Amnesty International апытала агулам 75 чалавек, якіх завабілі ў Беларусь у перыяд з ліпеня па лістапад 2021 года з-за ілжывага абяцання бесперашкоднага перасячэння мяжы ў ЕС. Пасля яны сутыкнуліся з супрацівам з боку краін ЕС, уключаючы Польшчу. Сярод апытаных былі 66 грамадзян Ірака, сем сірыйцаў, якія прыехалі з Егіпта, Лівана і Сірыі, адзін ліванец і адзін суданец. Паколькі некаторыя з апытаных падарожнічалі з сем'ямі і сябрамі, агулам расказана пра 192 пацярпелых.

'Усе апытаныя Amnesty International мігранты сцвярджаюць, што да мяжы з Польшчай іх увесь час суправаджалі беларускія сілавікі, а пасля прымушалі яе нелегальна пераходзіць. «Было каля дзесяці [беларускіх] вайскоўцаў і з імі былі чатыры сабакі, — цытуецца адно са сведчанняў. — Яны сказалі, што адпусцяць сабак, калі мы не будзем хутка бегчы… Вайскоўцы рухаліся за намі, збіваючы дубінкамі ўсіх, хто не ішоў досыць хутка».

У дакладзе ёсць сведчанні, што мігранты, якія спрабавалі вярнуцца з памежнай зоны назад, сутыкаліся з вымагальніцтвам хабару з боку беларускіх сілавікоў, у іх маглі забраць тэлефоны і грошы.

У Amnesty International адзначаюць, што Польшча, ведаючы пра жорсткае абыходжанне з мігрантамі ў Беларусі, усё ж адпраўляла назад затрыманых за незаконны пераход мяжы.

У той жа час у дакладзе няма нават згадак пра «забойствы» на польскім баку мяжы мігрантаў, пра што заяўляе беларуская прапаганда, у тым ліку і са спасылкай на польскага дэзерціра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0