Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прыпыняе дзейнасьць сваёй мэмарыяльнай сэкцыі. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня таварыства Антон Астаповіч.

Паводле яго слоў, шматлікія актывісты мэмарыяльнай сэкцыі сталі аддаваць прыярытэт актыўнай палітычнай дзейнасьці, што не магло не паўплываць на яе працу. «У той час, калі таварыства не зьяўляецца палітычнай арганізацыяй і мае акрэсьленыя статутам мэты і задачы, сэкцыя стала палітызавацца, накіроўваць сваю дзейнасьць у не прадугледжанае статутам рэчышча, шматлікія крокі сяброў сэкцыі нават не ўзгадняліся з кіраўнічымі органамі арганізацыі», — сказаў Астаповіч.

«Найперш, у нашым статуце запісана, што таварыства супрацоўнічае з зарэгістраванымі грамадзкімі арганізацыямі і партыямі.

Уваходжаньне сяброў сэкцыі ад яе імя, пра што было задэкларавана ў СМІ, у так званы антыкамуністычны фронт, які ствараецца пад эгідай незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя«, зьяўляецца не толькі грубейшым парушэньнем нашага статута, але ж крокам па‑за межамі элемэнтарнай этыкі.
Гэты крок быў зроблены бязь ведама кіраўніцтва аб’яднаньня, якое пра гэтую падзею даведалася з інфармацыйных блёкаў навін», — паведаміў Астаповіч.

Ён адзначыў, што пазастатутная дзейнасьць сэкцыі прывяла да пісьмовага папярэджаньня з боку Міністэрства культуры Беларусі ў красавіку 2009 года.

«Таму распараджэньнем, якое я прыняў, праца мэмарыяльнай сэкцыі таварыства прыпынена да разгляду пытаньня на чарговым прэзыдыюме ў верасьні 2009 года», — адзначыў Астаповіч.

Кіраўнік мэмарыяльнай сэкцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык сказаў, што з гэтай нагоды ён не будзе даваць камэнтарыяў, бо распараджэньне Астаповіча ён лічыць «унутранай перапіскай арганізацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?