У першую ліпеньскую ноч у Малым Сітне адбылася чарговая п’яная сьмерць. Хлопцы, што папрыяжджалі з гораду на выходныя, паўпіваліся ў сельскім клюбе («максімку» прадаюць проста на дыскатэцы) ды наладзілі гонкі на матацыклах па вёсцы. 29-гадовы палачанін на «Яве» наляцеў на дзяўчыну, што працуе касіркай у канторы леспрамгасу. Дзяўчыну зьвезла «хуткая»; апэрацыя ішла 6 гадзінаў, жыцьцё, дзякуй Богу, уратавалі. Хлопца, які з матацыклам праляцеў да бліжэйшых дрэваў, павезьлі хаваць у Полацак.

Вы слушна падумалі, што піць у вёсцы пасьля гэтага менш ня сталі. Такая сьмерць сіценскіх аматараў «максімкі» не палохае: значна больш іх палохае цьвярозае жыцьцё.

«Піць або ня піць?» — для большасьці сіценцаў не пытаньне. Парадыгма іншая: «Колькі?», «З кім?», «За што?», «Зь якой нагоды?». І ўрэшце канцавую кропку ў гэтым рытарычным шэрагу ставіць раптоўная сьмерць-атручваньне, п’яная бойка, пажар, угар, самагубства.

«Куды ж глядзіць улада?!» — абурыцеся вы.

Глядзіць у самы корань.

Спойваньне народу — справа надзвычай выгодная. Апроч ладнае долі бюджэту, алькагалізацыя ўсяе краіны забясьпечвае грамадзкую пасіўнасьць. Топіць пратэстныя настроі (дастаткова пагразіць спажыўцу сьпіртнога, які «качае правы», што будзе звольнены з працы «паводле артыкулу») і гарантуе мутны позірк на рэчаіснасьць. Якія мы, бач, расцудоўныя, нам і мора ніжэй калена. Заадно рабацягі ледзь дажываюць да пэнсійнага ўзросту — і павольна мруць. Эканомія, не раўнуючы як у Трэцім Райху. Такім чынам, апроч лядовых палацаў ды бібліятэчнага ромбададэкаэдру, наша эпоха пакіне Новай Беларусі яшчэ й алькагольную залежнасьць мільёнаў, здольную разбурыць любыя грамады рэформаў.

Дзяржаўныя абмежаваньні, забароны й рэпрэсіўныя меры рады не дадуць. Неяк на перакуры ў Алёшчы брыгада абмяркоўвала, як выкручваліся падчас «гарбачоўскае кампаніі», калі з крамаў пазьнікалі гарэлка ды «чарнілы». «Самагон тады ўсёй вёскай гналі... Адэкалён нічога быў, гэты, як яго, трайны — хоп і пахнеш, як прынц... А памятаеш, Сямёныч, ад лясьёнаў такая пена была, во мылам адрыгалася!.. Ага, а як дыхляфосам у піва пшыкалі... А клей на сьвердзел намотвалі!..»

Попыт нараджае прапанову, а Беларусь ужо цяпер захлынаецца ў багне таго попыту. Вядома, пасьля зьмены рэжыму будуць патрэбныя масавыя агітацыйныя кампаніі за здаровы лад жыцьця, падвышэньне коштаў і якасьці сьпіртнога, поўны спэктар стымулаў цьвярозасьці ад спрыяньня дробнаму й сярэдняму бізнэсу да ліквідацыі схаванага беспрацоўя. Але агульнапрызнана, што найлепшыя вынікі ў антыалькагольнай тэрапіі даюць высілкі абуджанага, ахопленага энтузіязмам грамадзтва: усталяваньне высокага маральнага стандарту праз моцныя цэрквы, трывалыя сем’і й адраджэньне нацыянальнай культуры. На пачатку ХХ ст. фэнамэнальных посьпехаў у змаганьні з п’янствам дасягнуў Каталіцкі Касьцёл: прыкладам, у 1911—1912 гг. манаполькі на Гарадзеншчыне зачыняліся адна пры адной праз адсутнасьць ахвотнікаў выпіць. Але вайна, рэвалюцыя й бальшавіцкае бязбожжа атруту на Гарадзеншчыну хутка вярнулі. У наш час сярод паводкі пітва праглядваюць адно выспачкі цьвярозасьці — той жа Мосар на Глыбоччыне, дзе самаахвярны Юзаф Булька прамаўляў казаньні, арганізоўваў жанок ды біў бутэлькі да тае пары, пакуль усе пітушчыя прылюдна ня выракліся свайго грэху.

А што рабіць усім астатнім, хто апынуўся па-за Мосарам? Калі дзяржава спойвае людзей мэтанакіравана? Калі гарэлка таньней за закуску? Калі хрысьціянскі актывізм не настолькі пашыраны ды яшчэ й прыціснуты?..

Хлопец, які разьбіўся ў Сітне на матацыкле, быў мой аднагодак. Паводле сацыялёгіі, такія нават у вёсцы падтрымліваюць апазыцыю. Але ж вось — п’юць страшэнна.

Сустракаўся з гэтым парадоксам паўсюдна — і ў Менску, і ў Віцебску, і ў Малым Сітне. Прыхільнікі дэмакратыі — студэнты, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, службоўцы — п’юць у масавым парадку. Кажуць, ад безнадзёгі. Можна, вядома, уважаць гэта за крутое выяўленьне пратэсту. Бярэш тую бутлю за горла, як гранату, — а вось вам за ўсё, гады!.. Толькі лічбы даводзяць, што такое піцьцё — найлепшы спосаб падтрымаць рэжым. Мяркуйце самі: нашыя адукаваныя, кваліфікаваныя, культурныя (і збольшага гарадзкія) прыхільнікі рэгулярна ўжываюць зусім ня свойскі самагон і не шатляндзкае віскі, а, як правіла, дзяржаўную гарэліцу. Той самы прадукт, вытворчасьць якога нашаму «Белдзяржхарчпраму» абыходзіцца ў капейкі, але дае найвялікшы адсотак прыбытку ў бюджэт. А цяпер палічым. Возьмем 3—4 мільёны тых, хто звычайна галасуе за апазыцыю, і памножым на 10—15 літраў чыстага алькаголю, якія, згодна са статыстыкай, штогод прыпадаюць на сярэднюю беларускую душу, улічым, што гэтыя літры разводзяць да 400 і прадаюць у дыяпазоне ад 5 да 20 тысячаў беларускіх рублёў за паўлітровую бутэльку... Хто ня верыць — спраўдзіце з калькулятарам: беларускія прыхільнікі дэмакратыі, п’ючы, штогадова субсыдуюць рэжым сама менш на паўмільярда даляраў.

Дарагія дэмакраты, эўрапейцы, нацыяналісты, рынкавікі! Можа, годзе ўжо чакаць вызваленьня ад дыктатуры праз расейскую газавую трубу? Мо пара ўжыць рычаг эканамічнага й палітычнага ціску параўнальнай магутнасьці?!

Увага! Прапаную ўсім супраціўнікам аўтарытарызму адмовіцца ад набыцьця й ужываньня алькаголю да поўнай перамогі над рэжымам. Сьвядомым беларусам і дысцыплінаваным партыйцам раю падрахаваць хаця б свой месячны вінна-гарэлачны бюджэт, скінуцца на 10-мільённы наклад антыалькагольных улётак з адпаведнай палітычнай аргумэнтацыяй (падлічана: хопіць на каляровы друк, фінскую паперу ды яшчэ на транспартныя выдаткі) — і раскруціць кампанію «разарэньне рэжыму» па ўсёй краіне. Замест тосту — тур па квартале з улёткамі. Плюс маральны эфэкт. Мінус пахмельле.

«Я ня п’ю, бо супраць Лукашэнкі!» — гучыць, га?!

...А чарачку за перамогу можна будзе падняць і пасьля. Вядома, калі захочацца. Бо насамрэч з пазбаўленьня ад усякага дурману й пачынаецца поўнае нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?