Амаль 2,5 тыс. чалавек ужо вызвалены з месц пазбаўлення волі па амністыі, прымеркаванай да 65‑годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў, і завяршыць амністыю плануецца восенню.
Пра гэта паведаміў 30 ліпеня дэпутатам на пасяджэнні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў.
На пасяджэнні парламентарыі ўзнялі пытанне аб магчымасці лібералізацыі крымінальнага заканадаўства. Дэпутат Аляксей Кужанаў давёў да Анатоля Куляшова зварот адной з яго выбаршчыц, якая прасіла вырашыць пытанне аб прызыве яе сына ў армію. Гэты малады чалавек быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за тое, што зламаў плот суседа, і цяпер яго не прызываюць у армію як асобу, якая мае непагашаную судзімасць.
У сваю чаргу Анатоль Куляшоў выказаўся за аднолькавае прымяненне норм заканадаўства да ўсіх грамадзян. Пры гэтым ён прызнаў, што Беларусь займае трэцяе месца ў свеце пасля ЗША і Расіі па колькасці асуджаных на тысячу чалавек.