Тры хвалі эміграцыі і 26 тысяч віз

З верасня 2020 года да лістапада 2021-га Літва выдала беларусам 26,2 тысячы нацыянальных віз. З іх 6,7 тысячы — гуманітарныя. Такі лічбы дае Дэпартамент міграцыі Літвы.

Статус уцекача пасля пратэстаў атрымаў 71 чалавек. Калі ў лістападзе мінулага года разгляду чакалі 34 заяўкі ад беларусаў, то ў лістападзе гэтага — 131.

Па назіраннях дырэктара літоўскага фонду Freedom House Віціса Юрконіса, пасля пратэстаў было тры хвалі эміграцыі.

«Першая — у снежні. Гэта супала са спадам публічных масавых пратэстаў, і з тым, што Беларусь са свайго боку закрыла гуманітарны калідор (Літва адкрыла яго для беларусаў 11 жніўня 2020-га. — «НН»).

Калі раней людзі маглі перасякаць мяжу без візы, то тут беларускія памежнікі пачалі не прапускаць, нібыта праз пандэмічныя прычыны. Гэтае абмежаванне было нейкім сігналам, што дзверы зачыняюцца, і стварыла хвалю панікі ці няўпэўненасці, што трэба хутчэй, інакш будзе без варыянтаў.

Другая хваля была ў маі-чэрвені. Яна таксама супала з дадатковай хваляй рэпрэсій супраць журналістаў і гісторыяй з Ryanair. 

Трэцюю можна было назіраць бліжэй да канца лета. Стала больш тых, хто просіць дапамогі для членаў сваіх сем’яў. Гэта такі нядобры сігнал: людзі ўсведамляюць, што ўсё, пэўна, надоўга, і стараюцца перавезці самых блізкіх.

Калі раней па візы звярталіся тыя, хто трапіў пад рэпрэсіі, ці яркія актывісты, то цяпер усё больш бачыш сваякоў тых, хто рэлакаваўся яшчэ восенню мінулага года».

Калі глядзець па відах дзейнасці, то сярод эмігрантаў ёсць актывісты, журналісты, праваабаронцаў, стачкомаўцы, студэнты, спартоўцы, дзеячы культуры. Нават святары.

«Па ўзросце гэта таксама розныя людзі — ад падлеткаў да пенсіянераў. І не толькі з Мінска, але і з маленькіх гарадоў, — дзеліцца Юрконіс. — Можа, выключэннем з’яўляліся былыя сілавікі, бо іх база стваралася ў Варшаве, таму іх менш у Літву прыехала ў параўнанні з Польшчай».

На 1 лістапада 2021 г. на разглядзе ў Дэпартаменце міграцыі была 131 заяўка на бежанства ад беларусаў. Гэта 7,3% ад агульнай колькасці заявак на палітычны рытулак. Усяго заявак ад грамадзян розных краін — 1800 (пераважная большасць, 1105, — ад іракцаў).

На 1 лістапада 2021 г. на разглядзе ў Дэпартаменце міграцыі была 131 заяўка на бежанства ад беларусаў. Гэта 7,3% ад агульнай колькасці заявак на палітычны рытулак. Усяго заявак ад грамадзян розных краін — 1800 (пераважная большасць, 1105, — ад іракцаў).

Чаму не так шмат людзей падаецца на прытулак, Юрконіс тлумачыць некалькімі прычынамі.

«Першае — была магчымасць іншымі спосабамі легалізавацца. Тыя, хто не мае магчымасці вяртацца ў Беларусь праз патэнцыйны палітычны пераслед, могуць атрымаць спрошчаны від на жыхарства (ці як яго яшчэ называюць, гуманітарны). 

Другое — што большасць з гэтых беларусаў мелі намер не здавацца і хацелі паказваць хоць так, што барацьбе не завершана. Думаю, гэта важны псіхалагічны аспект».

«Каля 15 чалавек на тыдзень звяртаецца да нас з просьбай аб эвакуацыі»

Са жніўня 2020 года да лістапада 2021-га беларусам выдалі 23,2 тысячы часовых відаў на жыхарства. З іх амаль шэсць тысяч — заменены.

«Від на жыхарства выдаецца на год і дае магчымасць плаціць сацыяльнае страхаванне, працаваць афіцыйна. Гэта, на жаль, не дае аўтаматычнай працы. Напрыклад, лекарам уладкавацца складана, бо трэба ведаць мову. Але з большай часткай людзей пытанне вырашаецца», — кажа Андрэй Стрыжак, кіраўнік беларускага фонду салідарнасці.

Яго фонд з гэтай зімы дапамагае з экстраным выездам з Беларусі.

«Першы пік эвакуацыі быў, калі ў лютым прайшлі масавыя вобшукі ў праваабаронцаў па ўсёй краіне, — кажа Стрыжак. —Пасля хвалі вобшукаў летам людзі зноў паехалі масава.

Прыблізна каля 15 чалавек на тыдзень звяртаецца да нас, каб атрымаць дапамогу з выездам. Гэта не заўсёды выезд складаным маршрутам, бывае, у чалавека ёсць магчымасць пакінуць краіну больш-менш простымі шляхамі. Але гэта агульная праблема, якая не зніжаецца з пачатку ліпеня. Гэта стабільная лічба, якая часам падымаецца да 20-25 чалавек на тыдзень».

Праз сваю адкрытасць для пацярпелых ад рэпрэсій Літва сутыкнулася яшчэ з адной праблемай.

«Калі з’явілася магчымасць праз гуманітарныя візы выязджаць у Еўразвяз, то пасля пратэстаў ёй скарысталіся не толькі тыя, хто быў пад рэальнай пагрозай, але і людзі, якія паехалі зарабляць, вырашылі змяніць сваё жыццё. Эканамічныя мігранты фактычна.

Літва апынулася перад выклікам: як адрозніць людзей, якіх за палітыку пераследавалі, ад тых, хто вырашыў ускочыць у той самы вагон. І прыняла дастаткова добрае рашэнне зрабіць гуманітарны канал шырокім.

Але, зразумела, калі на месцы ўзнікаюць пытанні да чалавека, дзяржава пачынае разбірацца — як гэта было, напрыклад, з Іллёй Бегуном», — заўважае Андрэй Стрыжак.

Якія беларускія кампаніі адкрылі свой офіс у Вільні?

Пераязджаў і беларускі бізнэс. Кіраўніцтва Літвы паведамляла, што больш за 100 беларускіх кампаній зацікаўлена ў рэлакейце да іх. Там прынялі папраўкі ў заканадаўства, якія спрыяюць пераезду замежнага бізнэсу. Усе супрацоўнікі кампаній-рэлакантаў змогуць падавацца на ВНЖ. Члены іх сем’яў таксама атрымаюць права на ВНЖ і працу ў Літву (не важна, якой яны прафесіі).

Гэтыя ўмовы будуць дзейнічаць для кампаній, якія створаць не менш за 20 працоўных месцаў і інвестуюць у краіну ад 1,45 мільёна еўра.

Сярод тых, хто адкрыў офіс у Літве, — вядомыя ІТ-кампаніі. Па інфармацыі dev.by, гэта Currency.com, Wargaming, EPAM, Flo, Godel, Belka Games, Itransition. У Вільні цяпер размяшчаецца стартап-хаб Imaguru. Увосень праз рэлакацыю айцішнікаў падскочылі цэны на арэнду нерухомасці. Wargaming у адным з віленскіх хмарачосаў выкупіў адразу 76 кватэр.

Высокакваліфіканыя спецыялісты з-за мяжы могуць атрымаць у Літве blue card. За перыяд са жніўня 2020-га да лістапада 2021-га такі часовы від на жыхарства выдалі 841 беларусу (38 з іх замянялі стары). Большасць працуе па ІТ-спецыяльнасцях — праграмісты, тэціроўшчыкі, графічныя дызанейры, аналітыкі камп’ютарных сістэм, сістэмныя адміністратары.

Агулам паток беларускіх айцішнікаў ацэньваюць у некалькі тысяч.

«Увесь рэгіён чакаў гісторыі, якая б паказала, што барацьба за дэмакратыю не завершана»

На палітыку Літвы адносна беларускіх эмігрантаў паўплывала некалькі фактараў. 

«Гэта гістарычная, геаграфічная блізкасць. Плюс у Вільні ёсць палітычная воля, — кажа Юрконіс. — Трэцяя прычына — самі беларусы, тое, што яны зрабілі ў 2020 годзе. Гэты мірны пратэст вельмі натхняў.

Летась быў жывы ланцуг, які злучыў Вільню з Мядзінінкаем на мяжы, гэта паказвала салідарнасць усяго літоўскага народу. Людзі данацілі тысячы еўра для пацярпелых, медыкі і бізнэсмены стараліся дапамагаць.

Мне здаецца, увесь рэгіён чакаў гісторыі, якая б паказала, што барацьба за дэмакратыю не завершана. Мы ў апошнія 10-15 год трапілі ў такі недавер да каштоўнаснага парадку: што прагматызм дамінуе, што пытанні правоў чалавека незапатрабаваныя.

Мы чулі не раз гэты наратыў: беларускі народ такі пасіўны, стабільнасць наша ўсё. Мы проста адгукнуліся на крык беларускага народу і, як суседзі, падставілі плячо».

«У лістоўскага палітыкума ёсць разуменне, што сітуацыя з 1991 года — не проста гісторыя, бо частка сама ўдзельнічала і ведае, як гэта было. Калі казаць пра практычны момант, то ніхто не хоча жыць у доме, дзе сусед пагражае падарваць газ. Усе хочуць нармальных суседзяў, з якімі можна выбудоўваць стасункі», — лічыць Стрыжак.

Толькі IT-спецыялістам і членам іх сем'яў — 22 тысячы віз. Колькі беларусаў рэлацыравалася ў Польшчу?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0