Паглядзела відэа, клапатліва размешчанае МУС: Дзмітрый Дудойць, прыгожы малады хлопец, прыгае з моста. Глядзела не з хваравітай цікавасці, а з любові і павагі да яго, да яго адчайнага бежанства.

Усё адно шукаеш унутры нейкага апраўдання гэтаму ўсяму: дзеля чаго гэта ўсё мы трываем, дзеля чаго гэтыя ахвяры, шчэ і свядомыя, смерці, свядома прынятыя, якая такая высокая мэта можа даць моцы ўсё гэта прыняць і перажыць?

Ці проста было б прыняць мне, напрыклад, калі б я была казашкай, дзясяткі (а можа ўжо і сотні) застрэленых цяпер у Казахстане толькі дзеля таго, каб адзін аўтакрат змяніў другога, каб адзін клан змяніў другі, ну і каб, госпадзе божа мой, у якасці саступкі кошты на вадкі газ засталіся б на тым самым узроўні?

Я ўнутры сябе магу прыняць цану, якую мы плацім, толькі ў адным выпадку: калі змены, да якіх мы ідзем, будуць сістэмнымі і каштоўнаснымі. Калі зменіцца не адзін чалавек на іншага, а калі зменіцца свет, калі зменяцца людзі. Мне было б страшна аддаваць любога, знаёмага ці незнаёмага, проста за змену ўлады — улада таго не вартая. Больш за тое. Хворае грамадства не можа нарадзіць здаровую ўладу, ніякім чынам.

Можна зразумець нашыя рэакцыі, то на карцінкі з Кіргізіі, то на ўчорашнія карцінкі з Алматы: эх, малайцы, уау, крута, оба-на, скінулі помнік. І сотні забітых. Варта гэта таго помніка?

Хацелі мы таго ці не хацелі (я — хацела, ад таго мне таксама прасцей прымаць рэчаіснасць), але мы насамрэч ідзем не рэвалюцыйным, а эвалюцыйным шляхам. Ну так, гэты ягоны адрэзак у нас вельмі хуткі (паўтаруся — ён вельмі хуткі!). Але гэта не змена ўлады ці рэжыму. Гэта змена каштоўнасных сістэм унутры грамадства. Унутры кожнага з нас.

Я крыху збочу на адзін прыклад. Ён проста зараз у мяне пад рукой — з раніцы абмяркоўвалі ў школе на лакальным педсавеце. Як прывучыць дзяцей да дэдлайнаў? Каб усё рабілі ў тэрмін? Ёсць вельмі просты спосаб: адзнакі. Не здаў своечасова — нуль. Не здаў — нуль. Не здаў — нуль. Усё вельмі справядліва і зразумела.

Але я так не ўмею, маючы іншы характар і іншыя мэты адносна гэтых дзяцей. Я хачу, каб яны выконвалі дэдлайны не таму, што нуль. А таму, што дэдлайны трэба выконваць. З павагі да настаўніка, з разумення часу, з арганізаванасці, з чаго заўгодна, але толькі не са страху. Усе мае калегі — і я, канешне — разумеюць: такое выхоўваецца не за год і не за два. Простыя дэдлайны! Усяго толькі. Папярэдніх сваіх выпускнікоў я вучыла гэтаму пяць год.

Я для нас бачу адзін толькі годны, прыгожы шлях: мяняцца самім і мяняць наваколле, выхоўваць дзяцей і не памнажаць зла. Мы мусім стварыць грамадства, якое можа нарадзіць нармальную дзяржаву.

Мы ўжо фактычна стварылі яго. Адукацыя, выхаванне, асвета, салідарнасць, актыўнае дабро. Гэта з таго, што я магу публічна пералічыць. Астатняе ўжо не будзем, але не забываемся.

Мы мусім вывучыць на сваіх спінах, на спінах сваіх блізкіх: закон ёсць закон, канстытуцыя — не проста кніжка, свабода — гэта адказнасць, выбар — гэта даросласць.

І яшчэ: гвалт — гэта слабасць.

І яшчэ: нічога не дарэмна. Ніводзін з гэтых прыгожых, навечна жывых людзей не загінуў проста за тое, каб хтосьці паваліў пусты помнік. Іх жыцці каштуюць значна, значна, значна даражэй. То давайце не будзем іх разменьваць на нейкую бздурычаскую мару кшталту «перамогі за адну ноч». Такіх не бывае.

«Усё гэта скончыцца, а новае пачнецца. Так бывае заўсёды». Ганна Севярынец пра тое, як перажыць гэтыя цяжкія часы

Ганна Севярынец: Гэта пратэст супраць зла, калі ён бывае дарэмным?

Перад настаўнікам паўстае маральны выбар: альбо ён прытрымліваецца гістарычнай праўды, альбо плюе на любую праўду — Ганна Севярынец пра новыя падручнікі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0