За мінулыя выхадныя ў Беларусі ў ДТЗ загінулі 14 чалавек, у тым ліку адно дзіця. 57 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, атрымалі раненні.
Як паведамілі ва ўпраўленні Дзяржаўтаінспекцыі МУС, дзіця памерла 1 жніўня пасля ДТЗ недалёка ад вёскі Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. 65‑гадовы жыхар Брэста, які кіраваў «Фальксвагенам», з’ехаў у кювет і перакуліўся. У выніку 6‑гадовая ўнучка вадзіцеля, якая ехала разам з ім, з цялеснымі пашкоджаннямі была змешчаная ў бальніцу, дзе памерла.
17‑гадовы жыхар Капыльскага раёна загінуў 2 жніўня ў аварыі каля вёскі Марозы Слуцкага раёна. У 2.00 35‑гадовы жыхар Петрыкаўскага раёна, які кіраваў аўтамабілем «Жыгулі», з’ехаў у кювет і перакуліўся. Яго непаўналетні пасажыр загінуў.
2 жніўня ў Баранавічах 38‑гадовы жыхар Ляхавіцкага раёна ў стане алкагольнага ап’янення за рулём «Масквіча» здзейсніў наезд на 65‑гадовую пенсіянерку, якая пераходзіла праезную частку па пешаходным пераходзе. Вадзіцель уцёк з месца здарэння, але быў затрыманы.
У гэты ж дзень у Быхаўскім раёне ў 15.00 20‑гадовы мужчына за рулём трактара «МТЗ» здзейсніў наезд на 40‑гадовага мясцовага жыхара, які загінуў.
Недалёка ад вёскі Радуцічы Асіповіцкага раёна ў 18.20 31‑гадовы вадзіцель «Опеля» з’ехаў у кювет і перакуліўся. У выніку вадзіцель і пасажыр загінулі, яшчэ адна пасажырка змешчана ў бальніцу.
Дзяржаўтаінспекцыя заклікае грамадзян быць дысцыплінаванымі, адказнымі і не садзіцца за руль пасля ўжывання алкаголю.