20:30. МУС Казахстана абвясціла, што ў пятніцу быў адбіты ўзброены напад на следчы ізалятар у Талдыкаргане ‒ буйным горадзе недалёка ад Алматы.

МУС сцвярджае, што СІЗА спрабавалі захапіць 15 чалавек на аўтамабілях, трое з іх забітыя, двое параненыя. У перастрэлцы загінуў адзін паліцэйскі.

Цяпер у СІЗА працуе следча-аператыўная група.

У Алмацінскай вобласці створаны антытэрарыстычны штаб. Улады просяць жыхароў не выходзіць з дому.

Менавіта ў Талдыкаргане быў знесены помнік Назарбаеву.

17:55. Дзяржаўнае тэлебачанне Казахстана заявіла пра магчымую «зраду ў вышэйшым кіраўніцтве краіны». КНБ хаваў інфармацыю аб створаных у гарах Казахстана трэніровачных лагерах. Пра гэта заявіў экс-дарадца Назарбаева Ермухамет Ертысбаеў.

«Нацыянальная здрада і змова заключаецца ў тым, што на працягу некалькіх гадоў, аказваецца, існавалі трэніровачныя лагеры. КНБ, які перыядычна знішчаў тую ці іншую групу, аб шматлікіх трэніровачных лагерах, створаных у гарах, маўчаў», — заявіў Ермухамет Ертысбаеў у эфіры канала «Хабар 24».

14.52. Партал ORDA.KZ, які распаўсюдзіў інфармацыю пра затрыманне Самата Абіша, сам яе абверг.

«Наша крыніца, якая паведаміла аб затрыманні пляменніка Назарбаева Самата Абіша, памылілася. Гэтая інфармацыя не пацвердзілася. Выбачайце, мы працуем у надзвычайных абставінах, і наша адзіная задача ‒ інфармаваць сваіх чытачоў. Просім зразумець», ‒ заявілі ў рэдакцыі.

14.34. СМІ: У Алматы затрымалі Самата Абіша, пляменніка Нурсултана Назарбаева. Ён быў першым намеснікам старшыні Камітэта нацыянальнай бяспекі.

Назарбаеў і яго дочкі са сваімі сем'ямі пакінулі Казахстан. У краіне застаецца толькі старэйшы брат Нурсултана ‒ Болат Назарбаеў. Таксама паведамляецца, што ўлады Казахстана перасталі выкарыстоўваць назву сталіцы краіны «Нур-Султан» у афіцыйных паведамленнях. Яны называюць горад проста «сталіцай».

Афіцыйнага пацверджання інфармацыі пакуль няма.

13.57. Алматы сёння: сілавікі перамяшчаюцца па вуліцах, страляючы ў паветра. У банкаматах зноў з'явіліся наяўныя. А з паліц крамаў прыбралі ўвесь алкаголь.

13.35. У Жанаазэне працягваецца мірны мітынг.

Пратэстоўцы вылучылі чатыры патрабаванні:

1. Змена палітычнага рэжыму.

2. Правядзенне народных выбараў у акімы кожнай вобласці і горада.

3. Вяртанне Канстытуцыі 1993 года.

4. Не пераследваць грамадзянскіх актывістаў.

У горадзе фармуецца рада аксакалаў, паведамляе Orda.kz.

12:54. «Белавія» плануе аднавіць рэйсы ў Нур-Султан з 7 студзеня.

Як гаворыцца ў паведамленні на сайце кампаніі, рэгулярныя рэйсы ў Казахстан будуць выконваць «толькі па ўзгадненні з Дэпартаментам па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь і толькі пры безумоўным забеспячэнні бяспекі палётаў».

Цяпер адменены рэйсы Мінск-Алматы-Мінск да 9 студзеня. У Нур-Султан авіязносіны вырашылі аднавіць, разумеючы іх «важнасць у бягучай сітуацыі», а таксама неабходнасць даць «магчымасць грамадзянам Рэспублікі Беларусь і іншых краін, якія знаходзяцца ў Казахстане, вылецець на радзіму».

«Белавія» адмяніла ўсе рэйсы ў Казахстан 5 студзеня ў сувязі з неспрыяльным становішчам у Рэспубліцы Казахстан.

12:13. Мінабароны Расіі заявіла, што расійскія вайскоўцы «дапамаглі казахстанскім сілавікам» узяць пад поўны кантроль аэрапорт Алматы.

Кантроль над аэрапортам — ключавы фактар для магчымасці хуткага перакідвання войскаў.

Акупацыя Чэхаславакіі ў 1968 пачалася з захопу аэрапорта Прагі, а аперацыя ў Афганістане ў 1979 разгортвалася з авіябазы Баграм.

Падчас хаатычных падзей 5 студзеня праціўнікі ўлады на нейкі час занялі аэрапорт Алматы і спынілі яго функцыянаванне. 6 студзеня ў горадзе адбываліся спарадычныя перастрэлкі пры барацьбе за некаторыя ключавыя аб'екты інфраструктуры і месцы захоўвання зброі. Удзельнікам пратэстаў удалося захапіць зброю ў сілавікоў на вуліцах горада, у крамах зброі і ва ўпраўлення Камітэта нацыянальнай бяспекі, але, як выглядае, іх сілы былі замалыя, каб узяць пад кантроль увесь мільённы горад ці стварыць лінію абароны вакол яго.

Пакуль няясна, ці ёсць у праціўнікаў улады Казахстана цэнтралізаванае камандаванне.

12:05. Прэзідэнт Казахстана выступіў з тэлезваротам. 

Ён заявіў, што даў загад адкрываць агонь на паражэнне, і адзначыў, што ўлады Казахстана не маюць намеру весці перамовы з тэрарыстамі: тэрарыстаў, бандытаў трэба знішчаць, і гэта будзе зроблена ў бліжэйшы час.

Паводле Такаева, дзяржава «праспала» напад тэрарыстаў. Баевікі не склалі зброю, працягваюць здзяйсняць злачынствы або рыхтуюцца да іх. Хто з не здасца, будзе знішчаны.

Толькі ў Алматы, сцвярджае Такаеў, было 20 тысяч тэрарыстаў.

У тым, што адбываецца, вінаватыя не толькі бандыты, але і «гараактывісты і праваабаронцы», а таксама «свабодныя сродкі масавай інфармацыі і забугорныя дзеячы».

Прэзідэнт Казахстана распавёў аб рашэнні ўключыць інтэрнэт у пэўных рэгіёнах Казахстана.

Рэжым надзвычайнага становішча будзе паэтапна зняты там, дзе сітуацыя нармалізавалася.

Такаеў падзякаваў кіраўнікам краін АДКБ за аказаную падтрымку.

11:55. Сілы АДКБ у Казахстане ўзначаліў генерал-палкоўнік Андрэй Мікалаевіч Сердзюкоў, камандуючы Паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі.

Ëн браў удзел у першай і другой аперацыях па «аднаўленні канстытуцыйнага ладу ў Чачні», а з красавіка па верасень 2019 камандаваў расійскім кантынгентам у Сірыі.

11:25. Нягледзячы на пратэсты, Кыргызстан адправіць вайскоўцаў у складзе АДКБ у Казахстан. Парламент краіны дазволіў гэта. 69 парламентарыяў прагаласавалі за адпраўку войскаў, супраць выступілі 7 дэпутатаў.

Акцыя пратэсту супраць адпраўкі міратворцаў з Кыргызстана ў Казахстан. Фота: orda_kz / Telegram

Гэта было другое галасаванне. Падчас першага не было патрэбных 61 галасоў. У выніку галасаванне не залічылі.

Кыргызстан накіруе ў суседнюю краіну 150 чалавек, 8 адзінак бранятэхнікі і 11 машын. Улады Кыргызстана запэўніваюць, што вайскоўцы будуць займацца аховай стратэгічных аб'ектаў, а не разгонам пратэстоўцаў.

10:00. МУС Казахстана паведаміла, што за ноч у Алматы былі забітыя 26 пратэстоўцаў, 18 — параненыя. Сярод сілавікоў — 18 забітых. Тры тысячы пратэстоўцаў затрыманыя.

У краіне ўведзены чырвоны ўзровень тэрарыстычнай небяспекі. Ва ўсіх рэгіёнах краіны ўведзены рэжым антытэрарыстычнай аперацыі. У гэтых умовах сілавікам дазволена даглядаць мінакоў і пранікаць у любыя памяшканні, забараняць рух транспарту.

У той жа час сведкі паведамляюць, што на вуліцах Алматы чуваць перастрэлка. 

Войскі АДКБ прыступілі да выканання сваіх задачаў. Улады сцвярджаюць, што яны будуць найперш задзейнічаныя ў ахове дзяржаўных будынкаў і стратэгічных аб’ектаў. Аднак у міратворцаў АДКБ ёсць права ўжываць зброю ў Казахстане ў выпадку нападу ўзброеных бандаў, паведаміў генсек арганізацыі.

Інтэрнэт па-ранейшаму ў краіне працуе нестабільна. 

Абнаўляецца.

«Стары, сыходзь!» Расказваем пра культ асобы Назарбаева, супраць якога паўсталі казахі

Эксперт Лебядок пра адпраўку войск АДКБ у Казахстан: Беларусь можа ўвязацца ў вайну 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру