«29.12.2021 № 345 СІЗА № 2

Пішу табе з новага адраса, хаця ён, спадзяюся, таксама ненадоўга. Паспрабую расказаць у агульных рысах свае ўражаньні ад паездкі. Тэзісна, абрыўкамі думак.

1. Зіма для некаторых народаў заўсёды прыходзіць нечакана. Вось і я — рыхтаваўся легчы спаць. А раптам выявіў сябе, які носіцца ў замкнёнай прасторы і думае, а чаго б яшчэ ўзяць, а лепш выкінуць.

2. І ўсё ж пачуццё, што зіма — блізка, было. Яно і нядзіўна: ) Апошнія тыдні тры я займаўся тым, што робіць сабака, калі рабіць няма чаго. Толькі не фарбаваў будку, а перабіраў увесь свой назапашаны скарб і расцягваў яго па файліках, пакуначках, мяшэчках, торбачках. Пакаваў, высмоктваў паветра, уклаўся ў дзве вялізныя торбы, але чаго мне гэта каштавала!

Цяпер у мяне 4 торбы замест 2, а мае пажыткі ўяўляюць захапляльны puzzle. Цяпер доўгімі зімовымі вечарамі я буду аддзяляць (як Папялушок) «Што? Дзе? Калі? ад ёгі і Пола Брэдлі, лісты ад малявання, анекдоты ад паштовак, карціны ад карцінак.

Цудоўны хаос і магчымасць перасягнуць подзвіг Геракла ў Аўгіевых стайнях. Праўда, у яго там ваду можна было пусціць, а тут усё ж давядзецца зноў усё перабраць і разабраць. Зрэшты, час, мусіць, у мяне будзе.

3. Выкрэслівай са спісу кніг (спіс не дайшоў) і «Арэну» і «Пробы» - на жаль, не паспеў. Паставіў кропку па ўчорашнім лісце і панеслася. За сёння прачытаў выдадзеную са складу «Пашто ідзеш воўча» — вельмі спадабалася. Такі Мележ у экспрэс-варыянце — стагоддзе жыцця людзей на балоце за сотню старонак. Ёсць і магія, і наша няшчасная гісторыя ва ўсёй красе — куды ўжо без яе.

Увогуле, я сёння не сумаваў у тыя моманты, якія былі адведзены для сумавання. Але стаміўся даволі моцна: усё ж падарожжа ў спецыяльным СВ вагоне спецыфічнае, нават калі ў цябе асобнае купэ. А забег з чатырма торбамі, калі ты крыху скавана сябе адчуваеш (і нездарма) — гэта ўжо зусім займальны фітнэс. Затое звычайным пасажырам нават дарагога СВ-вагона ніколі так блізка не падавалі аўтамабіляў да цягніка. Амаль трап да трапа — узровень!

4. Яшчэ з уражанняў дня — я ўпершыню за вельмі доўгі час трапіў у месца, якое было пабудавана пазней за 1826 год. Таму ўсе плюсы афармлення я ўспрымаю як адкрыццё. А пасля абеду прасіў перадаць шэф-кухару кампліменты. Зрэшты, мая хата больш родная і мілая (родны кут).

5. Цікава, што ўчора быў роўна год, як я пераехаў у № 58 на «Валадарцы». І пацешна, што народ прапанаваў «адзначыць» і мы адзначылі з пажаданнямі. І тут я — хобана — сеў і паехаў. Зручна атрымалася!

6. Добра, закругляюся, напішу калі-небудзь, хоць відавочна, што месяц-другі лісты мяне, хутчэй за ўсё, не знойдуць: я буду перасоўвацца хутчэй за іх. На бягучы момант лік 5789:7191. Адгадай, на чыю карысць?: )

ПС: Суседзі распавялі, што сядзім у Кацярынінскіх стайнях. Вось табе раз! Атрымліваецца, што «Валадарка» — новабуд? А я тут табе пішу, што ў новы заехаў: ) Іго-го!

Да! Абдымаю! 29.12.2021 Максім Знак».

***

Юрыста штаба Віктара Бабарыкі Максіма Знака затрымалі 9 верасня 2020 года. 6 верасня 2021 года ён быў асуджаны на 10 гадоў калоніі за «заклікі пашкодзіць бяспецы Рэспублікі Беларусь», «змову з мэтай захопу ўлады» і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання». Разам з ім асудзілі Марыю Калеснікаву на 11 гадоў зняволення.

Максіма Знака адправілі ў калонію

Максім Знак пра папраўкі: У сталінскія рэпрэсіі ў СССР дзейнічала самая прагрэсіўная ў свеце Канстытуцыя

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру