Зульфiя Асадава — дзяўчына, якая прыйшла на начную дыскатэку проста адпачыць з сяброўкамi, а выйшла адтуль з запрашэннем да ўдзелу ў конкурсе — «Мiс грудзi‑2009», ды яшчэ i перамагла ў iм.

Будучы культуролаг — гаспадыня чацвёртага памера, але гэта не асноўнае, чым надзялiла яе прырода. Зульфiя даволi прыемны, вясёлы, энергiчны i пазiтыўны чалавек, што i дапамагло ёй дабiцца перамогi. Пагадзiцеся, фiзiчныя дадзеныя без станоўчых маральных якасцяў — проста абгортка, якую часцей выкiдваюць не запомнiўшы.

Зульфiя мне шчыра прызналася, што i не збiралася ўдзельнiчаць у такiм мерапрыемстве.

— Гэта ўсё мой знаёмы, адзiн з арганiзатараў, — кажа дзяўчына, — падышоў да мяне падчас дыскатэкi i прапанаваў паспрабаваць. На той момант мне хацелася нечага такога, дзе я змагу самасцвердзiцца, плюс да ўсяго была нейкая мэтанакiраванасць на перамогу. Вось я i вырашыла паўдзельнiчаць. Было, вядома ж, страшна, але, як бачна, нездарма. Маё сёмае пачуццё мяне не падманула.

Часу на падрыхтоўку ў Зульфii амаль што не было: ноччу яна атрымала запрашэнне, а днём ёй трэба было прыйсцi на рэпетыцыю, паколькi ўжо наступнай ноччу праводзiўся сам конкурс. Вось i давялося выкручвацца, прыдумваць i абдумваць усё проста на хаду.

— Я вельмi ўдзячная маёй сяброўцы Аiшы, якая дапамагала мне ва ўсiм. Яна падтрымлiвала мяне i падчас конкурсу. Гэта вельмi важна, паколькi яе станоўчая энергетыка перадавалася, як я думаю, не толькi мне, але яшчэ i ўсiм навакольным, што толькi спрыяла лепшаму ходу падзей.

«Я — азербайджанка i адразу сказала, што распранацца не буду»

Дзяўчатам, якiя прайшлi адбор праз iнтэрнэт (анкеты, фота, памер грудзей), трэба было вытрымаць тры туры, падчас якiх вызначылiся i тры фiналiсткi. Тут было ўсё: i iнтэлектуальныя спаборнiцтвы, i выхад у вячэрнiх сукенках, i купальнiкi. Прычым, трэба зазначыць, што ацэньвалiся не толькi самi грудзi i iх памер, але яшчэ i фiгура, характар, тэмперамент, узровень iнтэлекту. Фiнал, дзе засталося толькi трое з усiх дзяўчат (Каця, Вiка i Зульфiя), меў на ўвазе выхад у майках.

— Мокрымi мы iх зрабiлi самi. Так можна разгледзець усё, што неабходна, i выставiць адзнаку. Для мяне было шокам тое, што трэба было гэтыя майкi зняць i паказацца, што называецца, напаўголай. У пачатку конкурсу гэтага не планавалася, а тут… Проста некаторыя з дзяўчат пачалi знiмаць iх самi, i журы, у склад якога ўваходзiлi амаль што адны мужчыны, вырашыла, што так трэба зрабiць i ўсiм астатнiм. Я — азербайджанка i адразу сказала, што распранацца не буду. У маёй краiне са мной за такое проста перасталi б размаўляць, ды яшчэ i пальцамi пачалi б тыцкаць. Гэта справа прынцыпу. Калi даведаецца мой тата, то… .

Пра бацькоў

Тата ў Зульфii родам з Азербайджана, дзе iснуюць традыцыi, якiя забараняюць дзяўчатам весцi сябе вось так смела на людзях, i дзе iх паважаюць i абараняюць. I тут, у чужой краiне, ён стараецца ўсiмi магчымымi сродкамi неяк навучыць сваiх дзяцей таму, што прынята на яго радзiме. У яго iснуюць свае погляды, якiя нi ў якiм разе не дазволiлi б яму змiрыцца з тым, што яго дачка будзе ўдзельнiчаць у такiм конкурсе, ды тым больш яшчэ i распранецца перад вялiкай колькасцю прысутных. Таму Зульфiя i не сказала бацьку, дзе менавiта збiраецца ўдзельнiчаць.

— Ён лiчыць, што гэта проста нейкi конкурс прыгажосцi. А паколькi мой тата — чалавек надта заняты, то я спадзяюся, што нiдзе ў iнтэрнэце ён не знойдзе iнфармацыi аб гэтым мерапрыемстве, таму што калi будзе наадварот, то я проста не ведаю, што тады будзе ў вынiку. Наўрад цi ён зразумее правiльна мой учынак. Таму i застаецца спадзявацца на лепшае.

Затое з мамай справа складваецца iнакш. Яна ганарыцца сваёй дачкой i яе смеласцю, а таксама радуецца разам з ёй перамозе. Мама ў Зульфii — беларуска. Можа, таму i мае iншыя погляды на сучаснае жыццё. Ёсць яшчэ, праўда, малодшы брат, якi, як думае Зульфiя, можа незнарок прагаварыцца. Але ён яшчэ маленькi, таму iснуе магчымасць таго, што яму проста будзе ўсё гэта нецiкава, i тайна застанецца тайнай.

Пра цяжкасцi

Самым цяжкiм для Зульфii было менавiта распрануцца перад публiкай. А там, у працэсе, было цiкава, захапляльна. Азарт, смак перамогi, якi вось‑вось заглыне амаль што поўнасцю, дапамагалi i стымулявалi сiтуацыю. З кожным крокам хацелася яшчэ i яшчэ. Ды i публiка дапамагала, падтрымлiвала. Адмоўнай энергетыкi ўдзельнiцы не адчулi. Толькi пазiтыў i станоўчыя эмоцыi.

— Я, напрыклад, ад залы чула толькi нешта тыпу «Давай, давай, Зульфiя! Ты малайчына!» Там, безумоўна, было шмат маiх сяброў, але i зусiм незнаёмыя людзi падтрымлiвалi вельмi актыўна.

Пра ўзаемаадносiны

Не абышлося, вядома ж, i без касых поглядаў. Некаторыя дзяўчаты проста адразу ацанiлi свае магчымасцi i, мабыць, таму паводзiлi сябе не надта шчыра ва ўзаемаадносiнах з будучай фiналiсткай, якая, дарэчы, была сярод усiх канкурсантак самай малодшай.

— Хоць з Вiкай, дзяўчынай, якая атрымала 2‑е месца, добрыя ўзаемаадносiны ў нас склалiся з самага пачатку. Яна неяк адразу мне спадабалася. Пасля конкурсу падышла i павiншавала мяне, прычым шчыра i гэта было добра бачна. Мы з ёй i цяпер сустракаемся, размаўляем. З iншымi дзяўчатамi таксама, але радзей. Дарэчы, я вельмi рада таму, што ў мяне засталiся сяброўкi пасля конкурсу, што адчуванне супернiцтва засталося там, калi яно наогул было.

Погляды поглядамi, але нiякiх гадасцяў адна адной не рабiлi. А гэта самае галоўнае, а то дух супернiцтва можа схiлiць да многiх непрыемных рэчаў, што не прымальна ў любым спаборнiцтве.

Пра мужчын

Пасля конкурсу да Зульфii падыходзiла шмат мужчын, якiя хацелi пазнаёмiцца блiжэй, прасiлi нумар тэлефона. Увагi хапала i хапае. Але сэрца Зульфii занятае.

— Гэта падчас конкурсу мы з маiм каханым пасварылiся, таму я так смела вырашыла ўдзельнiчаць у такiм мерапрыемстве. Калi ён потым даведаўся, дзе я ўдзельнiчала, ды яшчэ i перамагла, сказаў, што я ў яго шыкоўная жанчына. Але задаволеным ад такiх навiнаў ён не быў. I насамрэч, калi б мой каханы ведаў, дзе я збiраюся ўдзельнiчаць, то вялiкай сваркi на той момант было б не пазбегнуць.

Па жыццi ў Зульфii шмат мужчынскай увагi, заўсёды камплiменты, павага, прапановы фотасесiй.

— Я разумею, што мужчыны ў першую чаргу звяртаюць увагу на фiзiчныя дадзеныя, грудзi, ногi, валасы, а ўжо пасля на характар i ўнутраны стан. Прычым, грудзi — чым большыя, тым лепш. Недзе так нумар 4‑ы цi 5‑ы — самае аптымальнае для iх. Ды, мабыць, так як i дзяўчаты. Мы таксама звяртаем увагу спачатку на знешнасць, а пасля ўжо спрабуем разабрацца, хто перад намi.

Зульфiя шчыра прызнаецца, што яе знешнасць ёй толькi дапамагае ў жыццi. У школе нават адзнакi вышэйшыя ставiлi за прыгожыя вочкi цi грудзi. А ўжо што казаць пра начныя мерапрыемствы, тыпу дыскатэк. Тут мужчыны кактэйлi купляюць у падарунак усё за тыя ж прыгожыя грудзi.

Першыя ночы пасля конкурсу Зульфiя спала з усмешкай на вуснах. Настолькi было прыемна, што менавiта яна перамагла, што сярод усiх канкурсантак выбралi менавiта яе. Ды i само мерапрыемства пакiнула толькi найлепшыя пачуццi. Станоўчых эмоцый не перадаць.

— Трэба праводзiць такiя мерапрыемствы. I чым часцей, тым лепш. Гэта шанц для самарэалiзацыi, якi неабходны кожнаму, каб потым, дзесьцi пад старасць, было што расказаць унукам.

Дзяўчына мае рацыю. Самарэалiзацыя — рэч важная i неабходная кожнаму. Вось толькi магчымасцi для яе здзяйснення кожны для сябе выбiрае сам.

Гутарыла Наталля Бельчанка, Звязда

Фота interfax.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0