«Доктар сказаў, што я нарадзілася ў кашулі». Беларуска перамагла алкагалізм, рак і адкрыла бізнэс у ЗША
Кацярыне 43 гады, па адукацыі яна юрыст. Жанчына нарадзілася і вырасла ў Беларусі, але ў 36 гадоў яна з’ехала ў Нью-Ёрк, дзе перамагла алкагольную залежнасць і рак, і змагла наладзіць сваю справу. Жанчына расказала «Нашай Ніве» пра выпрабаванні, якія перад ёй ставіла жыццё, і пра тое, як яна змагалася з найцяжэйшымі захворваннямі.
Фота тут і далей з уласнага архіва гераіні публікацыі
«Мне трэба было пачынаць жыць зноў, калі з мяне нібы здзёрлі скуру».
«Я выйшла замуж дастаткова рана — у 22 гады, — успамінае жанчына. — Сустракацца, а потым і жыць разам, мы з былым мужам пачалі, калі мне было 17. Мы былі разам каля 12 год, улічваючы і перыяд спатканняў. У 2001 годзе у нас нарадзілася дачка. Але так склалася, што развяліся. Мне на той момант было амаль 29, а дачцэ пяць».
Канкрэтныя прычыны разводу Кацярына не называе, але кажа, што іх было дастаткова і яны былі важкія. Адна з іх — сямейны гвалт.
«Я доўга не хацела разводзіцца з-за дзіцяці. Як і большасць жанчын, мусіць, на постсавецкай прасторы. Цяпер разумею, што нельга цярпець дзеля дзяцей. Гэта дакладна. Жанчыны, якія падвяргаюцца гвалту, не могуць выхоўваць псіхалагічна здаровае дзіця», — кажа яна.
Па словах Кацярыны, развод яна перажывала вельмі цяжка. Спатрэбілася каля трох гадоў, каб крыху адаптавацца да іншага жыцця. Жанчына пачала выпіваць.
«Сітуацыя з разводам падкасіла і псіхалагічна зламала. Я не ведала, як жыць, на мне была адказнасць за дзіця і мне было страшна. Трэба было пачынаць жыць зноў, калі з мяне садралі скуру. Такія эмоцыі і пачуцці ў мяне тады былі. Было вельмі страшна, але магу сказаць, што разам з ім было пачуццё неймавернай свабоды», — кажа яна.
Іншае жыццё пачалося з таго, што дачка Кацярыны пайшла ў першы клас, а сама жанчына вырашыла сысці з юрыспрудэнцыі. Працу па спецыяльнасці яна не магла знайсці, таму вырашыла пайсці на курсы па манікюры.
«Я хавала бутэлькі ў шафах»
Разам з новым жыццём у гэты самы перыяд у жанчыны пачаў сур’ёзна прагрэсаваць алкагалізм. Гэтае захворванне потым радыкальна змяніла жыццё Кацярыны.
«Я нарадзілася алкаголікам, — лічыць яна. — Гэта было непазбежна з-за генетычнай схільнасці. Мой бацька памёр у 40 год ад алкаголю ў ноч на Новы год, мой дзядуля таксама алкаголік. І я думаю, што ў мяне была схільнасць. Ды і першую сваю стопку я выпіла ў 15 год, калі дзядуля гнаў самагонку. Тады піць было нормай.
Алкагалізм — гэта душэўная хвароба, ментальная. На жаль, медыцына тут бяссільная. Я ранімы і мяккі чалавек, якому на той момант было цяжка спраўляцца з тымі выклікамі, якія мне падавала жыццё. Алкаголь дапамагаў заглушыць і адысці ад праблем, як здавалася мне тады. Вядома, праблемаў рабілася больш і больш.
Тады я не разумела, што адбываецца. Не прызнавала, што я алкаголік. Я толькі пачынала каціцца ўніз, можна сказаць, што гэта быў пачатак канца. У нейкі момант я ўжо не магла абыходзіцца без спіртнога. Ужывала кожны дзень. Была фізічная цяга.
Я старанна спрабавала гэта ўсё хаваць ад дзіцяці. Хавала бутэлькі ў адзежных шафах. Падман, хлусня для сябе самой і навакольных. Так я жыла вельмі доўгі час. Зарабляць мне станавілася ўсё складаней і складаней, ды і не было жадання, было сталае адчуванне безвыходнасці. У такой агоніі я спрабавала жыць.
Часта выклікала сабе на дом хуткую дапамогу, яны мне ставілі кропельніцы і выводзілі з запояў. Праходзіла пару дзён — і ўсё зноў вярталася. Гэта было замкнёнае кола, я не магла спыніцца. Да нарколага я не звярталася, бо быў моцны страх асуджэння. На жаль, у нас, савецкіх людзей, пачуццё сораму ўвабранае з малаком маці».
«Мне патрэбны быў пастаянны допінг. Дайшло да таго, што я стала піць на працоўным месцы»
Праз сем год п'янства Кацярыны яе дачка не вытрымала і пайшла жыць да бацькі. На той момант дачцэ было 13. Жанчына называе той дзень самым страшным у жыцці: з гэтага моманту яна стала піць яшчэ мацней.
«Я чакала, што вернецца, але яна не вярнулася, — расказвае Кацярына. — Праз некалькі месяцаў я стала думаць пра ад'езд: мая маці жыла ў ЗША ўжо каля 25 гадоў. Адзінае, што мяне трымала ў Беларусі — мая дачка, але я адчувала, што ёй не патрэбная».
Так перад Калядамі 2014 года жанчына купіла білет на самалёт і адправілася ў ЗША да сваёй маці. Спачатку думалася, што проста адпачыць і ўбачыць іншую карцінку. Але потым беларуска змагла легалізавацца там і знайшла працу.
«Уладкавалася менеджарам у падатковы офіс. Спачатку зарабляла 10 даляраў за гадзіну, а потым мяне павысіліі, аплата вырасла да 20 даляраў, — расказвае жанчына. — Я ўцягнулася, мне спадабалася зарабляць. Але алкаголь нікуды не знік. Мне патрэбны быў пастаянны допінг. Дайшло да таго, што я стала піць на працоўным месцы».
Пераломным момантам для Кацярыны сталі сур'ёзныя запоі з «блэкаутамі». Гэта яе моцна спалохала.
«Я не памятала, дзе я была і што рабіла. У такім стане можна было шмат чаго нарабіць, але ў той самы час я разумела, што не магу без алкаголю, — успамінае жанчына. — Мая маці прапанавала мне пайсці ў аддзяленне дэтаксікацыі. Пасля адзінаццаці дзён у гэтым аддзяленні мяне адправілі ў рэабілітацыйны цэнтр, дзе аказвалі дапамогу алкаголікам і наркаманам. Я там была 28 дзён. Пасля мяне выпісалі, і пасля гэтага я стала наведваць групы ананімных алкаголікаў».
Жанчыне параілі кожны дзень хадзіць на сустрэчы ананімных алкаголікаў на працягу 90 дзён. Праз тры месяцы ў яе знікла фізічная цяга да алкаголю і з’явілася надзея.
«Пасля гэтага стала хадзіць тры разы на тыдзень. Мне было сорамна з маім менталітэтам, але я пайшла, бо сама не магла справіцца з гэтым. Вынік я адчула адразу. Калі прыйшла ў групу, адчула, якія там добрыя людзі», — кажа яна.
Але на гэтым выпрабаванні яе не скончыліся…
«Доктар сказаў, што я павінна была б прыйсці да яго праз год з апошняй стадыяй»
На пачатку студзеня 2017 года ў Кацярыны знайшлі рак малочнай залозы. Аднойчы ранкам яна як звычайна збіралася на працу і варыла сабе каву. І тут адчула боль злева каля грудзей
«Паклала на гэтае месца правую руку, а пад рукой стала нешта надзімацца — гэта і была пухліна, — расказвае жанчына. — Яна была з курынае яйка. Я спужалася і паімчалася да доктара. Доктар патлумачыў, што пухліна расла хутка і націснула на сасуд, ён разарваўся і таму было балюча. А наогул рак не баліць.
Для мяне гэта быў прысуд. Стала страшна, і я сарвалася. Гэта быў мой апошні моцны запой, з таго моманту вось ужо пяць год я цвярозая».
Высветлілася, што форма раку, на які захварэла беларуска, досыць агрэсіўная. Ён паспеў пайсці ў лімфавузлы. 11 студзеня 2017 года, акрамя пухліны, ёй выдалілі і лімфавузел. Потым у красавіку Кацярыне правялі 33 сеансы апраменьвання. І гэта дапамагло. І вось ужо пяць год раз на паўгода яна наведвае анколагаў і мамолага. Пакуль сітуацыя добрая.
«Доктар сказаў, што я нарадзілася ў кашулі, па ідэі, я павінна была б прыйсці да яго праз год з апошняй стадыяй, але хвароба адступіла», — кажа яна.
Пакуль Кацярына інтэнсіўна лячылася, яна пісала лісты сваёй дачцэ, але не адпраўляла іх. Так спраўлялася са страхам.
«Лісты з усім маім болем, пачуццямі. Але я іх ніколі не адпраўлю, бо гэта ўжо прайшло, — лічыць яна. — Магу сказаць, што мяне ратавала вера ў бога. Хадзіла на споведзь, расказала ўсе свае грахі, якія рабіла ў жыцці. Але веры без дзеянняў не бывае. Калі вам вельмі дрэнна, паспрабуйце пайсці на вуліцу і камусьці проста дапамагчы. Гэта практычнае дзеянне, якое дапамагае».
«Пакуль у нас толькі адна машына. Вельмі хачу купіць некалькі і потым наняць кіроўцаў»
Яшчэ на групе ананімных алкаголікаў Кацярына пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які яе вельмі падтрымліваў падчас хваробы.
«Ён старэйшы за мяне на 12 год, рускі ізраільцянін, не п’е ўжо шэсць год, — расказвае жанчына. — І ён быў побач, пакуль я хварэла. Вазіў на працу пасля хіміятэрапіі, дапамагаў».
Пасля таго, як жанчына перамагла алкагалізм і рак, яна вырашыла, што хоча адкрыць свой бізнэс. І пачала займацца грузаперавозкамі. Цяпер разам з мужам яна ездзіць за рулём вялікай фуры па Амерыцы. Кажа, што гэта ўжо стала яе ладам жыцця.
«Ідэя бізнэсу з’явілася, дарэчы, на групах ананімных алкаголікаў. Там шмат людзей, якія займаюцца перавозкамі, — расказвае яна. — Яны падказалі, і мы зацікавіліся. Вырашылі адкрыць сваю кампанію. Але тут здарылася пандэмія, якая для многіх была разбуральнай, а для нас аказалася добрым стартам. У той момант амерыканскі ўрад выдзеліў малым бізнэсам сродкі на падтрымку. І ў нас сабралася добрая сума. Мы купілі адзін трак, ён каштаваў 125 тысяч даляраў. Адразу вырашылі, што будзем займацца перавозкамі, таму што Амерыка перасоўваецца на колах».
Па словах жанчыны, у ЗША адкрыць бізнэс вельмі проста, калі ёсць стартавы капітал.
«Рэгістрацыя займае два дні. Пакет дакументаў, якія патрэбныя, вельмі просты — правы кіроўцы, грынкарта, аплата за паслугу ў бухгалтарскай фірме, — расказвае жанчына. — Адкрыць кампанію каштуе 300-400 даляраў. І складанасцяў увогуле ніякіх няма, краіна вельмі зацікаўленая ў адкрыцці малога бізнэсу. Проста трэба плаціць падаткі. Падатак складае 8% ад прыбытку, які трэба аплачваць раз на год. За адзін рэйс у залежнасці ад адлегласці і самога рэйса, удаецца зарабіць у раёне 13-15 тысяч даляраў. Пакуль у нас толькі адна машына. Вельмі хачу купіць некалькі і потым наняць кіроўцаў».
***
Кацярына паступова наладжвае ўзаемаадносіны з дачкой. Хоць, канечне, усё ідзе досыць няпроста.
«Сёлета пасля сямі гадоў, мяне двойчы назвала мамай. Я дачакалася! Хай сухія зносіны, але яны ёсць, — радуецца яна. — Цяпер я атрымліваю асалоду ад жыцця. Шчасце — гэта працэс, таму жыву ў гэтым працэсе».
-
«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць
-
Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром
-
У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам
Каментары