Партнёрам Юрыя Курненіна па складзе мінскага «Дынама» 1982 году быў нападаючы Георгій Кандрацьеў. Яшчэ да нядаўняга гэты трэнерскі тандэм узначальваў моладзевую зборную Беларусі. Старэйшы Курненін быў галоўным трэнерам, а малодшы Кандрацьеў яму дапамагаў. Менавіта Кандрацьеў і стаў пераемнікам Курненіна на гэтай пасадзе.
Георгій Кандрацьеў: Вельмі цяжка нешта гаварыць. Думкі блытаюцца. Я яшчэ не асэнсаваў тое, што адбылося.
«Наша Ніва»: Памятаеце, як пазнаёміліся з Курненіным?
ГК: Тут, у Мінску, пазнаёміліся. Калі я прыйшоў у каманду. Не магу ўзгадаць той момант, столькі ўсяго звязвае з гэтым чалавекам, нешта ўжо і забываецца.
«Наша Ніва»: Як Вам гулялася з Курненіным?
ГК: Лёгка, добра, прыгожа. Шмат галоў забіў з ягоных перадач. Старэйшыя «дынамаўцы» цудоўна сустрэлі нас маладзейшых у калектыве, у тым ліку і Курненін. Не было нейкага размежавання, што вось маладзейшыя, а вось старэйшыя. Была выдатная атмасфера ўнутры калектыву.
«НН»: Доўгі час Вы працавалі разам у адной звязцы.
ГК: Так, у нас было цудоўнае ўзаемапаразуменне. Кантакт быў знойдзены адразу. Напэўна, таму каманда і дасягнула поспехаў. Нас не толькі звязвае футбол. Я хрысціў ягоную дачку. Вось гавару з вамі і ўсё яшчэ не магу паверыць, што Юрыя ўжо няма.
«НН»: Па Курненіну балюча ўдарыла няўдача на чэмпіянаце Еўропы?
ГК: Канечне. Вельмі перажываў. Яшчэ гэтыя артыкулы незаслужаныя пайшлі. Яму было цяжка. Я гэта добра ведаў.
«НН»: Апошнім часам падтрымлівалі з ім кантакт?
ГК: Званілі адзін аднаму кожны дзень. Вось літаральна ўчора размаўлялі. Юры нават жартаваў. На шмат якія тэмы гаварылі. І не было абсалютна ніякіх спасылак, што здарыцца трагедыя.