Фота Getty Images.

Фота Getty Images.

Следчыя кажуць, што старшы бортправаднік United Airlines два дзесяцігоддзі выдаваў сябе за хлопца з Атланты, які памёр у 1979 годзе. Урэшце ён прызнаўся федэральным агентам, што яго сапраўднае імя Рыкарда Сезар Гуэдэс і ён бразілец. У 49-гадовага мужчыны дом на возеры Х’юстан, BMW, праца, усё пад імем Уільяма Эрыксана Лэда. Як гэта стала магчымым і для чаго гэта было?

Гуэдэс паспяхова адпрацаваў у United Airlines два дзесяцігоддзі, дык як жа яго злавілі? У снежні 2020 года Гуэдэс чарговы раз падаў пашпарт на замену, і ўпершыню чыноўнікі пашпартнага стала заўважылі «розныя прыкметы махлярства», пачалося расследаванне, спачатку таемнае.

У ліпені 2021 года звязаліся з маці Лэда, якая ўпершыню даведалася, што нехта выкарыстоўвае асобу яе памерлага сына. Маці памерлага дзіцяці Дэбра Грын пацвердзіла, што яе хлопчык быў пахаваны некалькі дзесяцігоддзяў таму. І яна не магла прыгадаць, ці паспелі яму надаць нумар сацыяльнага страхавання.

Чыноўнікі кажуць, што Гуэдэс падоўжыў сваю турыстычную візу і пачаў карыстацца карткай сацыяльнага страхавання ад імя дзіцяці з Джорджыі праз 17 гадоў пасля смерці Лэда. Пасля таго ён атрымаў купу дакументаў на імя Лэда: ён шэсць раз мяняў пашпарт і нават абгрунтаваў заяўку на дазвол на жыхарства для сваёй партнёркі, паведамляе Paddle Your Own Kanoo.

Толькі калі ён нядаўна чарговы раз мяняў пашпарт, чыноўнікі насцярожыліся. Па-першае, нумар сацыяльнага страхавання быў нададзены яму ў 1996 годзе, праз 22 гады пасля нараджэння Лэда. Па-другое, існавала пасведчанне аб смерці, згодна з якім Уільям Эрыксан Лэд памёр у 1979 годзе. Дата нараджэння ў гэтым пасведчанні смерці супадала з датай нараджэння, указанай у заяве Лэда на замену пашпарта.

Дык хто ж той чалавек, які падаваў напоі і сачыў за бяспекай пасажыраў на рэйсах у Нідэрланды, Аргенціну, Бразілію, Чылі, Эквадор і Перу?

Згодна з матэрыяламі суда, адбіткі пальцаў, якія сцюард здаваў у United, адпавядалі чалавеку, які нарадзіўся ў сям’і Гуэдэс у Сан-Паўлу ў 1972 годзе.

Фатаграфіі Лэда паказалі членам сям’і ў Бразіліі. Марыя Аксіліядора Дуартэ Гуэдэс паведаміла федэральным агентам Службы дыпламатычнай бяспекі ЗША ў Бразіліі, што яна не ведае нікога па імені Уільям Эрыксан Лэд. Але ў яе быў сын у Бразіліі. А адбіткі пальцаў, якія яе сын здаваў у свой час для бразільскіх дакументаў, супадалі з адбіткамі пальцаў Лэда.

На першым допыце Гуэдэс-Лэд назваў сябе Уільямам Эрыксанам Лэдам. Чыноўнік папярэдзіў яго, што хлусня яму з’яўляецца федэральным злачынствам. Тады Гуэдэс сказаў, што нарадзіўся ў Злучаных Штатах, але быў выхаваны бацькамі-місіянерамі ў Бразіліі.

Затым чыноўнік паведаміў яму, што ва ўрада ёсць пасведчанне смерці Уільяма Эрыксана Лэда. Тады Гуэдэс змоўк.

Чыноўнік паказаў Гуэдэсу фота магілы сапраўднага Уільяма Эрыксана Лэда ў Алабаме. 

Гуэдэса арыштавалі ў аэрапорце Х’юстана (IAH). Федэральныя агенты чакалі, пакуль ён пройдзе праз кантрольна-прапускны пункт для членаў экіпажаў (яны па сваіх дакументах трапляюць у бяспечную частку аэрапорта без неабходнасці праходжання праз ахову).

Агенты кажуць, што, калі яго арыштоўвалі, ён сказаў: «Я жыў ў мроі, але цяпер канец. Зараз мяне чакае рэальнасць».

Цяпер Гуэдэс чакае суда па абвінавачванні ў крадзяжы асабістых звестак і выдаванні сябе за грамадзяніна ЗША, ілжывых паказаннях у заяўцы на пашпарт і падманным уваходзе ў бяспечную зону аэрапорта. Апошняе абвінавачанне было выстаўлена таму, што статус Рыкарда як бортправадніка ў ЗША дазваляў яму абыходзіць большасць праверак бяспекі TSA дзякуючы пазнацы «Пацверджаны член экіпажу». Справа разглядаецца ў акруговым судзе ЗША Паўднёвай акругі Тэхаса ў Х’юстане — піша Paddle Your Own Kanoo.

Фальшывую ідэнтычнасць нярэдка выкарыстоўваюць легендаваныя агенты разведак. Пакуль няма доказаў, што Гуэдэс быў адным з іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0