Андрэй Дынько ў вечар выхаду з Акрэсціна.

Андрэй Дынько ў вечар выхаду з Акрэсціна.

Мяне вядуць бетонным калідорам: шэрая падлога, памаляваныя алейнай фарбай у подленькі глянцавы-мятны колер нізы сцен. Больш я нічога не бачу: мяне не вядуць, а, хутчэй, валакуць, выкруціўшы левую руку і сагнуўшы галаву да зямлі, правую руку загадана таксама трымаць за спінай, правая рука сціскае пластыкавы пакет з парай рэчаў, ён матляецца ў мяне на задніцы — усё, што ў мяне засталося ад таго свету, дзе я яшчэ дванаццаць гадзін таму быў 47-гадовым бацькам траіх дзяцей і рэдактарам самага папулярнага часопіса на беларускай мове.

«К сцяне! Рукі за спіну!»

Грыміць у замку 20-сантыметровы ключ.

«Пашол у камеру, барэц!»

Камера сустракае мяне гніласным, душным, канцэнтраваным пахам мачы і гаўна, ты ныраеш у яго, гэта тваё новае жыццё.

Белае святло

Белае, яркае, рэжучае святло б’е не толькі зверху, але і з дзвюх лямпаў збоку. Я аглядаюся, слепячыся пасля паўзмроку калідора. Нары ў два ярусы, ні матрацаў, ні падушак, голыя дошкі. З-паміж нар вывальваецца голы да пояса, зарослы шчацінай шчуплы чарнявы хлопец гадоў 25-ці. «Ягор! Я тэрарыст!» — падае руку ён і ў тую ж секунду дэманструе свае паперы аб затрыманні.

«Пашанцавала, пасадзілі з палітычным», — кажу сабе я. Не столькі паперы мне пра гэта кажуць, я быў гатовы адразу апынуцца ў камеры з падсадным ці правакатарам, а сам выгляд хлопца аб гэтым сведчыць, інтэлігентны голас і адкрыты твар несапсаванага чалавека, Ягор нечым падобны да акцёра Тома Круза часоў фільма Top Gun.

«А я рэдактар «Нашай гісторыі», «Наша Ніва» — ведаеце такое выданне?»

«Наша Ніва»! Афігець! І такіх людзей садзяць!»

Хлопец моцна рады новаму суседству. 

Ён найперш прапануе мне паесці хлеба. Цэлыя і недаедзеныя кавалкі ляжаць горкай на голым, брудным карычневым стале, сярод крошак. Мне гідка ад самой думкі есці гэты хлеб, я яшчэ адчуваю гэты канцэнтраваны пах даўно ці ніколі не мытага сарціру, які тут жа ў кутку, мой нос яшчэ не прывык да яго.

Я выцягваю з пакета астатак шакаладкі — калі мяне сёння выводзілі з дома пад поўныя слёз погляды суседзяў, жонка мне ўсунула адну плітку і адну вялікую цукерку, і я гэтым павячэраў у машыне пад канвоем губопаў. «Бярыце палавінку!» Ягор не стрымліваецца, літаральна кідаецца, але адломлівае толькі адну з пазасталых пяці долек. «Не-не-не, астатняе вам!»

Я на вы — і ён пераходзіць на вы.

Ён паспешліва жуе гэтую дольку, І прапануе мне заняць ягоную шконку, бо «на яе падае найменш святла». А што, святло на ноч не выключаюць? Крымінальнікам выключаюць, але ў камерах, дзе ёсць хоць адзін палітычны — ніколі, кажа Ягор тое, што ведае ад сукамернікаў-крымінальнікаў. Не выключаюць святла і не даюць матрацаў і пасцелі.

«Палучыш да 20 гадоў»

«Што будзе са мной, як вы думаеце? — выпытвае ён. — Мяне выпусцяць? Я нічога не рабіў, проста быў падпісаны на тэлеграм-чат. Следчы кажа: палучыш да 20 гадоў».

Я тлумачу логіку гэтай сістэмы.

Я лічу, што трэба быць рэалістам і дапускаць любыя, у тым ліку найгоршыя — цябе ніколі не выпусцяць — варыянты. Ягор іншы: ён не адпускае ад сябе думку, што яго хутка выпусцяць. І гадзінамі ўголас вылічвае, калі гэта здарыцца. У яго выходзіць то ў аўторак, то ў панядзелак. Ён яшчэ зусім зялёны ў свае 32 гады, ён першы раз у жыцці за кратамі; схуднелы і счарнелы ад перажывання, ён здаецца маладзейшым за свае гады, гэты электраманцёр гіпермаркета «Еўраопт» з універсітэцкай адукацыяй, па якой ён сябе так і не знайшоў. З пытанняў следчых ён зрабіў для сябе выснову, што яго затрымалі, таму што ён вучыўся ва ўніверсітэце ў Польшчы. «Вось чаму мяне затрымалі! Не могуць жа затрымаць усе 5000 чалавек, якія былі ў тым чаце!» — шукае логікі ён. 

Светлы і наіўны ён, гэты «тэрарыст»-электраманцёр.

«Толькі ўладкаваўся на працу! Такое месца добрае — паўтары тысячы выходзіць, калі на паўтары змены працаваць. Думаеце, звольняць мяне?» — перажывае Ягор. «Не факт, што звольняць! — супакойваю я. —Разумныя людзі выкруцяцца, перавядуць з аднаго аддзела ў другі. Цяпер усюды каласальная салідарнасць», — і гэта праўда, тут я не прыдумляю.

Грошык

«Глядзіце, што я знайшоў: польскі грошык! Калі б яго затачыць, ім можна было б рэзаць як нажом», — ён працягвае мне манетку, я аддзёргіваю руку, і яна падае на падлогу.

«Вы што, падумалі, што гэта правакацыя?» — здзіўляецца Ягор.

Я маўчу.

Могуць, Ягора, могуць і пяць тысяч.

Я тлумачу яму, што, па ідэі, яго і дзясяткі такіх «тэрарыстаў», як ён, павінны выпусціць, што масавыя арышты па яго справе — гэта проста для застрашвання, а заадно каб канфіскаваць у актыўных людзей грошы і тэхніку.

«Вы таксама выйдзеце, вось пабачыце!» — пераконвае мяне Ягор.

«У мяне іншы выпадак, — кажу я. — Нас таксама ўзялі для застрашвання — застрашвання той рэшты журналістаў, што яшчэ не выехалі за мяжу, каб панікавалі і збягалі. Але я з калегамі — яшчэ і закладнікі, патрэбныя для торгу з Захадам».

«Аддыхай»

Адыграў дзяржаўны гімн, гэта знак адбою. Мы круцімся на голых дошках, спрабуючы заснуць. Яму ўдаецца, я не магу. Павяртаюся то налева, то направа можа ўжо дзве гадзіны, дошкі з непрывычкі ўпіваюцца ў рэбры.

Камп’ютар майго галаўнога мозга гарачачна пракручвае падзеі і сённяшняга дня, і цэлага гэтага года: людзі ў масках, якія бягуць да майго дома, мае пальцы трасуцца не пападаючы па клавішах, калі я спрабую напісаць мэсыдж калегам і не патрапляю, людзі ў масках ужо тут, у дзвярах.

Што ты мог зрабіць інакш? Што ты мог сказаць не так? Як ты мог ад гэтага ўратавацца? Чаму ты не выехаў, ідыёт, чаму ты працягваў займацца журналістыкай у гэтай краіне, дзе больш немагчымая журналістыка? Што цяпер перажывае жонка? Дзеці? Мама? Што будзе?

Грымяць рашоткі на прадоле, ляпаюць гумай па бетоне людскія крокі, бразгаюць жалезныя дзверы. У камеру ўвальваюцца два стварэнні: адно, у брудных ірваных джынсах, ніколі не мытай футболцы і з фінгаламі пад абодвума вачыма, другое — худое, як гліст, у аранжавай нясвежай майцы і засаленых, зашмуляных доўгіх шортах, што некалі даўно былі блакітнымі ў дробны зялёны гарошак.

Стварэнні падаюць нам рукі, я стукаюся з імі кулаком. Адразу відна, што гэта не палітычныя.

«Бл*, што за х****? А дзе матрацы? Братва, вы што, так і спіце без матрацаў? Старшой, бл*! — ён з усёй сілы забарабаніў у жалезныя дзверы. — Старшой, ты чаго мяне ў карцар пасадзіў?» Гэты грукат працягваецца нейкі час. Дзяжурны крычыць, што матрацы на дэзінфекцыі і калі вернуцца — невядома. Я чую апошняе слова гэтага малодшага афіцэра: кплівае, з расцягнутым апошнім гукам а. «Аддыхай!»

У турме кулак не ходзіць

Тыя, каго толькі што прывялі, хапаюць хлеб са стала, пачынаюць жэрці, іх цэлы дзень трымалі ў РУУСе не еўшы. Я дастаю шакаладку, працягваю ім па дольцы. Іх твары на секунду асвятляюцца ззяннем. Я не ведаю, як трымаць сябе з крымінальнікамі-рэцыдывістамі, прыглядаюся, хаджу па камеры з кута ў кут, як звярок у заапарку.

Ягор гэтых двух ужо ведае, ён ужо перасякаўся з імі раней. Я назіраю за Ягорам. Ён абыходзіцца і гаворыць з суседзямі як са звычайнымі людзьмі — нібы з суседзямі ці аднакурснікамі, проста і спакойна. Калі ў аднаго з рэцыдывістаў з верхніх нар падае гразная маска, Ягор падымае яе і падае, як падаў бы жанчыне ў аўтобусе білецік, што ўпаў. Той дзякуе — роўным голасам, як дзякавала б за білецік жанчына.

Гэта адна з малых камер, ёсць на Акрэсціна і Валадарцы такія, дзе сядзяць па 25 чалавек. Або па 16 чалавек у 4-меснай, па 10 чалавек у 2-меснай — так размяшчаюць палітычных, асуджаных да адміністрацыйнага арышту, людзей «перавыхоўваюць» духатой.

Крымінальнікам, аказваецца, ужо звыкла сядзець з палітычнымі. Яны ўсе ўжо сутыкаліся з палітычнымі тут ці там і ўспрымаюць такое сужыхарства як новую норму. Увогуле, у турме, нібы на малым астраўку, дзе звяры ў лесе ратуюцца ад паводкі, разам і воўк, і заяц, і ліса, і хамяк, і мядзведзь, усе цярпяць і чакаюць, пакуль сыдзе вада, ніхто нікога не кусае і не есць. Магчыма, гэта толькі пакуль голад не стаў крытычным, не ведаю.

Некага з крымінальнікаў здзіўляе мая беларуская мова і звычка звяртацца на вы. «Прывыкайце да новай улады!» — жартую. Гэта ўсё дробныя крымінальнікі: крадуны, алкаголікі, бытавікі — не цвет крымінальнага свету. Расказваюць, як дзе сядзіцца, дзе якія нормы і ўстанаўленні. Як у СІЗА ніхто ніколі не б’ецца: «у турме кулак не ходзіць», а вось ужо на зоне — так, там мардабой часты.

Побач з палітычнымі крымінальнікі пачынаюць задумвацца пра «штосьці», пра «людзьмі звацца».

Недапалкі і ліст Алексіевіч

Крымінальнікі так жа востра, як і мы, палітычныя, перажываюць галоўную бяду нашай пенітэнцыярнай сістэмы, якую апісаў у рамане «Уваскрасенне» Леў Талстой і якая тут, у ізалятары часовага ўтрымання, дасягнула дасканаласці, ад якой зняволеныя шалеюць: гэта праздность, нічоганерабленне, немагчымасць заняць сябе нічым.

У камерах Акрэсціна, дзе сядзяць палітычныя, забаронена мець газеты, кнігі, у парушэнне норм нам не дазваляюць мець нават ручкі і алоўкі. Мой найвялікшы скарб — два знойдзеныя ў закутку недапалкі запалак. Гэта імі я на адваротным баку свайго следчага пратакола накрэмзаў кароткі ліст нобелеўскаму лаўрэату Святлане Алексіевіч, які ўдасца пераправіць на волю. 

«Начальнік, перадай хоць якую газетку!» — прыніжана просіць праз кармушку кожнага праходзячага па турэмным калідоры дробны крадун — будаўнік з Каменнай Горкі. І чуе каменнае і хлуслівае: «Не паложана!» Крадун марыць пра перавод на Валадарку: «Там у кожнай камеры — кнігі, і можна замаўляць з бібліятэкі яшчэ». Такое простае памкненне да культуры — прага чытаць. «Не паложана!»

Сукамернікі задаюць пытанні, я расказваю, гэта перарастае ў лекцыі па гісторыі Беларусі і Еўропы. Гэта надае сэнс жыццю, выводзіць з выкліканага недасыпам стану здранцвення.

І пачынаю заўважаць у гэтых рэцыдывістах, няшчасных людзях, пераважна залежных ад алкаголю і наркотыкаў, якія з дзяцінства жылі ў асяроддзі, дзе ўкрасці і падмануць не лічыцца нечым ненармальным, пачынаю заўважаць у іх супраціўленне расчалавечванню.

Нічога ў гэтым ізалятары не зроблена, не задумана, каб чалавек пачынаў мяняцца, развіваць лепшае ў сабе, каб ён бачыў выхад. Не, тут падыход адзін — стварыць настолькі невыносныя ўмовы, каб чалавек баяўся сюды трапіць ізноў. Але гэта не працуе. Беларусь — на першым месцы ў Еўропе па колькасці зняволеных на душу насельніцтва. Гэта хіба адзінае, у чым Беларусь лідар.

У карцары і гэтага не будзе

Большасць гэтых няшчасных, з якімі мяне тут зводзіць лёс, жывуць адным днём.

Заўтра яны забываюць пра ўчарашнія пакуты і думаюць пра сваю порцыю асалоды на гэты канкрэтны дзень — чарлік, дозу. А для ўсяго гэтага трэба грошы. І ідуць па новай па гэтых колах пекла, якое зноў — на час ці назаўсёды — робіць з цябе «больш-не-чалавека», істоту, якая вядзе толькі вегетатыўнае існаванне; якую кормяць роўна настолькі, каб яна не здохла; якой даюць кіслароду праз адкрытую кармушку роўна столькі, каб істота не задыхнулася; а шэрых палосачак туалетнай паперы — роўна столькі, каб гэтае стварэнне не пачало выціраць сабе зад голаю рукою.

Далёка застаюцца ўсе дасягненні еўрапейскай культуры. Захаваць тут сваю чалавечую годнасць — гэта найперш захаваць элементарныя нормы гігіены і здароўе. Жыццё, калі ты палітычны, тут ператвараецца ў кругласутачнае змаганне за тое, каб не ператварыцца ў жывёлу. 

Пераймаю ў крымінальнікаў лайфхак: спаць можна на пластыкавай бутэльцы з вадой. Лепш яе недаліваць, тады яна мяккая і не рэжа галаву.

У людзей сістэмы — маёраў, прапаршчыц, медсясцёр — могуць прабягаць пробліскі міласэрнасці, але сістэма з яе інструкцыямі працуе, каб чалавек адчуваў сябе бяспраўнай жывёлай. Каб марыў пра адно: толькі б у яго не забралі яшчэ і кавалак хлеба, і магчымасць хоць неяк ляжаць. Бо ў карцары і гэтага не будзе. 

Ці чалавек гэта?

Сістэма ўздзейнічае праз драбніцы. У адной камеры ў туалеце, гэта значыць, у дзірцы ў падлозе з жалабком перад ёю, не працуе змыў, і ты маеш проста бутэльку з вадой, з якой ты яшчэ і п’еш і на якой ты спіш, каб з яе ж і змываць за сабой. Туалетныя ёршыкі ёсць у кожнай камеры, але ўсе яны сцёртыя да палачкі, і табе крайне цяжка выдаліць за сабой рэшткі дзярма да стану, каб вада з бутэлькі магла яго змыць.

А ёсць камеры, дзе параша — гэта вядро і сядзіць паўтара дзясятка чалавек. Я ведаю студэнтку-выдатніцу, якую пасадзілі на 15 сутак за неасцярожныя словы на выпускным. Яна не змагла адолець сорам і хадзіць пры ўсіх на гэтае вядро і выйшла з турмы з непрахадзімасцю кішачніка. 

Яшчэ камера. Таўчок тут агароджаны тоўстымі металічнымі лістамі. Ад вады і пырскаў мачы знізу яны зусім паржавелі, але, галоўнае, цяжэзныя металічныя дзверы на завесах пранізліва, як якуцкі вецер, выюць, калі іх адкрываеш і закрываеш. Калі ў адной камеры 16 чалавек, нехта з іх абавязкова ходзіць у туалет і ўначы, і тады ўсе іншыя — нават у суседніх камерах — прачынаюцца ад гэтага злавеснага рыпу. Ты пачынаеш адчайна змагацца за апошні мінімум свайго камфорту.

Ты стараешся вызначыць адрэзак радыуса павароту дзвярэй, на якім рыпу не здараецца, і ўмовіцца з сукамернікамі, каб яны не да канца зачынялі іх і не да канца адчынялі, а толькі ад сіх да сіх, але ж дамова да канца не выконваецца, бо ў камеры канечне ёсць адзін бамжара, які жыве ў сваім космасе, і адзін зняволены ў роспачы безнадзейнасці, які нічога не чуе і не адчувае па-за сваім бязмежным страхам застацца тут, у гэтым іншасвеце, і які не чуе і рыпу, такога невыноснага іншым.

У іншай камеры — палітычных у ІЧУ ўвесь час перакідаюць з камеру ў камеру, гэта ўзмацняе тваё адчуванне бездапаможнасці, выкараненасці, ты не паспяваеш здружыцца, зблізіцца з людзьмі — няма сметніцы, але ўсё засыпана вялікім і дробным брудам. Ты тры разы прыніжана просіш праз кармушку, каб далі сметніцу ці пакет, афіцэр табе рыкае, што няма. Назаўтра на праверцы ўранку той жа афіцэр, што на цябе рыкаў, раве за гару смецця, якую вы акуратна змялі ў куток. «Вы что, о**лі, у***а? Собрать сейчас же, б***!» — «Дык сметніцы няма», — знішчана блееш ты. — «А мне пох**!» — з гэтай інтанацыяй, адточанай гадамі працы, цэдзіць ён.

У мяне ўвесь час усплывае ў памяці кніга Прыма Леві, які выжыў у Асвенціме, «Ці чалавек гэта?» У цябе аднялі ўсё: свабоду, рэчы, час. Але чалавечнасць першым страчвае кат, а не ахвяра.

Мыла туалетнае

Венікі ў камерах часцей за ўсё ёсць, а вось саўка не сустракаў ні разу. Калі ты падмятаеш, табе даводзіцца збіраць усё на паперку — а з папер у цябе пастановы аб тваім затрыманні, якія табе трэба цягаць з сабой, і — ха-ха! — аб растлумачэнні табе тваіх правоў. Або калі не на паперку, то змёткі можна сабраць бруднай анучкай, што валяецца на падлозе, і спаласнуць ва ўмывальнік, над якім вы і мыецеся — больш няма дзе.

Калі ёсць асобная анучачка, каб мыць умывальнік, ты намыльваеш яе тым самым адзіным на ўсю камеру абрэзкам мыла памерам з палавіну каробачкі ад запалак, якім усе ў камеры мыюць і рукі, і галовы, і шкарпэткі, і ўсякія часткі цела, і лыжкі перад ядой — бо кавалак мыла адзін. 

Мыла ляжыць на ўмывальніку, без мыльніцы, таму плыве і расцякаецца. Калі б у камерах былі мыльніцы, то нават гэтага мыла — на ім абрэзак гордага надпіса «Туалетнае», яно шэрае і мяккае, як пластылін — нават гэтага мыла хапала б на два разы даўжэй, але мыльніц няма.

А мыцца трэба, ты разумееш, што аскацінішся, калі перастанеш мыцца. Калі ты маеш пад кашуляй майку, ты здымаеш майку, каб ёй выцірацца замест ручніка. Галаву мыеш пад кранам умывальніка, зад — бутэлькай над сарцірам. Дні спякотныя, у камеры пад плюс 40, і душна, бо ўвесь час хтосьці мыецца, хтосьці сушыць мытую адзежу.

І пачынаеш ненавідзець беларускі Чырвоны Крыж і яго гладкіх начальнікаў з Міністэрства аховы здароўя — які нібыта забяспечвае зняволеных гігіенічнымі рэчамі. Чырвоны Крыж, прадстаўнікі якога затое засядаюць амаль у кожнай «выбарчай камісіі» на кожных «выбарах».

Міска вараных яек

Калі людзей у камеры многа, хтосьці ўжо пачынае снедаць, згаладнелы, а хтосьці тут жа, за метр, яшчэ спаражняецца, каб вызваліць месца для порцыі грэчкі на вадзе і кавалка хлеба спецвыпечкі.

Чорны хлеб вязкі, глеўкі. Белы — сухі, крышыцца. І той, і той — без смаку, без спецый, як і ўся яда. Раз на некалькі дзён — чацвярцінка памідора, раз на яшчэ некалькі — палавінка гурочка. Іншы раз — лыжка кіслай капусты. Праз некалькі дзён ты ўжо фізічна прагнеш вітамінаў, а іх няма. Табе сняцца яблыкі. Табе сніцца, як ты прыехаў да бабулі — а яна табе дае міску чырвонага штрыфеля.

Адзін раз чалавечны прагонны прасунуў нам у кармушку міску вараных яек, але мы пабаяліся з’есці па два адразу, каб не здарыўся запор, і захоўваць у 40-градуснай спёцы не рашыліся, аддалі яму назад. Іншы раз дзяўчына сунула нам міску кансерваванага гарошку, і мы два дні дабаўлялі яго ў супы і кашы. Трэці раз прапаршчык даў міску зялёных кіслых памідораў мінулагодняга ці пазалеташняга ўраджаю, і мы схавалі іх за хлебам, бо не ведалі, ці не адбярэ іх наступны з крыкам «Што за анцісанітарыя, б****?»

Паступова, на дзень трэці, пяты, самыя грэблівыя пачынаюць выскобліваць пярловую слізь са сценак жалезных місак, стараючыся не страціць ні адной калорыі, ні аднаго шанцу на мікраграм вітаміну С.

«Выжыць! Выжыць і застацца чалавекам!» — загадвае сабе чалавек.

Хлеб — на міску, каб не кранаўся стала. Міску пасля яды адмываеш хуткімі-хуткімі рухамі ўказальнага пальца. Гэта не цяжка: міска ніколі не бывае тлустай. Камбітлушч — толькі ў катлеце, а катлета ляжыць на сечцы. На гэтым свеце ад прысмаку гэтага камбітлушчу магло б і вырваць, а там ты ясі — усё ж тлушч, у ім можа выжыць нейкая адчайна жыццялюбная амінакіслата. 

Жаночы смех

У суседніх камерах у такіх жа ўмовах сядзяць палітзняволеныя жанчыны. Аднойчы даносіцца іх смех. Што іх насмяшыла? Гэты жаночы смех выклікае ў нас фантан дафамінаў, гэта як павеў ветру нармальнасці са свету жывых.

Пазней я перасякуся з жанчынай з той камеры. Яна расказала, што рассмяшыла, што ў камеру завялі жанчыну з сасіскамі. Яе затрымалі, калі ішла з крамы дахаты. Яе так і прывезлі ў турму — з сасіскамі. «Гэта была наша самая смачная вячэра за ўвесь час», — уздыхнула яе сукамерніца. На жаль, жанчыну з сасіскамі так і не выпусцілі.

44-гадовая Таццяна Астроўская з фонду «Краіна для жыцця» застаецца за кратамі, цяпер яе перавялі ўжо ў іншую турму. Па афіцыйнай фармулёўцы, яе «затрымалі 9 ліпеня падчас аперацыі Камітэта дзяржаўнай бяспекі па зачыстцы ад радыкальна настроеных асоб».

Сарты недачалавекаў

У іншых камерах побач — грамадзяне іншых краін, якія чакаюць дэпартацыі. Некаторыя з іх — паўгода, год, пакуль іх родныя Гамбія ці Украіна не спяшаюцца іх прымаць. У дэпартантаў то ёсць і матрацы, і святло ў іх уначы гасяць. У іх ёсць яшчэ два залатыя бонусы: штодзень іх на дзве гадзіны выводзяць на прагулку ў турэмны двор, а ўвечары даюць дадатковую пайку чорнага і белага хлеба.

Нават у самых бессардэчных дзяжурных прапаршчыц і доктарак не вытрымлівае сэрца глядзець на гэтых дэпартантаў, засунутых на той свет на доўгія месяцы ці гады. Прапаршчыцы дазваляюць сабе пастаяць каля кармушкі — нават пад штанамі прапаршчыка ёсць жаночыя формы і ад іх праменіцца свежасць і свабода — і па-людску пагаварыць з гэтымі згаладнелымі па чалавечым небаракамі розных колераў скуры. А лекаркі адсыпаюць няшчасным дэпартантам таблеткі: аспірын, дымедрол, штосьці яшчэ — каб тыя хаця б маглі паспаць у гэтай духаце.

Недзе за сотні кіламетраў адсюль да межаў Еўрасаюза плывуць морам з Лівіі, брыдуць лясамі на польскай мяжы мігранты — гэты боль і жах Еўропы, яны купіліся на абяцанні мярзотнікаў пра выратаванне ад усіх бедаў. Наколькі ж гэтыя няшчасныя там, на моры ці ў лесе, шчаслівыя ў параўнанні з намі на Акрэсціна.

Тут нават дэпартанты — недачалавекі першай катэгорыі. А мы, палітычныя, недачалавекі самага ніжняга, астракапытнага сорту.

У мэтах дэстабілізацыі

Калі майму сукамерніку асабліва трывожна — мы, палітычныя, зноў засталіся ўдвух, рэцыдывістаў уранку вывезлі на этап у СІЗА — я дастаю і разломваю ў аўсянку апошнія 10 грамаў шакаладкі, кожнаму па пяць, дробнай крошкай, і каша расцвітае феерверкам смаку. У кожнай лыжцы месіва ёсць прысмак дому, мінулага, шчасця. І гэты святочны сняданак падымае настрой.

Твой сукамернік у гэты дзень — яшчэ адзін «падазраваны ў тэрарызме». Артыкул 289, частка 2. Такіх тут — у кожнай камеры па адным, іх не садзяць разам. Як на падбор — інтэлігентныя, адукаваныя. Гэты — выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Увесь тэрарызм гэтых тэрарыстаў заключаецца ў тым, што яны былі падпісаныя на пратэставы чат — здаецца, на той з іх, які быў створаны самімі спецслужбамі. 

У пратаколах затрымання ў іх ідэнтычныя запісы. «26 чэрвеня гр. Глотаў у змове з неўстаноўленымі асобамі шляхам устанаўлення выбуховай прылады (далей доўгае апісанне яе шматлікіх частак) ажыццявіў падрыў 11-й антэны радыёлакацыйнага комплексу «Антэй» Ваенна-марскіх сіл Расійскай Федэрацыі ў Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь». А, забыў, на пачатку, перад «гр. Глотаў» пазначана: «у мэтах дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі».

«Я шэсць з паловай гадоў адседзеў, а тэрарыста першы раз сустракаю!» — з павагай казаў учора каранасты рыжы 25-гадовы братан з Серабранкі.

«Дык а антэну падарваную паказвалі? — пытаецца ён. — Лажа нейкая. Калі б сапраўды падарвалі, яе б з кожнага праса паказвалі».

Братва прывыкла ва ўсім сумнявацца і нікому не верыць. «Не вер, не бойся, не прасі» — стары прынцып выжывання ў савецкіх турмах.

«Дзяржыцеся!»

«Тэрарыстаў», калі толькі яны сапраўды — а няма падстаў ім, як на падбор, наіўным, не верыць — толькі чыталі гэты чат, а нічога ў яго не пісалі, чакае вызваленне праз дзесяць сутак, канфіскацыя тэлефонаў і грошай. А што чакае цябе? Рэдактара можна звінаваціць ва ўсім, што заўгодна. Я бачыў праз кармушку, як вялі маіх калег. Я чуў, як прывозілі ўсё новых арыштаваных, сярод іх сусветна вядомага праваабаронцу Алеся Бяляцкага з цэнтра «Вясна».

Братан з Серабранкі храпе на верхняй паліцы справа.

Пад ім за вывешанай мокрай майкай стараецца схавацца ад нязгаснага святла пацан, абвінавачаны ў «знявазе прадстаўніка органа дзяржаўнай улады» (ён шэптам расказаў нам учора, што адзін з аператыўнікаў, які яго арыштоўваў, калі вёў яго, прашаптаў: «Дзяржыцеся!»). 

Нада мной, нібы на нябачным ровары, выкручваецца наркаман. Ён быў на праграме метадоназамяшчэння, але спакусіўся чужой барсеткай. Цяпер у яго ломка, ён нічога не есць і рыгае сліззю. У яго гэта пятая ходка, ён худы і жоўты як воск і кульгае, бо ў свае 37 яму ўжо трэба мяняць сустаў на сцягне. Ён ніжацца і стогне, а я скурчыўся на голых дошках, бутэлька замест падушкі пад галавой, рукою закрываю вочы ад усёпранікальнага святла і думаю цяжкую, невыносную думу: а што будзе са мной і маімі дзецьмі?

100 працэнтаў і 99,7

Калі мяне адсюль перавязуць на Валадарку, гэта будзе азначаць канец. Тых, каму выстаўляюць абвінавачванне, больш не выпускаюць. У Беларусі 100 працэнтаў прысудаў на палітычных працэсах — абвінаваўчыя (зрэшты, у Беларусі і на крымінальных працэсах 99,7% прысудаў — абвінаваўчыя, апраўдацца немагчыма). Учора я са страхам злавіў сябе на думцы, што я, як тыя фігуранты працэсаў 37-га, якія агаворвалі сябе, каб толькі спыніліся катаванні, прашу Бога, каб мяне хутчэй перавялі на Валадарку — лепш пэўнасць турмы на N гадоў, чым вось гэтае чаканне без канца на гэтай бутэльцы пад гэтым белым святлом.

На дне майго турэмнага пакета яшчэ ляжыць, прымятая, нібы прыдушаная іншасветам, жончына цукерка — 40-грамовы «Мінскі грыльяж» у яркай чырвонай абгортцы, на якой жыццярадасны і горды сабой вожык валачэ гіганцкі жоўты яблык.

* * *

За апошні год па палітычных матывах у Беларусі было затрымана больш за 40 тысяч чалавек. Такіх рэпрэсій у ХХІ стагоддзі не ведала ніводная краіна Еўропы. Аўтар тэксту, Андрэй Дынько, застаецца пад крымінальнай справай. Яго калегі, рэдактары «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко, знаходзяцца ў мінскай турме Валадарка.

Клас
15
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
20
Абуральна
31