Рэйс «Афіны-Вільня» ляцеў над Беларуссю 23 мая 2021 года. 

Палякі: ў гэты дзень працаваў дыспетчар Алег Галегаў. Каля 9:00 універсальнага часу (12:00 па Мінску) у залу кантролю палётаў зайшоў кіраўнік «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро і чалавек, якога ў Польшчы назвалі супрацоўнікам спецслужбаў. Пасля гэтага Чуро сышоў.

Мужчына праінфармаваў дыспетчараў, што на борце самалёта Ryanair знаходзіцца бомба, і ён павінен сесці ў Мінску. 

Вось што распавялі прадстаўнікі беларускага Дэпартамента па авіяцыі:

у 12.30 па беларускім часе самалёт увайшоў у беларускую паветраную прастору, а ў 12.31 дыспетчар паведаміў пілотам пра бомбу.

«У нас ёсць інфармацыя ад сакрэтных службаў, што ў вас на борце бомба. Гэтая бомба можа быць актываваная над Вільняй», — кажа дыспетчар у 12.31. Расшыфроўку перамоваў Дэпартамент па авіяцыі апублікаваў на сваім сайце. 

Польскія спецслужбы сцвярджаюць, што былі прынятыя меры для таго, каб размовы з рэйсам не былі чутныя ў іншых самалётах. Пры гэтым нібыта абслугоўваннем рэйса займаўся адзін дыспетчар пад кантролем спецслужбіста. У роліку гаворыцца, што мужчына звязваўся па тэлефоне з чалавекам, якога называў Андрэй Анатолевіч.

Дыспетчар паведаміў пілоту, што ліст з пагрозамі аб бомбе прыйшоў у аэрапорты некалькіх краін. Таксама ён парэкамендаваў самалёту сесці ў Мінску. Пілот удакладніў: хто рэкамендуе сесці ў Мінску? Кампанія, аэрапорт вылету, аэрапорт прылёту? 

Дыспетчар кажа: гэта наша рэкамендацыя.

У гэтым моманце палякі настойваюць: дыспетчару падказваў той самы таямнічы афіцэр. У якасці доказу прыводзіцца кавалак аўдыя, дзе мужчына на рускай мове падказвае падчас перамоваў дыспетчара і пілота.

Пасля ў расшыфроўцы перамоваў, апублікаванай беларускім бокам, пілот удакладняе пра код небяспекі: зялёны, жоўты, аранжавы, чырвоны?

Дыспетчар адказвае: код чырвоны.

На аўдыязапісе палякаў чуваць, як дыспетчар перакладае невядомаму пытанне пілота на рускую мову. Невядомы кажа: «Скажы, код чырвоны».

Пасля гэтага пілот разварочвае самалёт для пасадкі ў Мінску. Да выхаду з беларускай паветранай прасторы заставалася дзве хвіліны палёту. Пасля гэтага, сцвярджаюць палякі, той невядомы мужчына, якога яны называюць афіцэрам КДБ, пакінуў залу кантролю палётаў.

Таксама палякі звяртаюць увагу, што ліст аб бомбе аэрапорты Вільні, Афін, Сафіі, Бухарэста і Кіева атрымалі ў перыяд з 9.25 да 09.34 універсальнага часу (з 12.25 да 12.34 па Мінску), а ў аэрапорт Мінска яно паступіла толькі ў 09.56 універсальнага часу — у 12.56 па Мінску, ужо пасля таго, як дыспетчар распавёў пра бомбу пілоту.

Таксама беларускі бок заяўляў, што ліст пра бомбу прыйшоў ад салдат ХАМАС. Вось толькі пазней ХАМАС афіцыйна абверг сваю датычнасць да «мініравання». 

А кампанія Proton Technologies, якая прадстаўляе паслугі абароненай электроннай пошты, афіцыйна пацвердзіла, што ліст з пагрозай, на які спасылаліся ўлады Беларусі, быў адпраўлены праз 24 хвіліны пасля таго, як аб мініраванні паведамілі капітану паветранага судна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру