе адчуваюць зняволеныя.

 Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юрась Зянковіч.  

 Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юрась Зянковіч.

«Вельмі хочацца, каб блізкі чалавек даў хваробе рады»

Інфармацыя пра пагаршэнне стану здароўя кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва з’явілася восенню: у яго былі падазрэнні на анкалогію. Акрамя таго, ён перанёс за кратамі кавід і інфаркт.

Палітыка перавялі з СІЗА КДБ у турэмны шпіталь СІЗА на Валадарскага. Сваякам доўга не казалі пра вынікі біяпсіі. У выніку дачка Рыгора Кацярына прыйшла на размову да доктара сама.

«Я прыйшла да доктара і, хоць і на словах пакуль, але ён мне пацвердзіў дыягназ. У бацькі рак прастаты. Пасля гэтага з аднаго боку стала больш трывожна: вельмі хочацца, каб блізкі чалавек даў хваробе рады. Але цяпер хоць з’явілася нейкая вызначанасць, і з пункта А можна рухацца ў пункт Б, прымаць нейкія меры», — расказвае Кацярына Кастусёва.

У сувязі з пачаўшыміся праблемамі з мачавым, палітыку трэба будзе зрабіць яшчэ некалькі УГД, атрымаць кансультацыю ўролага — і там ужо будзе бачна, якое лячэнне прызначаць.

«На днях у бацькі была адвакат. І што мяне радуе, дык гэта тое, што настрой у яго бадзёры, ён больш аптымістычна настроены, а гэта ўжо нямала», — дадае Кацярына.

З навінаў, якія дачка яшчэ ведае пра бацьку, — тое, што яму забаранілі ўзяць з сабой плед і тэлевізар.

«Мы яшчэ жартавалі: а як без тэлевізара палітінфармацыю да затрыманых даносіць? А яшчэ ведаю, калі іх нядаўна хацелі вывесці на шпацыр, то вызваліся толькі два чалавекі, таму што выхад затапіла вадой няслаба, і трэба было ісці праз яе. Сказалі, што іншай дарогай нельга ісці. Абсурдная рэч, канечне. Здавалася б, такога ў ХХI стагоддзі быць не павінна». 

Тэрмін утрымання Кастусёву працягнулі на чарговыя два месяцы — да лютага 2022 года. Хадайніцтвы аб змене меры ўтрымання на хатні арышт праз стан здароўя да гэтага ўвесь час заставаліся без задавальнення.

«З Валадаркі пакуль не дайшло ніводнага ліста»

У Аляксандра Фядуты тэрмін утрымання пад вартай таксама працягнуты: на дадзены момант да 12 снежня. Жонка Марына Шыбко ўпэўненая, што ён будзе працягвацца і далей.

«Справа ідзе да завяршэння, артыкул усё той жа — частка першая 357-га. Але калі будзе суд, яшчэ невядома. Следчых дзеянняў не праводзілася з лістапада». 

Аляксандр і Марына, фота з асабістага архіва.

Аляксандр і Марына, фота з асабістага архіва.

Апошні ліст Марына атрымала таксама ў лістападзе, яшчэ з «амерыканкі». З СІЗА на Валадарскага, дзе палітык знаходзіцца цяпер, пакуль не дайшло ніводнага ліста. 

«У апошнім лісце муж пісаў пра літаратуразнаўцу Марыэту Чудакову. Яна нядаўна памерла, а АІФ (Аляксандр Іосіфавіч Фядута — Заўв. рэд) быў знаёмы з ёй: яны разам былі на канферэнцыі па Булгакаву ў Кіеве: «Гэта была дзіўная кабета, поўная энергіі стварэння.» Пісаў таксама, што гуляюць з сукамернікамі ў нарды. Згадваў Пятра Марцава і ўсю рэдакцыю тагачаснай «БДГ»». 

«На сёння кажуць пра магчымы суд у студзені-лютым»

Жонка Юрася Зянковіча адмовілася ад каментароў, але яго знаёмыя і паплечнікі па партыі кажуць, што сітуацыя ў яго такая ж, як і ў затрыманых з ім па адной справе Фядуты і Кастусёва. Ëн проста існуе ў чаканні суда.

Юрась з жонкай Аленай. Фота з асабістаха архіва.

Юрась з жонкай Аленай. Фота з асабістаха архіва.

«З лістамі справа зусім дрэнная. З тых, каго я ведаю, ніхто ад яго нічога не атрымліваў», — пракаментаваў адзін з членаў партыі БНФ.

Праблемы з ліставаннем адзначаюць і іншыя сваякі:

«Юрась сам лістоў практычна не атрымлівае. Ад яго да бацькоў таксама іх мала. Але пачуваецца ён больш-менш. Тое пацвярджае і адвакат (калі казаць пра фізічны стан). Следства ідзе, і на сёння кажуць пра магчымы суд у студзені-лютым».

Ці прызнаюць Фядуту, Кастусёва і Зянковіча палітвязнямі? Тлумачыць праваабаронца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0