Маладафронтаўцу паказалі раздрукоўкі падслухоўваньняў

5 ліпеня ў Менску ў пракуратуру выклікалі на допыт Насту Палажанку і Аляксея Янушэўскага. Позвы на допыт атрымаў таксама Кірыла Шымановіч. 12 ліпеня выклікалі Зьмітра Хведарука. У Бабруйску 13 ліпеня на допыт выклікалі Валера Мацкевіча: хлопцу паказалі раздрукоўкі (на 40 аркушах) тэлефонных размоваў паміж моладзевымі актывістамі. 14 ліпеня ў нясьвіскай пракуратуры дапыталі Насту Азарку.

13 ліпеня маладафронтаўцы атрымалі адказ з ГУУС Менгарвыканкаму на патрабаваньні сваёй 20-дзённай галадоўкі: яна названая несанкцыянаванай, бо арганізатары «масавай акцыі» не паведамілі пра месца і час, таму выканаць патрабаваньні галадоўнікаў гарвыканкам адмовіўся.

Працэс Казуліна: хроніка

Судовы працэс над экс-кандыдатам у прэзыдэнты распачаўся 6 ліпеня. Ад самага пачатку ў залю перашкаджалі патрапіць журналістам і замежным дыпляматам. Сьмех у залі выклікала забарона Юліі Казулінай, дачцэ абвінавачанага, выступаць у якасьці абаронцы: судзьдзя (Аляксей Рыбакоў) скарыстаў шум як падставу для таго, каб выдаліць усіх гледачоў.

6 ліпеня каля суду затрымалі Крысьціну Шацікаву (на ёй была чырвоная саколка з партрэтам Казуліна) і наступнага дня аштрафавалі на 2 базавыя велічыні (62 тыс.).

Судзьдзя адмовіўся выклікаць сьведкаў з боку Казуліна, у тым ліку былога байца падразьдзяленьня «Алмаз».

12 ліпеня Казуліна выдалілі з залі суду, пазбавіўшы апошняга слова. Пракурор Сяргей Бортнік запатрабаваў 6 гадоў пазбаўленьня волі. 13 ліпеня суд прысудзіў 5,5 году калёніі агульнага рэжыму.

14 ліпеня разглядалася скарга адвакатаў на незаконнае затрыманьне палітыка 25 сакавіка. Суд адхіліў скаргу.

Працэс Аўтуховіча

7 ліпеня суд Кастрычніцкага раёну Горадні абвесьціў вырак ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу: 3 гады й 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і 5-гадовай забаронай займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Юр’я Лявонава асудзілі на 3 гады й 5 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму і забаранілі 5 гадоў займаць адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады. Апрача таго, яны павінны сплаціць штраф у памеры 1,32 млрд руб.

Пад Мядзелам

3 ліпеня на сьвяткаваньні Дня Рэспублікі падчас раздачы ўлётак з заклікам зьвяртацца ў АГП наконт разьвязаньня набалелых праблемаў затрымалі Андрэя Абалевіча. У пастарунку зь яго ўзялі пісьмовае тлумачэньне.

4 ліпеня: справа Дзянісава-Елавой

У Віцебску распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да актывістаў «Бунту» Дзяніса Дзянісава (АГП) і Тацяны Елавой па сьлядах падзеяў 18–19 чэрвеня.

У Менску ў парку імя Горкага міліцыянты затрымалі моладзевых актывістаў Зьмітра Хведарука і Аляксея Янушэўскага за «незарэгістраваную сымболіку» на вопратцы.

5 ліпеня: галадоўка ў Берасьці

Калегія Магілёўскага аблсуду не задаволіла скаргі моладзевага актывіста Сержука Нягаціна і актывіста ПБНФ Мікалая Малахава, аштрафаваных увесну за распаўсюд улётак.

Адміністрацыйная камісія Першамайскага раёну Менску аштрафавала З.Хведарука на 2 б.в. за распаўсюд 13 чэрвеня ўлётак «без выходных зьвестак».

У Берасьці пачалі бестэрміновую галадоўку ўладальнікі і работнікі маршрутных таксовак: яны пратэстуюць супраць рэспубліканскага збору за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнымі мэтамі. На 17 ліпеня ў ёй удзельнічалі 13 чалавек.

6 ліпеня: штраф у Гомелі

Гомельскіх актывістаў АГП Андрэя і Кацярыну Толчыных выклікалі да судовага выканаўцы: на іх яшчэ 11 траўня адміністрацыяй Савецкага раёну завочна накладзены штраф у 5 б.в. на кожнага за «незаконны распаўсюд друкаваных матэрыялаў».

Салігорскі суд вынес папярэджаньне бацькам 16-гадовага Яўгена Мядзьведзева, затрыманага ў сярэдзіне чэрвеня падчас пікету супраць суду.

7 ліпеня: палітычная псыхіятрыя

У Віцебску за распаўсюд недзяржаўнай прэсы затрымалі Барыса Хамайду. Яго зьвінавацілі ў гандлі ў неналежным месцы й супраціве міліцыі ды арыштавалі на 2 сутак. 10 ліпеня яго зноў затрымалі й аштрафавалі за гандаль у неналежным месцы на 1 б.в. 12 ліпеня затрыманьне скончылася толькі пратаколам.

У Менску разагнаны жывы ланцуг у памяць аб Зьмітры Завадзкім. Затрыманыя каля 10 удзельнікаў, якіх выпусьцілі без пратаколаў. Сярод затрыманых Наталька Харытанюк, Аляксандра Худасоўцава, Сьцяпан Навасяльчан, Сяргей Вакуленка, Мікалай Пекар.

У Горадні на такой самай акцыі затрымана 6 чалавек. Паўла Язерскага пасьля допыту ў міліцыі завезьлі ў псыхіятрычную лякарню: на ўсе пытаньні міліцыянтаў ён адказваў «ня памятаю». Дактары кажуць, што выпусьцяць 26-гадовага хлопца толькі празь месяц. Раней хлопец ніколі на псыхіятрычным уліку не стаяў.

Стала вядома, што суд над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» Цімохам Дранчуком, Міколам Астрэйкам, Энірай Браніцкай і Аляксандрам Шалайкам перанесены з 20 на 28 ліпеня і будзе закрытым.

8 ліпеня: Статкевіч

Міколу Статкевічу, адпушчанаму ў Менск на 2-тыднёвы адпачынак, затэлефанаваў кіраўнік Баранавіцкай спэцкамэндатуры і паведаміў, што палітвязьню нельга перасякаць мяжу Першамайскага раёну сталіцы: палітык хадзіў на суд над Аляксандрам Казуліным.

10 ліпеня: суд над вандалам

Басманны суд Масквы пачаў разгляд крымінальнай справы грамадзяніна Беларусі Юрася Іванюковіча: яго вінавацяць у вандалізьме за тое, што напісаў на беларускай амбасадзе «Жыве Беларусь» і «БТ хлусіць». Працэс адкладзены да 20 ліпеня: хлопцу шукаюць беларускамоўнага перакладчыка.

Актывіста АГП Івана Крука з Астраўца, засуджанага на 6 месяцаў арышту, адправілі адбываць пакараньне.

У Воршы за расклейку плякатаў «Свабоду Казуліну» затрымалі Ігара Крыштона. У пастарунку ён прабыў 8 гадзінаў, бо не было каму дапытаць затрыманага. На яго склалі партакол за «парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў і разьмяшчэньне аб’яваў у неадпаведных месцах».

9 ліпеня: а чаго яны езьдзяюць

У Беларусь не пусьцілі трох польскіх сэнатараў, у тым ліку кіраўніка бюро сэнатараў Артура Казлоўскага, а таксама кіраўніка «Wspolnoty Polskiej» Анджэя Стэльмахоўскага: яны ехалі на сустрэчы зь непрызнаным уладамі Саюзам палякаў Беларусі.

11 ліпеня: спыненьне «Химика»

Недзяржаўная газэта «Химик» у Наваполацку прыпыніла выхад на няпэўны тэрмін. Выданне, выключанае з падпісных каталёгаў і «Саюздруку», ня здолела арганізаваць сыстэму распаўсюду празь перашкоды ўладаў. Гарвыканкам таксама адмовіўся даць калектыву газэты ліцэнзію на раздробны гандаль.

Магілёўскай суполцы прафсаюзу РЭП управа юстыцыі гарвыканкаму чарговы раз адмовіла ў рэгістрацыі. Афіцыйная прычына – ня ўзгоднены з уласьнікам юрыдычны адрас. Раней суполка падавала заяўку на пікет на знак пратэсту ў адмове рэгістрацыі: ад яе запатрабавалі аплаціць у тым ліку і арэнду зямлі, на якой меўся адбыцца пікет.

12 ліпеня: а дзе там Сівец?

Наваполацкія актывісты падалі скаргу старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімеру Андрэйчанку на кіраўніцтва Наваполацкага гарвыканкаму. Актывісты меліся ладзіць штодзённыя пікеты падтрымкі палітвязьняў каля Палацу культуры з 26 красавіка па 26 чэрвеня. Ім далі дазвол толькі на адзін такі пікет, а на астатнія – у гарадзкім парку.

У Гомелі 12 і 13 ліпеня капітан міліцыі Гарбаценка прыходзіў дадому да моладзевай актывісткі Юліі Сівец і цікавіўся, ці ў горадзе яна. Дзяўчына лічыць, што гэта зьвязана з тым, што КДБ перадаў у пракуратуру матэрыялы па зачыненай уладамі ГА «Моладзевы цэнтар «Гарт».

13 ліпеня Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэньне Менгарсуду пра ліквідацыю рэлігійнай суполкі «Запавет Хрыста»: афіцыйная прычына – неадпаведны юрадрас.

15 ліпеня ў аэрапорце Масквы расейскія памежнікі не пусьцілі ў краіну галяндку Ірэн ван дэр Брок, чыё імя ёсьць у беларускім «чорным сьпісе».

16 ліпеня

Акцыя Дзень салідарнасьці каля расейскай амбасады ў Менску жорстка разагнаная спэцназам. Затрыманыя Павал Давідовіч, Ягор Віняцкі, Аляксей Ляўковіч, Павал Вараб’ёў, Іван Шаблінскі, Анатоль Аскерка, Зьміцер Бародка, Валянцін Сусла, Ганна Варанец, Аляксей Дземідовіч, Зьміцер Хведарук, Алег Клюшна, Аляксандар Сьцепаненка, Віталь Гаўрыленка, Андрэй Галко, Аляксандар Вайтовіч, Андрэй Бабіцкі (даставілі ў РУУС зьбітага да крыві), Аляксей Куксік, Ігар Пандзілаў, Алеся Ясюк, Шаўлюкевіч, Надзея Клімовіч, Сяргей Кулінчанка, Сяргей Міхалькоў, Мікіта Шуцянкоў, Сяргей Ласы, Уладзімер Міхалькоў, Мікіта Красноў, Руслан Мацьвееў, Аляксандар Кушко, Натальля Лявонава, Сяргей Давыдчук, Уладзіслаў Бародка, Міхаіл Кандрашоў, Вадзім Ключнік, Настасься Шашкова, Тацяна Шкраба, Іван Шутко, Тацяна Канкар, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Віднікевіч. Наступнага дня А.Аскерку і А.Лябедзьку асудзілі на 10 сутак.

Фота charter97.org

У Магілёве на акцыі салідарнасьці затрыманая Крысьціна Шацікава з 10-гадовым сынам Мікітам, а таксама Сяржук Гіркін, Ірына Качарова (АГП), Алег Дзьячкоў (ТБМ). У Горадні затрыманыя Юры Істомін, Уладзімер Ларын, Аляксандар Краўцэвіч, Павал Бяланаў, Мікалай Воран. У Баранавічах затрымалі 7 маладзёвых актывістаў: 6 адпусьцілі, бо непаўналетнія, на Юлію Харкевіч склалі адміністрацыйны пратакол.

17 ліпеня: затрымалі за беларускую мову

У Цэнтральным судзе Гомелю пачаўся разгляд скаргі актывіста АГП Васіля Палякова на аблвыканкам, які ў красавіку не дазволіў правесьці чарнобыльскі мітынг.

У Вялейцы актывіста ПБНФ Аляксея Сюдака, затрыманага 15 ліпеня падчас міліцэйскага рэйду, суд аштрафаваў на 1 б.в.

Са словаў Мікалая Агародніка, які вяртаўся з адпачынку, у Баранавічах затрымалі за тое, што адказаў міліцыянту на пытаньне па-беларуску. У пастарунку на яго склалі пратакол, што супраціўляўся міліцыянтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?