ДЗЬВЕ КРОПЛІ

    палалі лясы –

    а гэтыя двое

    спляталі рукі на шыях

    нібы букеты ружаў

    людзі ў сховішчы беглі

    а ён казаў што ў жонкі валасы

    у якіх можна схавацца

    накрыўшыся адным пледам

    яны шапталі бессаромныя словы

    малітву закаханых

    а калі было вельмі кепска

    з галавой занураліся ў вочы насупраць

    і замыкалі іх моцна

    так моцна што не адчулі агню

    які даходзіў да веек

    да канца былі мужныя

    да канца былі верныя

    да канца былі падобныя

    як дзьве кроплі

    на краі твару

    ПАСЛАНЬНЕ ПАНА КОГІТА

    ідзі куды пашлі тыя да цёмнага краю

    па залатое руно нябыту тваю апошнюю ўзнагароду

    выпрастаны ідзі сярод тых на каленях

    тых павернутых сьпінамі і павергнутых ніцма

    ты ўратаваўся не для таго каб жыць

    у цябе мала часу а трэба сьведчыць

    будзь адважны калі здраджвае розум будзь адважны

    па апошнім рахунку толькі гэтае лічыцца

    а бясьсільны твой Гнеў хай будзе як мора

    кожнага разу як будзеш чуць голас зьняважаных бітых

    хай не пакіне цябе сястра твая Пагарда

    да баязьліўцаў шпегаў і катаў – яны перамогуць

    і на тваім пахаваньні з палёгкаю кінуць жменьку зямлі

    а караед напіша палепшаны твой жыцьцяпіс

    і не выбачай сапраўды не ў тваёй гэта ўладзе

    выбачаць ад імені тых каму здрадзілі на сьвітанку

    але сьцеражыся марнае пыхі

    глядзі ў люстэрка на свой блазанскі твар

    паўтарай: я быў пакліканы – а ці ж не было лепшых?

    сьцеражыся чэрствасьці сэрца любі ранішнюю крыніцу

    птаха зь невядомым іменем дуб зімовы

    сьвятло на муры раскошу неба

    ім непатрэбны твой цёплы подых

    яны для таго каб сказаць: ніхто цябе не суцешыць

    чуйнуй – калі сьвятло на гарах дае знак – устань і йдзі

    покуль кроў кружыць у грудзёх тваю цёмную зорку

    паўтарай чалавецтва старыя заклёны байкі й легенды

    бо так здабудзеш дабро якога ты не здабудзеш

    паўтарай вялікія словы паўтарай іх упарта

    як тыя што йшлі ў пустэльні і гінулі ў пяску

    а ўзнагародзяць цябе тым што ёсьць пад рукамі

    пугаю сьмеху забойствам на сьметніцы

    ідзі бо толькі так ты будзеш прыняты ў таварыства халодных

    чарапоў у гурт тваіх продкаў: Ралянда Гэктара Гільгамэша

    абаронцаў краіны бязь межаў і гораду попелу

    Будзь верны Ідзі

    Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч

Зьбігнеў Гэрбэрт (1924–1998), паэт і эсэіст, аўтар драматычных твораў, пісьменьнік зь вялікім даробкам, выключным мастацкім і маральным аўтарытэтам і біяграфіяй, трагічна ўплеценай у гісторыю ХХ ст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0