Ружовы голуб, ілюстрацыйнае фота, floranimal.ru
Мясцовыя СМІ пішуць, што некаторыя гродзенцы бачылі ружовага голуба, які пасяліўся ў раёне ракі Гараднічанка, за будынкам гарвыканкама.
Спецыялісты, аднак, сцвярджаюць, што ружовы голуб не мог апынуцца ў гэтых мясцінах. Як патлумачыў БелаПАН спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сяргей Зуёнак, ружовы голуб — знікаючы від галубоў, занесены ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды. Лічыцца, што гэтыя птушкі водзяцца толькі на востраве Маўрыкій у Індыйскім акіяне. Пэўны час ружовы голуб знаходзіўся на мяжы знікнення і быў выратаваны дзякуючы намаганням спецыялістаў Джэрсійскага заапарка Джэралда Дарэла.
На сёння ў свеце на волі налічваецца ўсяго каля 25 асобін гэтых птушак, яшчэ прыкладна 150 асобін жывуць у заапарках і знаходзяцца ў арніталагічных калекцыях.
Таму, адзначаюць спецыялісты, ружовы голуб ніяк не мог апынуцца ў Гродне. Хутчэй за ўсё, гэта свойская парода голуба незвычайнага выгляду.